- Пацук ты лінейны! З кім раўняешся. Я стрэлачнік, а ты? Хто ты, я цябе пытаю? Ключ ты гаечны... Я стрэлачнік, у мяне спецыяльнасць: на стрэлку, дык на стрэлку, на счэпку - айда на счэпку. Захачу ў... захачу... адным словам, куды ні захачу - калі ласка, Астап Гаўрылавіч, наша вам пашана... А ты чаго варт, хіба рэйкі пільнаваць, толькі ад каго?
- Ну, ну, годзе... бач, разышоўся, спецыяльшчык які, - умешваюцца рамонтныя, гатовыя заўсёды гарой пастаяць за свайго брата - лінейнага чалавека.
Астап Гаўрылавіч чмыхае носам і, пакрыўджаны, злазіць з паравоза. І чутна, як ён ідзе да стрэлак, мармычучы сабе пад нос:
- Як жа, вадзі тут з імі кампанію, ці ж яны разумеюць што...
На хвіліну на паравозе апаноўвае ўсіх прыкрае маўчанне, і, каб разагнаць яго, усе круцяць цыгаркі. Андрэй корпаецца ў топцы, дастае вугаль, кідае яго з далоні на далонь, здзьмухвае попел, і ўсе прыкурваюць.
- Бач, гарачы, - устаўляе нехта слова.
І не пазнаць, ці гэта аб стрэлачніку, ці аб вугалі.
Прыкурваюць і маўчаць, ды паглядаюць, як мітусяцца на праржаўленых паравозных сценках мяккія водбліскі ад цыгарак. А за паравозам ціхая ноч, дзесьці там, каля штабеля шпал, стракоча цвыркун, над лініяй водар ад палыну і мазуту. І пахне яшчэ перагарам вугалю і газавым курывам. А там, дзе мігціць сваім вокам чарнакрылы ўначы семафор, блішчаць пад месяцам рэйкі-істужкі. На іх любіць глядзець Андрэй, і заўсёды, калі пазірае, на сэрца кладзецца лёгкі невыразны смутак. На момант, на мінуту сэрца нібы памкнецца ўперад, нібы хоча дагнаць, выперадзіць гэтыя светлыя рэйкі, гэтыя нязмерныя дарогі чалавечыя. Але толькі на момант. Сэрца не скочыць, яно старое, яно пракурана агнём і мазутам, яно праржаўлена, як праржаўлены стары паравоз. Таму на сэрцы толькі ціхі сум - аб дарогах пройдзеных, аб пуцях пераезджаных. І схіляецца галава, і коцяцца думкі-словы ў начную цемрадзь, дзе пахне палыном і мазутам, дзе пах вугалю і дыму.
- Так вось заўсёды мы... За дробязь, за глупства - у сварку. А ты б падумаў вось часам. Ты, скажам, стрэлачнік, на стрэлцы стаіш, пільнуеш рэйкі свае... Ты рамонтны - табе рэйкі і шпалы... Ты лінейны: і твой клопат - кастылі ды гайкі і зноў жа рэйкі... Я машыніст - па рэйках хаджу, з іх не зварочваю. І выходзіць - усе мы паны аднолькавыя, усе мы па рэйках ходзім, жывём на іх... без іх не можам, і памерці нам каля рэйкі давядзецца, а мо і на рэйках... Што я - няпраўду кажу? Не, браткі... Навошта ж гэтыя сваркі...
Дзесьці далёка-далёка, ледзь чутна прагудзеў паравоз.
