Частка чацвертая
БЫЛО ЦІ НЕ БЫЛО...
Здаецца, гэтага не было. Ці было?
Карчма «Пад плітамі». Ці атэль «Пад плітамі»?
Чаму ў галаве круціцца гэтая назва? Раней я ніколі не чуў яе.
Прахалода. Склеп тут, ці што?
Пад нагамі зазвінела-забраскатала. Пляшкі, ці які чорт?
Пляшкі з-пад «чарніла» і «белай» стаялі і ляжалі паўсюль на халоднай, даўно не меценай каменнай падлозе. Старая падзёртая канапа, засцеленая засаленай коўдрай няпэўнага колеру. Я спаў на ёй? Засланы газетамі стол. Што там? Агульны сшытак з павыдзіранымі старонкамі, аловак, недапітая пляшка «чарніла», вышчарбленая чарка, кавалачак сала, паўцыбуліны, сухарык, чэрап-попельніца з мноствам скурчаных «бычкоў», надарваны пачак з-пад танных цыгарэт, агарак тоўстай васковай свечкі, запалкі, зэдлік. Пад сталом пляшкі. Над сталом вузенькае запавуціненае акенца. Над галавою свеціцца прымацаваная да аголенага провада груша. Па кутках - пляшкі. Сцены падпіраюць карціны. Няскончаныя. Адна нібыта знаёмая. Недзе я ўжо бачыў такі пейзаж: на пярэднім плане рачулка, за ёю зялёны з яркімі плямінкамі кветак поплаў, за поплавам (Божа, якое тут усё знаёмае) бязважкія светлыя аблачыны бярозавага гаю на фоне цёмна-сіняй зубчатай сцяны старога бору. Асобныя бярозкі па адной ці купкамі павыбягалі на поплаў... Кружацца... Гарэзуюць... Дзе ж я ўсё гэта бачыў? І які змрочны прытулак.
Пад сталом між пляшак пакамечаныя лісты: белыя плямы на чорнай палітры. Відаць, з агульнага сшытка. Што яшчэ за сшытак такі? Зараз зірнем, што гэта за сшытак. Колькі лістоў спісаны няроўным размашыстым почыркам. Амаль усё напісанае густа пакрэслена. Божа, гэта ж мой почырк. Калі я ўсё гэта напісаў? І мае крэсленні. Толькі я гэтак крэслю: віхлястымі спружынамі. А загаловак не мой. Чысценькі, не пакрэслены. «Шчасце ў падарунак» - нібы выразаны з газеты і наклеены сюды. «І настаў час, калі я безнадзейна заблытаўся ў сабе».
Гм.
«Я нібыта развучыўся адрозніваць дабрыню ад зла, высакароднасць ад подласці, узвышэнне ад прыніжэння...»
Гм.
«Каб не страціць чалавечае аблічча...»
Якраз у гэты момант на вочы трапіўся асколак люстэрка. З яго пазіраў нябрыты счарнелы твар і зусім чужыя стомленыя вочы пасярод цёмных плямін. Нібыта той, што ў люстэрку, быў у акулярах з таніраванымі шклінамі.
Аблічча дык аблічча. Гэта яшчэ не той свет? Дзе я? Хто я? Што са мною? Аловак. Дзе аловак? Мне трэба ўспамінаць алоўкам. Чаму? Хто сказаў? Здаецца, нехта казаў, што я павінен успамінаць алоўкам.
Толькі б не збіцца...
Не збіцца...
* * *
- Майстар, вы робіце поспехі. Калі вы гэтакім тэмпам будзеце пісаць і далей, то рызыкуеце патрапіць у спіс самых пладавітых пісьменнікаў. За вамі не паспявацьме машыністка. Але чаму вы не нумаруеце старонкі?
Майстар? Пісьменнікаў? Што за д'ябальшчына.
На стале з'явілася поўная, яшчэ не адкаркаваная, пляшка «чарніла».
- О-о, я бачу, вы і гэтую не дапілі. Я пакідаў на пахмелле.
- Хто ты?
- Я? Люцыпар, вядома.
- Ты здорава нагадваеш мне аднаго майго сябра. Мастака. Яго завуць Аляксеем.
- Можаш называць мяне Аляксеем. У мяне шмат імёнаў. А я ўжо, барані Божа, падумаў, што ты памяшаўся, не пазнаеш.
- Дзе мы, Люцыпар? Нешта я ніяк не дапетру.
- У маім царстве, дарагі мой белетрыст.
- У пекле, ці што?
- Ну, калі гэтае сімпатычнае жытло нельга назваць раем, тады няхай будзе пекла. Я ж табе ўжо казаў: гэта мая карчма «Пад плітамі». Даруй, цяпер ужо гатэль «Пад плітамі». Пра яго ведаюць абраныя. Так што можаш быць спакойны: непажаданы госць цябе тут не патрывожыць.
- Скажы мне, Люцыпар, дзе я яшчэ мог бачыць вось гэтую карціну, што вунь ля той сцяны?