- Я перастаў разумець цябе. Гэта ж страшна. Чаму ты так безадказна раскідваешся грашыма? З-за цябе нам заўсёды не хапае на самае неабходнае.
- Я так хачу. - Смех гарэзліва падскочыў да хрустальнага свяцільніка, звонка з'ехаў па праменьыку на трыльяж, акунуўся ў маленькую вазачку з палявымі рамонкамі і, раптам ператварыўшыся ў кропельку яду, расцёкся па зусім бездапаможным сэрцы юнака. «Я не магу так», - застагнала яно.
Сабачаня раптам пераскочыла ў Раманавы рукі і праз які момант шмякнулася, нібы гумавы мяч, у куток і адскочыла на дыванок. За Раманам гулка грымнулі дзверы.
- Ну вось, - Рэгіна разгублена схілілася над цацкай. - А ўсё ты вінаваты, барбос.
І зноў такі, калі б шчанюк быў жывы, ён бы падумаў ці нават сказаў бы: «Я згладжваю сваю віну ўжо тым, што глытаю твае слёзы». Плюш сапраўды вельмі добра ўсмоктваў гарачыя салёныя кропелькі.
* * *
- Божа, без яе я зусім не магу. - Раман крыкнуў так гучна, што некалькі чорных прахожых пад чорнымі парасонамі павярнулі да яго белыя твары і недаўменна залыпалі вачыма. Разумеў яго зараз хіба што дождж. Гэта яму крычаў Раман. Ён любіў гэты гаючы шум, доўгія срэбныя нітачкі, што выцягвае зямля з чорнай кудзелі-хмары сваімі мітуслівымі бурбалкамі. У такі час наваколле нагадвае яму карціну. Лес, хаты, хлявы, асобныя дрэвы, клуб - усё на нейкі час мярцвее, і толькі дождж разразае гэтае велічнае, выкананае цёмнымі фарбамі, палатно.
Гэта ён, заўсёды спакойны і верны сябар і дарадца - дождж, упарта нёс Рамана на маленькі вясковы прыпынак. І чалавек цалкам даверыўся гэтай патаемнай прыроднай сіле.
«Цудоўна, цудоўна», - шэпча шалёная залева, закалыхвае, аглушае, дурманіць. І ўжо не чутно, як буйныя кроплі закрадваюцца за каўнер, расцякаюцца па скуры, грэюцца на згорбленай спіне.
Ён не думаў цяпер, колькі дажджавых нітак аддзяляе яго ад Рэгіны. Злічыць такое - чалавеку не падуладна. Ён ведаў іншае: прайшоў тыдзень - сем дзён. Не кароткіх шчаслівых дзён, а доўгіх, як само жыццё, як гэтыя халодныя крэсы дажджу, што злучаюць сабою неба і зямлю.
- Дождж, не пакідай мяне. Вядзі, вядзі мяне да яе... - Не ведаю, сказаў ён гэта ці проста падумаў. Урэшце, ён сам гэтага не ведаў. Але дождж пачуў. Гэта так слаўна.
Ён не пакідаў Рамана ў дарозе. Ляскатаў па даху аўтобуса, біўся аб шкло і бездапаможна сцякаў уніз; вышукваў невялічкія адтуліны, прасочваўся ўнутр, пракладваў аж да карычневага лінолеуму падлогі светлыя раўчукі на запыленай, а некалі бліскучай абіўцы.
Няўлоўна мігцяць далёкія і блізкія агні. Часам яны выцягваюцца ў доўгія бляклыя крэсы, перакрыжоўваюцца з лініямі дажджу, знікаюць... паяўляюцца зноў...
Цёпла, утульна, неспакойна...
Непадалёку ад хаты дождж сцішэў. А можа, яго тут не было зусім. Можа, тут не было суму?
- Дождж, ты прывёў мяне сюды, каб пакінуць каля самай мэты аднаго?- Раманавы рукі стомлена апусціліся на слізкія поручні мастка.
