- Ну, што ты, на самай справе. Муж я табе ці не? Колькі ўжо хавацца можна?
- Хіба мы не спім разам голыя?
- Спім... але... - ён не знайшоўся што сказаць, змоўк.
- Што ў цябе ў сумцы?
- Кнігі.
- Колькі табе іх трэба? Гэта вялікія грошы, Раман.
- Ты вялікія грошы выкідваеш на свае анучы.
- Я хачу прыгожа апранацца. Мне яшчэ няма дваццаці. Вопратка неабходна кожнаму чалавеку, а вось кнігі... кнігі... Кніжка цябе не ўпрыгожыць.
- Упрыгожыць... унутрана.
- Лухта ўсё. Такія казкі я чула яшчэ ў дзяцінстве. Паказвай, што там.
Раман хуценька чыркнуў замочкам па пластмасаваму чарвяку «маланкі», і перад вачамі Рэгіны паявіліся чатыры рудыя томікі Васіля Быкава.
- Ну й колер. Куды іх цяпер? У сценку я такую дрэнь не пастаўлю, увесь выгляд папсуе.
- Што ты вярзеш. Ты проста не чытала Быкава. Ён святы для беларусаў. Яго чытае ўвесь свет.
- То няхай і пераплёт робяць адпаведны.
- Не хвалюйся, і прыгожа пераплятаюць. Толькі яны такім «эстэтам», як ты, дастаюцца.
- А такія дурні, як ты, падбіраюць тое, што ніхто не бярэ.
- Змоўкні.
- С-санітары кніжных крамаў. - Тоненькі месячык яе вуснаў скептычна скрывіўся.
- Рэгіна, мне здаецца... Ты не заўважаеш, як нацягнулася нітачка нашых адносін? Што будзе далей? Я ўжо не памятаю, калі мы з табою ў апошні раз нармальна, без папрокаў, гаварылі.
- Начытаўся, бедненькі: «...нітачка адно-о-осін». Мы жывём без года тыдзень, а ты гаворыш так, быццам прайшло жыццё.
- Кожнае імгненне - жыццё.
- У-у-у, куды загнуў. Паглядзі, у цябе сцёрся каўнер.
- Што з таго. Галоўнае, каб не сцёрлася душа.
- Ты пораш гарачку.
- Ты проста не разумееш унутранай прыгажосці. Ты не ўмееш бачыць яе.
- Я бачу прыгажосць, якую не трэба выдумляць. Паглядзі, якое слаўнае сабачаня. - Рэгіна весела падхапіла маленькі жаўтаваты камячок, падняла над сабою на сваёй маленькай ружовай далоньцы. Зазвінеў яе мілы сярэбраны смех.
- Ты купіла сабачку?
- Ага. Ён такі прыгожы і смешны.
- Ты стала купляць зусім непатрэбныя рэчы.
- Табе не падабаецца?