Бяда — яда: яна есць чалавека, гора — пітво: яно п'е чалавека, бяда салёная, гора горкае, бяда — яд, гора — атрута.
Бяда прыходзіць знянацку, гора — раптоўна, бяда — выпадак, гора — здарэнне, бяда — Сцыла, гора — Харыбда; яны спадарожнікі чалавечага лёсу, і не ведае чалавек, дзе іх чакаць, куды ад іх дзецца.
Бяда баліць, гора гняце, бяда галосіць, гора наракае, у бяды ўсё падае з рук, у гора ўсё згортваецца.
Бяда бледная, гора чорнае, бяда — пятля, гора — горан, бяда — вужака, гора — груган, гора гародзіць між светам і чалавекам платы, бяда выбудоўвае сцены.
Але ўсё на свеце мінае: і сплывае бяда, бы вада, і згарае, нібы агонь, гора.
Бор — збор, сабор самых адборных дрэў, абрэвіятура, якая да ўсіх мае дачыненне.
У бор ідуць па грыбы-баравікі, едуць па дровы і па бярвенне; бор — апора людскому здароўю і дабрабыту.
У бары ўсяго навыбор, і нават небарака ў бары адчувае сябе панам-баронам.
З борам з'яднаны і urbs, і orbis (і горад, і свет), ды, зрэшты, і сам бор для шматлікіх і разнастайных яго жыхароў, і свет, у якім яны марудна ці борзда знаходзяць сябе, і горад, які спалучае рысы готыкі і барока і ў якім падымаюцца да аблокаў і ападаюць на дол дрэвы дамы.
Нібы барометр, бор адчувае настрой надвор'я і сам уплывае на гэты настрой, робіць яго.
Бор трывалы, і ўбор бору ў любую пару аднолькавы.
У бары бруіцца крынічка.
Бор пахне жывіцаю і чаборам,
З борам бораецца барэй і братаецца бура.
У верасні, калі дацвітаюць апошнія кветкі, на лясных пагорках, выжарынах, расцяробах, усцілаючы дол каляровым ворсам, красуе верас.
Сярод астатніх распазнаных раслін верас нібы версэт сярод вершаў: у параўнанні з дрэвамі ён — трава, у параўнанні з травою — дрэва, і ў параўнанні з іхнімі «веравызнаннямі» яго «веравызнанне» — ерась.
Мінаючы распадзелы на вялікае і малое, на моцнае і слабое, верас расце як варыянт, як версія на тэму: якой мусіць быць расліна, аднак у гэтую версію верас укладаецца ўвесь.
Нібы кронай — дрэва, каронай вянчаецца найпершая асоба ў краіне — кароль, і сама краіна.
Усе падкопы, падшэпты, падсокі, падкрокі, скіроўваючыся на караля, маюць на мэце карону, і калі карона спадае-ўроньваецца са скроняў караля, гэтая «рона» крывавая рана для караля, а часам і для краіны.
Як сваімі вяршынямі горы, карона сваімі ўкорневаецца ў нябёсы: у ёй канцэнтруецца скарб, які не купляецца і не прадаецца на рынках, а даецца як дар абранасці.
Карона валодае поўнай — неабкарна- най — уладай, яна сама сабе кворум, таму для таго, хто выступае ёй наперакор, яна кара, а для таго, хто ёй пакорлівы,—маці-карміцелька.
З каронай перамаўляюцца сузор'і Кароны і Арыёна.
Сук сухі: сярод разгалістых гнуткіх галін ён вытыркаецца, нібы крук: яго не поіць сокам сваім сакавік і не ўпрыгожвае сваёю лістотай і квеценню май.
Над суком не маюць ніякай улады жыццёвыя спакусы, і хоць ён ссуканы з валокнаў непагадзі і пагоды, ён «адкаснуты» ад не пагадзі і пагоды, ад радасці і смутку, якія ім уласцівы; ён — указальнік, які паказвае дрэву — і ўсім істотам — самы вузкі і самы асноўны кірунак: ад сябе.
З сука дзівуецца куст.
На сук сядае крумкач.
У сук устукоўваецца дзяцел.
І сам сук — стык абмежаванай формы з неабсяжным зместам.
Кажух "скажоны": зверху — гладкі, знутры — кашлаты, зверху — бедны, знутры — заможны, зверху — «кожа», знутры — кужаль.
Усё лета кажух журботна вісіць у катуху і мае журботны колер, блізкі да колеру жухлай травы і пажоўклай лістоты, але тады, калі трава і лістота знікаюць, кажух кажа, што настаў яго час; і як бы ні намагаліся зухаватыя маразы заказытаць жывы дух, кажух іх адпужвае.