— Зладзеі, убіўцы, дзіця роднае забралі, каб вам пуста было. Дзе ты там е? Марш дадому, сучка!
— Я табе зараз як суну, дык ты і пашчэпкі не збярэш,— замахнуўся абсівераным кулаком Атрахім.
— Сыночак, не займай ты яго,— выскачыла з сянец Кандраціха.— Чаго, сваток, ужо так вытрэнчвацца? Няхай жывуць на здароўе. Венчаныя ж яны, венчаныя, муж і жонка ўжо. Зайшлі б лепш у хату ды пагаманілі, як людзі.
— Каб яна агнём пайшла твая хата. Якія там людзі? Старцы паганыя, на чужое дабро пагналіся. Трасцу вам, а не пасаг.— І ён скруціў куртатую дулю.— Ні шэлега не дастанецца. Няхай зараз жа аддае сукенку і чаравікі хромавыя. Чуеш? Дзе ты там туляешся?
Гэля ўсё чула, седзячы ў свіронку на цёплай пасцелі. Яна скруціла вянчальнае плацце, ухапіла зграбныя чаравічкі, якія абувала ўсяго разы са два, і ўсё выпхнула праз акенца, выпіленае ў бервяне свіронка.
Бацька адразу падскочыў да сцяны, ухапіў Гэльчыны ўборы і пачаў іх жмякаць у руцэ.
— А, от дзе ты, распусніца! — зароў ён ад злосці.— Марш дадому, блудніца! — затупаў Андрэй.
— Вы мяне толькі нежывую можаце забраць. А так не гнявіце бога і не смяшыце людзей, тата,— усхліпваючы, азвалася Гэля.
Стары Ермаліцкі аслупянеў з разяўленым ротам, потым тупнуў нагою.
— Пракляну нягодніцу! І вы ў мяне яшчэ паплачаце, гады! Ведзьмакі-і-і! Апаілі дурніцу любіснікам, цешцеся цяпер!
Ён павярнуўся да форткі, падняў з зямлі раменную пугу, а ў другой руцэ цягнуў па пяску белае плацце. Перакуліўся ў вазок і пачаў ад злосці хвастаць сівага стаенніка.
Гэля сядзела на ложку ў доўгай кужэльнай кашулі і горка плакала.
10...
Ледзь не кожны тыдзень рудабельскія кааператыўшчыкі ездзілі ў Бабруйск па тавар. Ліакумовіч не шкадаваў ім ні мыла, ні газы, падкідаў трохі солі, часам даваў паркалёвых і канапляных хустак, а то і скрутак якое-небудзь «чортавае кожы» на штаны. Прывязуць Цімох з Мікодымам ці Сцяпанам скрынкі і мяхі, зачыняцца ў краме і пачынаюць шныпарыць: пад мылам — порах схаваны, пад запалкамі — патроны ляжаць, а з солі выцягваюць некалькі загорнутых у сальныя анучы наганаў. Раскладуць лістоўкі і газеты, напісаныя па-нашаму і па-нямецку. І... пайшоў гандаль. Глядзіш — за паўдня ўсё і разнеслі. Лістоўкі і патроны найбольш забіраў Раман Салавей: накідаюць яму ўсяго добрую торбу, зверху прыкрыюць кавалкам паркалю, пакладуць пару брускоў мыла — і патупаў стары. А куды ўсё дзець, яму не трэба было пытаць.
Потым ідзе Архіп Ляўкоў, за ім — Андрэй Падута. Глядзіш, раніцою не толькі ў Карпілаўцы ці ў Рудні, а вёрст за дваццаць ад іх на платах вісяць лісткі, падпісаныя Бабруйскім павятовым камітэтам РКП(б): «Не давайце нямецкім акупантам вывозіць народнае дабро, раззбройвайце салдат, стварайце партызанскія атрады».
І зноў каля халопеніцкіх мастоў і ў Гатавіцкай пушчы грукаталі залпы, хлопцы і дзядзькі ў лапцях і світках, як прывіды, выскоквалі з лесу, заварочвалі фурманкі, забіралі ў салдат карабіны, а іх са звязанымі рукамі гналі назад. Немцы не вельмі супраціўляліся: ім і самім абрыдла гэтая валтузня, яны ведалі, што тут яны ненадоўга, а з дому даходзілі чуткі, быццам і там бунтуе народ.