- Мусіць, Каўтун едзе на сваім шчукінскім. Яго паравоза голас за дваццаць вёрст чуваць, не мая «кукушка»... А што Каўтун - даездзіцца і да майго: стары ўжо, ды на сэрцы гарачы, не шкадуе паравозаў, толькі ведае: паддай пары, паддай. А так і да бяды можна хутка. А чаму не шкадуе? За сына помсту мае, за сына злуе на машыну. А з сынам яго, бач, такая гісторыя выйшла. Даўно ўжо, яшчэ да таго, як качагарыў у мяне Іван - счэпшчык наш, - вадзіў я паравозы з Каўтуновым сынам, Петрусём звалі. Качагар быў адменны. Малады, здаровы, рукі што тыя качэргі жалезныя, пару наганяў умомант. Дый не толькі пару - усю машыну яму даручыць было можна, таму меў хлапец здольнасць на ўсё і дасціпнасць. І выйшаў бы з яго машыніст на славу. Ды лёс, браткі, - ад яго не ўцячэш. І на рэйках наш лёс, усю дарогу так і бяжыць за табою па рэйках, адстаць баіцца.
Увосень справа была. Вялі мы ноччу цягнік з Петрусём. Даўгі цягнік быў і гружаны. Памятаю, жартаваў з Петрусём я, кпіў над ім - ці хутка на вяселле пакліча і чаму так марудзіць. А прызнацца, добрая дзяўчына была ў яго - слесара Рыгора дачка. Не дзяўчына - любасць адна. Асабліва ж каса па калені, а вочы, як агні на далёкай лініі, клічуць цябе, вабяць - пад'едзь бліжэй, падыдзі, падзівіся. А калі думаў я пра іх, пра Петруся, значыцца, і пра яго каханку, дык ведаеце - ног не чуў пад сабой, і так лёгка было весці паравоз тады, падганяць яго, пускаць уперагонку з ветрам спадарожным.
Дык вось, ехалі мы. Ішлі з адхілу. Паравоз пусцілі ваўсю, таму пад'ём уперадзе ды закругленне - трэба разагнаць машыну як след. Пятрусь падкідаў вуголле ў топку, каб паравоз не астыў часам. Я стаяў ля акенца, углядаючыся ў цемрадзь ночы, якая ляцела насустрач нам, глытаючы паравозныя іскры, кідаючы на святло ліхтароў матылёў начных і казюлек.
Пятрусь падкідаў вуголле і ціха ўголас напяваў нейкую песню. Якая - не памятаю, дый справа не ў словах, а ў песні. А ад песні заўсёды сум на сэрцы і жаль, мо аб тым, што жонка далёка, мо аб тым, што маладосць праляцела калісьці без пуцёвак і станцый. А Пятрусь малады, маладая і каханка. Чаму ж не пазайздросціць чужому шчасцю, асабліва калі гэтае шчасце на парог ляціць.
Але шчасце шчасцем, а закруглення ў пуці не мінеш. І ўспомніў я, што пясочніцы ў мяне не спраўны, а закругленне вялікае, а пад'ём круты. Трэба праверыць. Выйшаў я з будкі ўперад на пляцоўку. Цёмна там, хоць вока выкалі. А вецер напірае на грудзі, надзімае кашулю, бы ветразь той, нібы хоча ўзняць цябе, перакінуць цераз дрыжачыя парэнчыны. І толькі ступіў я крок, а мо і два, як раптам нібы падхапіў мяне хто пад рукі і кінуў ўперад. Колькі ляцеў я - не памятаю. А калі ачухаўся і расплюшчыў вочы, убачыў я, што ляжу на броўцы. Паспрабаваў узняцца, але так кальнула ў назе, што ледзь не страціў прытомнасць. Нага была пераломлена. Ледзь-ледзь злаўчыўшыся, зірнуў я назад - аж уваччу пацямнела: ляжыць паравоз мой, прыкленчыўшы на пярэднія калёсы, тэндэр убок схіліўся і сплюшчыўся ў блін, а за тэндэрам груда вагонаў, адзін над адным, адзін ледзь ліпіць, стаўшы старчма над самым тэндэрам. А іншыя - у трэскі, адны рабрыны тырчаць пагнутыя.
«З чаго б гэта сталася?» - падумаў я.
