Гаспадар, Анелька, Віця—усе амаль адначасна падаліся да вулічнага акна; яна ж, Зося, не кранулася нават з месца. У яе толькі рэзка штурхнулася сэрца, памлелі ногі i незаўважна паляцела з рукі люстэрачка.
Яно пляснулася вобзем і, чуваць было, пабілася. Усе раптоўна павярнуліся, убачылі яе, разгубленую, анямелую, а таксама i тое, што ляжыць долу металічны абадок, а вакол зіхацяць асколкі.
— А божачка мой! — сашчапіла худыя рукі Вікця.— Пабілася люстэрка! Гэта ж на вялікую бяду!
Ужо ў асвабодненым акне Зося ўбачыла Янку: той, высокі, у ботах i галіфэ, у белай кашулі, ішоў ад хаты па сваім двары. Яна прагна абгледзела яго, а тады ўжо адчула i сорам, i ганьбу. Праўда, ніхто нічога ёй не сказаў, усе паніклі, a Віця збялеў.
Ніхто не запыніў яе i не пайшоў услед, калі яна падалася зноў у белую хату. Села на ложку, бездапаможна апусціла рукі. Значыць, гэта на яго, на Янку, брахаў учора іхні сабака. Можа, Янка падыходзіў да іхняга акна, бачыў, як яна купала ў той час з Віцем Антоніка, бачыў, што яна зноў цяжарная.
Заадно i іншае, больш гаркотнае i грэшнае, здушыла душу. Доўга не магла прывыкнуць да новай сям'і, да Віці, але пасля, калі Янка пайшоў на вайну, а яна пажыла тут, нарадзіла сына i пачынала станавіцца гаспадыняю, калі-нікалі, бывала, прыходзіла ўжо не гнятлівая, a суцешлівая думка: а можа, не здарылася ў яе жыцці нічога страшнага? Не так ужо ёй тут i блага. Якія ні згрызоты, але жыве ў дастатку, не баіцца заўтрашняга дня. Нават больш — часамі падумлівала: а няхай бы Янка, ад якога памалу адвыкла, i загінуў бы, не вярнуўся дадому. Без яго было б лягчэй жыць. Зараз вось усе тыя яе нядобрыя думкі цяжкім каменем упалі на душу, прыціснулі сэрца. Як цяпер пры сустрэчы яна, такая вось здрадніца i грэшніца, зірне Янку ў вочы?
Сядзела, думала, i ніхто, Віця таксама, не ішоў клікаць яе снедаць.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
1.
— Якое сонейка! Які вясновы водар! — зацмокаў Васіль Муха, калі яны выйшлі з будынка мужчынскай гімназіі ды запыніліся паблізу парадных дзвярэй.
Праўда, надвор'е было лёгкае, маладое. У студзені i ў лютым пёк мароз, гуляла-шалела мяцеліца, а вось цяпер усё паласкавела: завірухі зніклі, мароз паслабеў, адпоўз у зацемненыя куткі альбо набіраў злосці на ночы i на блізкі ўжо новы месяц, на сакавік; неба пачало блакітнець, вышэць з кожным днём, а пасмялелае сонца дзёрзка заімкнулася ўгору, хмелячы людскія душы i сэрцы прыемным святлом i цяплом — ад яго, ад сонца, удзень было нават па-свойму парнавата, а за ноч гэтая парнасць астывала ў свежы, здаровы холад i аб'іньвалася на дрэвах i дратах.
Мінск ажыў. Выяснілася, пашырэла наваколле; закапалі звонкія кроплі з пацяплелых брылёў над дзвярыма i з карнізаў будынкаў; павіслі доўгія i тонкія ледзяшы; пабольшала на вуліцах гуляк — найбольш пажылых дзядуль i бабуль, цяжарных кабет i дзяцей; весялей затупалі коні, цягнучы вагоны па рэйках альбо лёгкія сані-брычкі, фурманкі з мяхамі ці скрынямі; паветра ўсё больш i больш напаўнялася пахам яшчэ накрытай снегам i лёдам, але ўжо неспакойнай зямлі, водарам ажыўленага соку i будучай маладой лістоты. Адным словам, i сёлета на зямлю ўпарта i настойліва спяшалася вясна, асвяжаючы свет ды хвалюючы ўсё жывое новым пачуццём.
Праўда, Сямён Васілевіч цяпер не ўсцешыўся так, як Муха: ён хацеў пагаварыць не пра надвор'е, а пра іншае. Калі Муха асцярожнічаў у гімназіі, пры сваіх не кідкіх на слова, але цікаўных калегах (а сярод ix маглі быць i нашэптнікі), дык было яснае яго хітраванне, а вось тут, на дварэ, Мухавы ўсцешкі пра прыроду, яго хітрыкі былі лішнія.
