- Гэта не папрок, Рытка. Гэта споведзь. Ты ўсё правільна рабіла...
- Але не па-твойму.
- Так, не па-мойму, але ты ў гэтым не вінаватая...
- Дзякуй і за гэта...
- Не блазнуй, Рытка. Няўжо мы для таго пачыналі размову, каб вось гэтак недарэчна скончыць яе?
Рытка стомлена маўчала. Бачна было, што ёй надакучыла гэтая пустая балбатня. Яна апусціла галаву і нецярпліва церабіла кутасікі абруса. З цішыні зноў выплыла ціканне гадзінніка. Зірнула на стрэлкі:
- Божа, абедаць пара. Мы прабалбаталі з табою амаль тры гадзіны.
- Мы позна паснедалі.
Мне не хацелася на гэтым спыняць гаворку. Прадчуваў: калі зараз не знойдзем хоць якое паразуменне, то ўжо не знойдзем яго ніколі. Але ці можна знайсці тое паразуменне ўсяго за некалькі гадзін, калі яго не было ніколі.
Ні-ко-лі.
Я ажно схамянуўся.
Рытка заклапочана зірнула на мяне.
- Табе трэба адпачыць, Кастусь. Паспі. Альбо спачатку мо паясі, а тады ўжо паспіш? Што мы зменім? Будзем жыць, як жылі. Не горш, чым хто іншы, жывем.
Яна ўжо намерылася рушыць да пліты, каб падагрэць абед, але я спыніў:
- Я не буду есці. Калі хочаш, падагравай толькі сабе.
- Як хочаш.
Рытка зноў знерухомела за сталом.
Будзем жыць, як жылі. Як? Не кахаючы? А, можа, я ўсё-ткі кахаю яе? Можа, у мяне гэтакае адмысловае каханне? Можа, і яна толькі са злосці сказала, што не кахае, і не ўсё яшчэ страчана? Можа, гэта часовае расчараванне. У жанчын пачуцці хутка змяняюцца.
За што ж яна мяне пакахала? Што моцны, вясёлы, упэўнены... Маўляў, такі і пракорміць, і абароніць... А тут... самой трэба і карміць, і бараніць. А калі пачну яшчэ і жыццё ўскладняць рознымі там фантазіямі ды капрызамі, то і пакутаваць. Пакутаваць нібыта і з-за мяне, але ў той жа час і з-за сваёй абмежаванасці. Нібыта знаходзіцца ў якойсьці скарлупіне, і яе, гэтую скарлупіну, анічым не прабіць (відаць, яна прабіваецца толькі знутры), каб шырэй зірнула на свет.
Нарэшце я прамовіў:
- Не, Рытка, я не хачу жыць так, як жылі.
Рытка каторы раз цяжка, знясілена ўздыхнула:
- Што ты надумаў?
- Не ведаю, але...
- Вось так заўсёды. Ты ніколі не ведаў, што табе трэба. Звыкся, што я ўсё за цябе рашаю. Чакаеш, пакуль скажу: вяртайся на філфак свой, уладкоўвайся ў школу, напішы вершык... Дык вяртайся, уладкоўвайся, пішы... Рабі, што хочаш, толькі адчапіся ад мяне... Я, можа, таксама стамілася ўсё рашаць за цябе. І адказваць за цябе.
Як нешта падняло мяне з крэсла. Хацелася крыкнуць: « Ну чаму, чаму ты не скажаш, што ўсё адно будзеш кахаць мяне, што хочаш бачыць мяне шчаслівым, што паможаш мне знайсці сябе ў гэтым жыцці...» Але я не крыкнуў. Крычалі, відаць, толькі мае вочы, бо Рытка таксама ўскочыла і насцярожылася.
Я рашуча ступіў да дзвярэй.
- Куды ты? Такі...
- Пайду. Нап'юся... - адказаў ужо ад дзвярэй.
- Гэта адзінае, на што вы, мужчыны, па-сапраўднаму здатныя. Хоць прычашыся, - пачуў наўздагон і ўжо канчаткова рашыў, як адрэзаў: нап'юся.