У бруднай канаве, на самым дне гнілога сметніка, злосна скавытаў прамокшы да ніткі вецер. Раман абыякава назіраў, як шалёна рваў ён з бліскучай кансервавай бляшанкі вузенькую палосачку паперы, перакульваў жоўтыя абрыўкі газет, гайдаў некалі ружовую бязногую ляльку, жудасна завываў у тоненькім рыльцы пляскатай бутэлькі з-пад адэкалону, забаўляўся, як футбаліст з мячом, з маленькім жаўтлявым клубочкам, падобным да...
- Яе сабачаня, - узрадавана падумаў Раман і збег уніз.
- Добра, што я знайшоў цябе. Але якое ты бруднае, мокрае. Нічога, я цябе выкручу і сагрэю каля свайго сэрца. Гэта гаспадыня выкінула цябе на сметнік, так? І колькі ж ты тут праляжала? Я занясу цябе на тваё старое месца, і ніхто больш не пакрыўдзіць цябе. Ты дапамог мне, ты, барбос. - Раман пстрыкнуў сабачаня па чорнай кнопачцы носіка і шчыра, упершыню за сем дзён, засмяяўся.
Шчанюк быў плюшавы і не чуў, як у грудзях, да якіх ён быў шчыльна прытулены Раманаваю рукою, горача калацілася ўзрушанае ЯЕ блізкасцю сэрца. А тым больш не чуў ён біцця яшчэ аднаго змучанага трывогаю і чаканнем сэрца. Ён не ведаў нават, хто вінаваты ў яго нядаўніх пакутах, як, зрэшты, не ведаў, ці пакутаваў ён увогуле.
Анатоль Крэйдзіч
Нарадзіўся 27 чэрвеня 1965 года ў в. Заверша Драгічынскага раёна. Да 1979 года жыў у в. Заверша, вучыўся ў Завершскай васьмігадовай школе. У 1979 годзе разам з маці пераехаў у в.Рудск Іванаўскага раёна. Тут пайшоў у 8 клас Рудскай школы.
Скончыўшы 8 класаў, паступіў у Ржэўскі саўгас-тэхнікум на агранамічны факультэт, які скончыў у 1984 годзе.
З 1984 па 1986 – на вайсковай службе ў гарадах Люберцы і Падольск Маскоўскай вобласці. Быў мастаком-афарміцелем.
У 1986 годзе паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі.
У тым жа 1986 годзе паступіў на працу ў калгас “Светлы шлях” (в. Рудск) інструктарам па спорце.
У 1987 годзе прыняты на працу карэктарам Іванаўскай райгазеты “Чырвоная звязда”. Хутка пераведзены на пасаду карэспандэнта газеты. Затым – загадчык аддзела, рэдактар раённага радыё, зноў загадчык аддзела газеты. Адначасова публікаваў свае творы – паэзію і прозу – у рэспубліканскай маладзёжнай газеце “Чырвоная змена”, літаратурных часопісах. У 1994 годзе ўбачыў свет у бібліятэчцы часопіса “Маладосць” празаічны зборнік “Права на ўсмешку”. У першай палове 90-х працу ў райгазеце сумяшчаў з працаю ў часопісе маладых літаратараў Беларусі “Першацвет”, у якім курыраваў Брэсцкую, Гомельскую і Гродзенскую вобласці, пасля быў пераведзены ў газету “Народная воля” на пасаду ўласнага карэспандэнта па Брэсцкай вобласці.
У 1992 годзе атрымаў дыплом журналіста ў БДУ.
Лаўрэат часопіса “Маладосць” (1992), прэміі БСМ у галіне журналістыкі і літаратуры (1995), прэміі часопіса “Беларуская думка” (2005), “Залатое пяро” (2009)...
З 1996 года – уласны карэспандэнт рэспубліканскай маладзёжнай газеты “Чырвоная змена” па Брэсцкай вобласці і Брэсцкай абласной газеты “Заря” па так званым Прыпяцкім рэгіёне Берасцейшчыны.