- Будаўніком. Мулярам.
- Будаўніком? Кхэ-гэ, а я ўжо думаў, дзе ў школе. Гэтакі, бачыш ты, франт...
- Гэта ўжо Рытчына заслуга.
- Вох упяклася мне твая Рытка ў школе, - шапнуў і па-старэчы закрактаў-засмяяўся ў насовачку. - Як ты падабаўся, гэтак яна душу вымала. А гаспадыня, відаць, добрая.
- Ага. Увішная, клапатлівая.
- Бачыў у ёй гэтую струнку, кхэ-гэ. А ты ўсё ж дарма ўніверсітэт кінуў. Вернешся яшчэ да свайго, але каб позна не было. Э-э, ды што там гаварыць, кхэ-гэ, выпі лепш, а то без цябе ўсё павыжлуктваюць. Толькі помні маё слова: не цагліну да цагліны, а слова да слова ты нарадзіўся падганяць.
Купрэевіч біў не ў брыво, а ў вока.
Узводзячы сцены дамоў, я нібыта замуроўваў, цагліна за цаглінай, сваю існасць. А ён узяў і адным махам разбурыў гэты мой незавершаны мур, агаліў тое, што балела, ныла недзе ў сярэдзіне.
Якраз у гэты момант на Купрэевіча накінулася матэматычка - вясёлая, распараная гарэлкай, смехам, застольным вэрхалам:
- Годзе вы ўжо тлуміць галаву Кастусю, нябось, не на ўроку.
Падняла чарку.
- Усе вунь якія вясёлыя, адно вы як на хаўтурах. Кастусь, чаго такі кіслы? А-ну, дзяўчаты, развесяліце гэтых нашых самотнікаў.
- Зараз я ім займуся. - Ганка, мажная кабета, перагнулася цераз Рытку, наліла мне.
Купрэвіч хітравата ўсміхаўся і крактаў у скамечаную насовачку.
Калі развітваліся, дырэктар, добра захмялелы, нязвыкла разняволены, пажадаў нам з Рыткаю хутчэй засяліць новае жытло і не забыцца на яго, калі будзем ладзіць уваходзіны.
- І кошку займейце... Кошка першаю павінна парог пераступіць.
* * *
- Усім так спадабаліся нашы марынаваныя грыбы. Ты заўважыў? Усё пазаставалася, а грыбы з'елі да адненькага.
Гэта былі першыя Рытчыны словы па-за святам, калі мы засталіся ўдвух на цёмнай вясковай вулачцы.
Я думаў пра іншае, пра Купрэевіча. Які, аднак, праніклівы чалавек. І які на ім быў старэнькі, пацёрты пінжак. Я тады ненавідзеў свой франтаваты гарнітур-троечку. Здавалася, менавіта ён выдаваў перад Купрэевічам маю бездапаможнасць.
Мне ўсё карцела адкрыцца Рытцы, выгаварыцца, памеркаваць разам з ёю, што мне рабіць далей, як знайсці сябе.
Калі ранічкаю наступнага дня ад бацькоў вярнуліся ў сваё ціхенькае, без звыклага дзіцячага звону, жытло і Рытка заспяшалася да сваякоў па дзяцей, я схапіў яе за руку, прыцягнуў да сябе... «Ну, вось і ўсё, зараз скажу ёй, што кідаю будоўлю, вяртаюся ва ўніверсітэт, буду настаўнічаць, пісаць... Карацей, рабіць тое, што мне даспадобы».
Рытка лёгка паддалася, можа, нават хацела, каб я затрымаў яе. Пэўна, падумала, што хачу пацалаваць, і пацалавала першаю.
- Я хачу цябе, - нечакана для сябе самога прамовіў зусім не тое, што круцілася на языку. Чаго-чаго, а блізкасці з ёю ў гэтыя хвіліны мне якраз не хацелася.
Яна ўзяла маю галаву ў далонькі, доўга ўзіралася ў мяне. Гэтак яна, пэўна, аглядала б салодка-сакавіты гарбуз перад тым, як з'есці. Сказала, нібы праспявала:
- А я з учарашняга вечара не дачакаюся, каб застацца ўдваіх, каб прытуліцца да цябе, каб нам доўга-доўга ніхто не мяшаў цешыцца.
Я, відаць, доўга стаяў у нерашучасці, і Рытка, не чакаючы, пакуль пачну дзейнічаць, сама пачала распранаць мяне. Заўсёды акуратная, цяпер яна абы-як скідвала ў фатэль мае касцюм, гальштук, сарочку. Яе ўзбуджанасць перадалася і мне. Хутка мы забыліся на час, на дзяцей, на ўсё, акром сябе.
Пасля блізкасці ахвота пагаварыць не прайшла, але ўжо не хацелася быць такім катэгарычным. Мы ляжалі на канапе нічым не прыкрытыя, разамлелыя.
- Мусіць, праўду казаў на сустрэчы Купрэевіч. Не трэба было мне ні ўніверсітэт кідаць, ні мулярам уладкоўвацца. - Я нібыта разважаў уголас, гледзячы ў столь.
- Ён так і сказаў?