Усё часцей у казармы і ў хаты, дзе стаялі немцы, траплялі невялічкія газеткі. У іх камуністы заклікалі нямецкі народ скінуць кайзера Вільгельма, як рускія скінулі цара, забраць панскія землі і заводы, пачаць будаваць новае жыццё ў вольнай Германіі. Салдаты чыталі і перачытвалі гэтыя лісткі, хавалі іх ад афіцэраў, шапталіся паміж сабою і не спалі начамі ў чужой, незразумелай і беднай лясной старане.
Яны неахвотна ехалі збіраць кантрыбуцыю, неахвотна ішлі вартаваць воласць і бадзяцца ноччу па сяле, каб спакойна спалі камендант і афіцэры. За сябе салдаты не вельмі баяліся. Партызаны папярэджвалі, калі яны не будуць супраціўляцца, ніхто іх не зачэпіць. Так яно і было кожны раз. Толькі ўбачаць на дарозе ўзброеных сялян, адразу падымаюць рукі ўгору. Адстрэльвацца няма сэнсу, бо мужыкоў з вінтоўкамі заўсёды разы ў тры больш, чым канвою пры самым вялікім абозе, Толькі зірнеш, а партызаны сунуцца з-за кустоў і спераду, і ззаду, і з бакоў. Куды тут дзенешся? Ды многія і самі разумелі, што салдат ператварылі ў рабаўнікоў, што нельга забіраць хлеб у такіх жа сялян, як і яны самі, што трэба падтрымаць рускую рэвалюцыю, а не душыць яе. Адным словам — думай, салдат, як табе дажыць да сустрэчы з роднымі, а яе кожны чакаў з тыдня на тыдзень, з дня на дзень.
Ідуць ноччу па сяле тры-чатыры салдаты з карабінамі. Бачаць, у хаце зырка гарыць лямпа, рыпае гармонік, бухае бубен з бразголкамі. Трэба ж паглядзець, што там такое. Зойдуць, грозна спытаюць: «Кто ест козяін?» — а дзяўчаты ўжо адсоўваюцца на лаўцы, даюць месца, сыплюць у жменю гарбузікі, запрашаюць на вальс.
Ну як тут быць суровым, калі сінявокая Дуня так падобна на ягоную Тэрэзу ці Марту? І хлопцы лагодна запрашаюць: «Кот, Kamerad, танчыць». Як утрымаешся? Аддае маладзейшы салдат патрымаць карабін таварышам, бярэцца за гарачы стан, кладзе руку на тугі плячук і грыміць падкаванымі ботамі, аж лямпа трасецца. Глядзіш, і другі падахвоціўся, а старэйшы сядзіць на лаве, абняўшы тры карабіны.
Выйдуць на вуліцу, палезе каторы ў кішэню па запальнічку, а там ужо нешта шамаціць. Прыйдзе ў казарму, паглядзіць, аж — свежая газетка. А ў ёй пішуць, што ў Баварыі бастуюць панскія парабкі, у Мюнхене рабочыя выйшлі на вуліцы з чырвонымі сцягамі і віталі рускую рэвалюцыю.
Нямецкія камуністы заклікаюць салдат вяртацца на радзіму і павярнуць штыхі супраць паноў і фабрыкантаў. От тут і разбярыся салдату! Прачытае і хочацца з некім параіцца, разам падумаць. Цішком ткне газетку суседу, свая ж, нямецкая. «Паглядзі, што пішуць. Выходзіць, і дома неспакойна. Ды і жонка намякала ў лісце, што бурліць народ».
Так і ходзіць з рук у рукі лістоўка ці газета, якая невядома адкуль трапіла ў салдацкую кішэню.
Камендант зелянее ад злосці, што наўкол дзейнічаюць нейкія варожыя сілы, што яны пранікаюць не толькі ў казарму, не толькі ў салдацкія галовы, а дабраліся да яго ўласнай кішэні.
