Ён не баіцца нажа, яго нават, здаецца, цешыць, што я спрабую яму перашкодзіць памерці сваёю смерцю і як бы бяру яе на сябе...
Я спахапляюся: Божа, што я раблю, з кім змагаюся, каго караю?!. Мы апаілі жыццё віном і гарэлкай сваіх пачуццяў і самі сп'янелі і, п'яныя, гаспадарым, адстойваем сваю праўду, выносім прысуды...
Я апускаю паволі руку, узнесеную над бацькам, і пакідаю бацьку ўсё, што маю з сабой: з драўлянымі чорнымі тронкамі нож і не ўзятую ім з вузлаватага белага шкла бутэльку,
і пакідаю бацьку ягоную смерць.
Мы на шляхах: з рэчаіснасці, дзе ўсё змяняецца то паступова, то раптам, у рэчаіснасць, якая прыцягвае нашу бязмоўную і невідушчую ўвагу, нібы магнітную стрэлку полюс, і ў абсязе якой мы робімся тымі, кім ёсць.
Мы паміраем на ноч, але не належым ночы,
уваскрасаем на дзень, але не належым дню.
Нашы малыя жыцці і нашы малым смерці выводзяць нас у наступнасць, дзе мы адчуваем-распазнаёмся, што мы тут ужо былі.
Як рухаецца па складах і па словах увага, каб прачытаць урэшце завершаны сказ, гэтак чытаем бесперастанку мы самі сябе, і як важна пры гэтым не схібіць, не зблытацца, не запнуцца, а ўсё прачытаць па парадку і цалкам засвоіць нам скіраваны змест.
З глыбіняў вякоў узнікаюць і зноўку знікаюць дарожныя знакі — людзі, што сустракаюцца нам на нашых шляхах.
ПАЭМЫ
ПУНКЦІРЫ
ВЕРШАСКАЗЫ
Дзе грыб, там любы краявід набывае асаблівую прывабнасць, і сярод многіх хваін і бярэзін грыбнікі абіраюць для пакланення якраз тую бярэзіну і тую хваіну, пад якою бачыцца грыб — самы праўдзівы і ганаровы герб любога гербарыю.
Нібы хатка Бабы Ягі, грыб стаіць на адной назе, акрыўшыся рабою страхою-магеркаю, і, як гібрыд, спалучае ў сабе стромкае і круглае, пляскатае і пукатае.
Хоць грыбовы век нетрывалы, але ў бары і ў лесе ён гэтакі самы абарыген, як стогадовыя дрэвы.
Грыб — горб, што ўзнікае як рывок «паграбовай», спадсподняй напругі ў невядомае вымярэнне, насустрач дажджу і небу; вузел, што звязвае раз'яднаныя рухі прыроды ў адно.
Грыб чуйны і далікатны, як рыбіна, і калі што-небудзь з надвор'ем не так, ён гэтаксама, як рыбіна, выкінутая на бераг, гіне і прападае.
Грыб усім падабаецца, ім не грэбуе ні славянін, ні габрай, ні селянін, ні бюргер.
Збан лепіцца з багны — з гліны, загартоўваецца на агні, а выпрабоўваецца ў штодзённым у жытку-побыце.
Калі збан парожні, ён адзываецца сваёю звонкаю іпастассю, калі поўны — глухой.
Як найбольшае багацце, як самую сваю душу, збан зберагае ўнутраную пустату: дзякуючы ёй, збан не хвілінная забаўка, а заўсёдны здабытак і можа зноўку і зноў напаўняцца ўсё новым змесцівам — вадою, віном альбо малаком.
Звычайна збан стаіць на стале, на паліцы альбо вісіць — калі сохне — на плоце, але варта яму ўзбунтавацца і ўпасці вобзем, ён тут жа разбіваецца і, пазбаўлены душы пустаты, становіцца грудаю ачаропкаў.
Ці гэта банкет, ці базар, ці любы іншы збор — усюды, дзе прысутнічаюць людзі, прысутнічае і збан.
Да збана чэпяцца забабоны, але ён не звяртае на іх увагі, ён безупынна абнаўляецца, і гэтае безупыннае абнаўленне аберагае яго і ад абагаўлення, і ад забыцця.
Усе дрэвы пазіраюць на пень звысоку, але ён і не пнецца ўгору, каб з імі зраўняцца: ці ліпень, ці кіпень, ці хліпень, ён — той самы, ён — нерухомы, ён — дрэва на пенсіі, ён адмежаваны ад вышыні, якая прымушае дрэвы цвісці, хвалявацца, упадаць у роспач і аддавацца надзеі, і таму ён упэўнены ў сабе, і таму ён ні перад кім не гне спіны, і таму ніколі не збіваецца з панталыку, і таму ў сваіх пенатах ён пан.
Пень — не кволая, а спелая, не папярэдняя, а наступная ступень існавання дрэва.
Аб пень спатыкаюцца.
Ля пня спыняюцца.
На пень наракаюць («пеняют»).