— Васіль...— памкнуўся загаварыць зноў Васілевіч, але той не даў волі.
— Адыдземся,— здаецца, незадаволена буркнуў. Мусіць, не зусім быў рады, што Васілевіч i ўбег як апараны ў гімназію, i хацеў пры ўсіх завесці непажаданую гамонку,— Ну, што табе гэтак свярбіць?
Уздоўж цаглянай, пафарбаванай у шэры колер, з высокімі вокнамі двухпавярховай гімназіі яны рушылі па асфальтаваным тратуары, ачышчаным ад снегу i лёду, пасыпаным жоўтым пяском.
— Мяне, кажу, сёння не дапусцілі да Нямкевіча,— паўтарыў Васілевіч тое, пра што спрабаваў нядаўна расказаць у прафесарскай, ды Муха, лічы, заткнуў яму рот, засыпаў жартамі ды кепікамі («Убачылі, што ты падазроны тып, дык i не пусцілі»),— Турэмны ахоўнік, не наш знаёмы, a зусім новы, буркнуў: «Свидания с политическими, передачи прекращены».— «Чаму?» — пытаюся. «В связи с чрезвычайными обстоятельствами в Петрограде».
— Ён сказаў табе, што такое «чрезвычайные обстоятельства»? — спакойна запытаў Муха.
— Не.
— Дык чаго ты, кіпень, ляпаеш пра гэта перад усімі! Захацеў, каб ахранка схапіла за доўгі язык?! Калі хочаш, дык хутка трапіш у іхнія лапы, палучыш па зубах «за распаўсюджванне антыдзяржаўных чутак».
Муха (а ён пераехаў у Мінск з Вільні перад наступленнем немцаў), выкладчык гімназіі, цяпер у бабровай шапцы, у дарагім суконным паліто з шыкоўным бабровым каўняром, з кіем, ca скураною папкаю пад левай пахаю, яшчэ паўшчуваў:
— Не маладзён жа ўжо — трэба хоць крыху хітрэйшым быць. Такі трывожны, небяспечны час, а ты...
Папікаў i пазіраў не на яго, а па баках. Не вышукваў вачыма знаёмых альбо падазроных людзей, проста меў звычку пазіраць не ў вочы, a ўбок пры размовах з тымі, каго не зусім паважаў.
Васілевіч — ён яшчэ з даваеннага часу мінчук, служачы губеранскага статыстычнага камітэта, у вышмальцаваным капялюшыку i ў тонкім паношаным паліто — добра ведаў: Муха не лічыць яго за сур'ёзнага чалавека, самае малое — за дзівака. Муха хутка абжыўся i ў Мінску за паўтара года, аброс новымі важнымі знаёмымі, Праўда, крыху змяніўся. Калi раней з такімі, як «няўдачнікі» Нямкевіч i Васілевіч, стараўся не толькі не таварышкаваць, але i бачыцца як мага найменш, дык апошнім часам шукаў сустрэч, распытваў, пра што яны думаюць i што робяць, намагаўся трапіць усюды, дзе яны збіраліся, хоць ім i цяпер ніяк не памагаў.
— Зразумей жа ты, летуценнік i задзіра: цяпер страшны час! Як ніколі! Дык цяпер трэба мець звярыны нюх. Лепш недагаварыць, прыкусіць да крыві губу, чым намалоць лішняе...
Васілевіч, як i год, як i пяць гадоў назад чуючы адну i тую ж «навуку», быў ужо i не рады, што прыбег якраз да Мухі. Трэба было ісці да чужога чалавека, да Міхайлава, статыста з камітэта Заходняга фронту Земсаюза: той мае сяброў у Петраградзе i Маскве, шмат чаго ведае. Праўда, таксама асцярожны, лішняга не скажа, але хітры па-іншаму — не дзеля сваей карысці, а дзеля таго, чаму ён тайна служыць.
Муха, Муха... Чорт яго ведае адкуль сярод шчырых, даверлівых сялянскіх сыноў бяруцца гэткія мудрагелістыя? Не сем разоў, а тры разы па сем адмераюць, а тады ўжо адрэжуць. Вось ён, Васілевіч, шчыра перажывае, што сябры, былыя калегі па семінарыі, гнаныя, няшчасныя людзі (Лашковіч — у Сібіры, на вечнай катарзе, Нямкевіч — тут, у Мінску, у астрозе), а Муху хоць бы што! Hi горача ні холадна, што хлопцы марнуюць маладосць за кратамі, што іхнія бацькі пакутуюць...
— Ну, што табе карціць? — зірнуў спадлоб'я Муха.
— Што — у Петраградзе?
— А ты хіба газет не чытаеш? — ухмыльнуўся той.— Яны ж пра ўсё пішуць...