Ён не ведае, што рабіць, бо амаль нічога не ўдаецца вывезці на станцыю і адправіць у Deutschland. «Бандыты» перапыняюць усе абозы і раздаюць дабро тым, у каго з такімі цяжкасцямі ўдалося яго знайсці і забраць. А салдат на чарговую «аперацыю» даводзіцца гнаць сілаю. Усе яны нечага шэпчуцца і адразу змаўкаюць, як толькі з'яўляюцца афіцэры.
Камендант забараніў на сяле ўсялякія «зборышчы» і ігрышчы. Толькі праўленне кааперацыі мае дазвол раз на тыдзень збірацца ў краме або ў школе. Колькі разоў у краму заходзіў патруль, ды і сам камендант не-не і зазірне на пасяджэнне: сядзяць, гамоняць, нешта падлічваюць, а то і сварацца, кураць такі самасад, што аж лямпа ўсхліпвае. Паслухае, паслухае ён, нічога не разбярэ і пойдзе. Разы са два прыводзіў ён да «кааператараў» Лізу. Яна перакладае, колькі селядцоў прадалі, колькі хустак і солі, што трэба прывезці, з каго спагнаць паі.
Апошнім разам, калі камендант, махнуўшы рукою, пайшоў за дзверы, старшыня падраённага камітэта партыі бальшавікоў і валрэўкома Аляксандр Салавей усміхнуўся і сказаў:
— Працягнем, таварышы, партыйны сход. Наша арганізацыя стварыла свае ячэйкі ў Лучыцкай, Парыцкай, Ляскавіцкай і Глускай валасцях. Усе члены партыі і чырвоныя партызаны маюць такую-сякую зброю і гатовы біцца, а калі трэба, дык і памерці за ўласць Саветаў. Але, таварышы, павятовы камітэт папярэджвае, каб не было неарганізаваных, непатрэбных нападаў на немцаў. Многіх мы ўжо схілілі на свой бок, яны не толькі нам спачуваюць, але часам і памагаюць. Згодна ўмове з нашым урадам немцы хутка павінны выйсці з Беларусі. Толькі трэба іх адправіць з тым, з чым яны прыйшлі. Не даць ніводнай парушынкі. Думаю, гэта нам удасца. Але, таварышы, вы ж ведаеце, што ў Загальскіх балотах, ды і тут па хутарах яшчэ лазяць шляхецкія бандзюкі — Казік Ермаліцкі, Плышэўскі, браты Перагуды і ўся іх хеўра. Яны ўжо нямала забілі нашых людзей. А як толькі акупанты выедуць, от пабачыце, з'явяцца сюды. Цяпер немцы ахоўваюць Беркаў, Мёдухаў, Харомнае і Сераброн — усе котлішчы шэршняў. А як толькі пачнём дзяліць іх зямлю, прыйдзецца стукнуцца лбамі з гэтаю шляхецкаю зграяй. Так што перадайце сваім хлопцам, калі дзе каторага запарвуць, хай судзяць так, як яны асудзілі Анікея.
Потым Салавей паведаміў, што ў тую нядзелю ў Гатавіцкім лесе, каля «цудатворнай» капліцы, будзе вялікае набажэнства. От там можна і сабрацца ўсім камандзірам атрадаў, узводаў і партыйцам-бальшавікам.
...Як толькі наступаў маладзік, да крынічкі, над якою стаяла замшэлая каплічка, з'язджаліся і сыходзіліся людзі за дваццаць і за трыццаць вёрст. Ішлі калекі і сляпыя са сваімі немачамі, яганчыны і дзядзькі, старыя і дзеці. Вакол капліцы рассаджваліся барадатыя лірнікі і абшарпаныя жабрачкі У царкве правілі аж тры папы: спавядалі, хрысцілі, свянцілі ваду, з пратэсамі хадзілі вакол крыніцы. Збіраліся сюды хлопцы і дзяўчаты. Пастаяць трошкі ў царкве і разыходзяцца купкамі па лузе ды па дубняках. Пасля гэтых набажэнстваў і траплялі кашэвіцкія дзяўчаты замуж у Карпілаўку ды ў Курын, а рудабельскія — у Ляскавічы ці ў Забалацце.