Няйначай рэйка лопнула, але дзе разбярэшся тут, калі ўсё змешана ў кашу: і рэйкі, і шпалы.
Узялі мяне пасля ў бальніцу, быў ужо непрытомны. І толькі на другі дзень успомніў я аб Петрусю: дзе ён і што з ім. Наведвалі таварышы, у якіх распытваў, але кажуць: не бачылі і не чулі. І толькі на трэці дзень знайшлі майго качагара ў топцы. Адны косці засталіся, дый тыя парассыпаліся, калі выцягнулі яго з прадчаснай магілы. Як падкідваў ён вуголле, так і шугануў у топку, калі паравоз зарыў зямлю носам.
Андрэй маўчыць, схіліўшы галаву, зацягваецца акуркам, які ледзь не прысмылеў да губы, сплёўвае яго і затоптвае нагой.
- А вы вось кажаце... Такі лёс, каму як... Ці думаў, ці гадаў Пятрусь пра гэта. І што б са мной было, калі б не пясочніцы гэтыя самыя. І трэба ж было час выбраць.
- А многа вы, мусіць, дзядзька Андрэй, і людзей парэзалі на сваім вяку? - пытае малады рамонтны, як відаць, з навічкоў.
- Дурных машына парэзала, а не я...
Андрэй, як і кожны машыніст, не любіць гаварыць аб сваіх ахвярах, не прынята, дый нашто: сябе ганьбаваць, сказаць аб сваім недаглядзе. Не, пра гэта Андрэй расказваць не будзе.
- Папытайцеся ў паравозаў, яны лепей ведаюць. А мне што... зачым жа гэта людзей рэзаць. Я вось вылечыў некаторых... дык гэта іншая справа.
- Як гэта, вылечыў?
- А вось і вылечыў... І не чым іншым, як паравозам. Рамонтніка Саўку ведаеце? Кульгавага. Ну, дык вось... Быў ён калісьці кульгавы крыху, садануў, мусіць, молатам па калену, а мо кастылём. Ну і кульгаў. Не тое каб занадта, а ўсё ж кульгавы, так і празвалі ўжо: Саўка Кульгавы. Добра. Еду я раз з пасажырскім, пад'язджаю да стрэлак. Усё як след, і стрэлачнік, бачу, на месцы, лінія вольная, нават дзяжурнага ўбачыў здалёк, выйшаў і ён жазло прымаць. Потым зірк гэта я бліжэй - і што ж вы сабе думаеце: перад самымі буферамі чалавек мільгануўся, цераз крыжавіну скочыў. У мяне ж у думках маланкай: «Царства яму нябеснае... дай Божа хоць без пакут...» А сам за рэгулятар, качагар за тормаз. Сталі, з паравоза злезлі. Глядзім, ляжыць наш чалавек цалюсенькі, белы толькі, як дыска тая, і не варушыцца. Стукнула яго крыху білам, ды ў самую тую нагу кульгавую. Стукнула і адкінула. Ён сабе і ляжыць. Ну, мы хуценька яго пад кран, ды вадой, а там на паравоз, ды на станцыю, ды ў пакой прыймовы... Здалі і паехалі сабе. А праз месяц сустракаю яго, гэтага Саўку, значыцца, на змене шпал. Ехаў я прыцішаным ходам, і гляджу, кланяецца мне чалавек ды ўсміхаецца яшчэ.
- Здароў, - кажа, - дзядзька Андрэй, вялікае табе дзякуй за нагу маю пакалечаную, цяпер, бач, як з кузні, не крывіцца, не кульгае.
Мяне аж жах узяў. Але гляджу і сапраўды: ходзіць чалавек, і нішто, нібы яму і паравоз не брат. А вы кажаце - рэжам... На ўсё свой лёс.
- А кінь ты ўжо са сваім лёсам, даўся ён табе ў знакі. Раскажы вось лепей, як бандытаў вазіў ты.
- Ну што ж, вазіў. Чаму і не правезці часам...