Бацька пільна зірнуў на яго i, здаецца, здзівіўся яго глыбакадумнасці, засяроджанасці — таго, чаго ён раней не меў па маладосці, а цяпер назапасіў. Маці таксама шмат зразумела сваёй чуйнай жаночай душой i пазірала на яго з любоўю i ca шкадаваннем.
— Скажыце, што тут у вас чуваць? — запытаў Янка, сеўшы пры акне.
— Перамен ды змен усякіх, сынок, многа, але добрага мала...— уздыхнула маці. Выцерла рукавом слёзы, схамянулася.— Ой, што ж гэта я, старая бабця? Босая! У кашулі!
Засаромеўшыся, борздка шмыгнула адсюль у белую хату. Там зашамацела адзеннем, загаварыла — пэўне, будзіла дачку i нявестку.
— Извини, паря. Скажи, что слышно о Петрограде? [1] —улучыўшы хвілінку, падаў голас з ляжанкі чалавек, які быў з краю. Паджылы, русявы, вусаты.— Успокоился народ, чай, нет?
«Аднекуль з Расіі,— падумаў Янка.— I гарадскі. Вясковыя пра іншае пытаюць».
— Учора, у Маскве, казалі: цар выехаў з Петраграда. Падаўся ў Стаўку, у Магілёў,— адказаў ён.— A ў Петраградзе — як летам у вуллі...
— Неужели опять будет кровопролитие? — уздыхнуў пастаялец.— Неужели опять царь и генералы будут топить в крови свой народ? Да сейчас, в войну с кайзером?!
— Борони, мати божа, сохрани! — перажагнаўшыся, загаварыў сусед рускага. Таксама паджылы, але чорнавалосы, як вуголь.— Ти ж у нас великий, ти ж милостивый! За що се над нами таке безголов'ячко — лиха та біда?
«Недзе з-пад Кіева чалавек».
— Ну, а о конце войны ничего не слышно, паря? — пакуль «кіяўлянін» уздыхаў, жагнаўся, зноў запытаў рускі.
— Не.
— Ну а ты, чай, как — в отпуск, по ранению или как?
— Камісавалі,— прамовіў Янка.
— Ну и слава богу, паря,— парадаваўся за яго паджылы пастаялец.— Главное — живой, домой вернулся.
— Щасливы! — аж пазайздросціў «кіяўлянін». Астатнія салдаты маўчалі, хоць таксама пападымалі галовы.
Што ж, i Янка дагэтуль найперш хацеў аднаго — пакінуць акопы i вярнуцца дадому, у свае Янкавіны, да сям'і, да Зосі, да зямлі — араць, касіць, а не забіваць альбо марнець, гінуць самому, адным словам, займацца тым, што ўмее, любіць, па чым засумаваў i што, відаць, было i будзе яго асноваю ды апораю, як i ва ўсіх яго прадзедаў.
Болей нічога не паспеў запытаць у бацькі: сюды памкнулася Кастуся — не дзяўчынка-падлетак, як была да яго мабілізацыі, a ўжо сталая паненка. Па-ранейшаму нізкая, але акруглелая, з высокімі грудзьмі, з маладым бляскам у вачах. Ён падняўся — Кастуся, усміхаючыся, нечакана прыпала, абняла i смела пацалавала ў вусны.
— Вой, як ты пастарэў ужо! — здзівілася неўзабаве.— Сівізны вунь колькі!
— Хіба гэта сівізна? — усміхнуўся ён, як ніколі дагэтуль адчуваючы да сястры пяшчоту i дабрыню. Раней было іншае. Раней часцей гыркаліся, чым былі ветлівыя ды радыя адно аднаму.— Гэта ж — снег...
— Снег...— уздыхнула маці, пачуўшы яго адказ.— Але гэты снег ніколі ўжо не растане. Яго намяла вайна...
Ніхто нічога ёй не адказаў; маці таксама моўчкі пачала ўжо рыхтаваць вячэру. Нявестка Ядзя не паказвалася. Відаць, усё яшчэ апраналася, прыхарошвалася. Яна — чысцюха i франціха.
Неўзабаве маці падала на стол парэзаны качан кіслай капусты, вячэрнюю неабіраную бульбу, некалькі скрылікаў сала на талерцы; бацька прынёс з кладоўкі высокую манапольную пляшку, але не з чыстым, без асадку, вадзіцай-слязою, а з сіваватым пітвом.
— Выбачай, сынок, хлеба няма,— прамовіла маці.— Цяпер i мы рэдка хлеб пячом. Не самі яго ядзім — вайна есць...
Янка са здзіўленнем агледзеў запацелую пляшку, выструганы драўляны корак у ёй.
— Гадаеш, што гэта? — усміхнуўся бацька, адкаркаваў пляшку i наліў з яе ў невялікія чаркі. Падаў па чарцы i пастаяльцам, сынавым таварышам па нядолі.— Ну, за цябе, сын! Дай божа, каб сёлета вайна запынілася, каб лад на свеце настаў, каб усе маладыя мужчыны i хлопцы дадому вярнуліся, былі жывыя i здаровыя! — Павёў рукою з чаркай, прывечваючы i сваіх кватарантаў.
Янка здзівіўся, што селі за стол без нявесткі. Няўжо не ладзіць ca старымі?
— Дзе ж Ядзя? — асцярожна запытаў.
Маці i бацька перазірнуліся, паапускалі галовы.
— Яна цяпер у сваіх бацькоў,— прамовіла Кастуся.
[1] Тут i далей, калі маецца на ўвазе час да першай сусветнай вайны, дык горад на Няве называецца Пецярбургам, у вайну — Петраградам