- Не ездзіла то не ездзіла. Але ён не надта кідкі, няяркі.
- Затое элегантны.
- Быў элегантны. Цяпер быццам бы малаваты. А я хачу свабодны. Не, не буду апранаць яго. У мяне вунь ёсць яшчэ шоўкавы адрэз...
Выцягнула з антрэсолі адрэз.
- ... Праўда, малюнак яркі? І модны. Цяпер сама такія носяць.
- Што, пабяжыш шыць?
- Пабягу.
На сустрэчу ў школу прыбылі амаль усе. Рытку мала хто пазнаваў. Яна была ў навюткім, пашытым сяброўкай модным гарнітуры: доўгай, пашыранай знізу «спадніцы» з «глыбокімі» разрэзамі, якія хаваліся ў раскошных складках, і гэткай жа яркай жоўта-чырвона-чорна-сіняй кофтачцы. Зірнеш збоку: як ёсць гарадская пані: гордая, непрыступная, дагледжаная. Міжволі падумалася: калі б вось з гэтакай, цяперашняй Рыткай давялося знаёміцца, бадай, пабаяўся б і падысці, загаварыць.
Мы паселі за сталом разам, але на нейкі час нібыта адно на аднаго забыліся. Леваруч ад мяне прымасціўся сухенькі хваравіты настаўнік мовы і літаратуры Купрэевіч. Шмат хто баяўся яго нават пасля школы, гэтакі ён быў строгі на ўроках.
Рытка апынулася поруч з жонкаю аднакласніка. Яны як бач сышліся, хоць толькі што пазнаёміліся, нешта заўзята адна адной даводзілі.
- Вы з мужам так вылучаецесе між усімі, на вас прыемна глядзець, - пачуў краем вуха.
- Я такая шчаслівая, такая шчаслівая, Ганачка, - шчабятала Рытка. Нахілілася да суразмоўцы, зашаптала: - калі б у школе хто сказаў, што ў мяне такі муж будзе, у вочы плюнула б, падумала б, што цвеляць. І не марыла нават, і не гадала, што адхаплю таго, каго сама сабе выбрала. Такі ўжо харошы. І купляе мне ўсё, і кахае, шкадуе. Бацька родны ніколі гэтак не шкадаваў. Мы ўжо з ім і на машыну назбіралі, і катэдж, дасць Бог, да зімы заселім.
- У горадзе?
- Ага, у горадзе. Папіхаць, падганяць, праўда, трэба, - зашаптала яшчэ цішэй, у самае Ганчына вуха, і я ўжо не разбіраў яе слоў.
- А яны, мужыкі, усе такія, - адказала на яе шаптанне новая сяброўка. - Мужыкам што - адрабіў, выпіў з хлопцамі, прыйшоў, наеўся, і ў тэлевізар. А нам, жанкам, круціся, дагледзь і хату, і дзетак...
- Мой дык не п'е. - Рытка азірнулася на мяне. - А калі трэба, то і вып'е.
Мяне ахапіла нейкая пяшчота да Рыткі. Любіць, ганарыцца мною, а я, як матка казала, і праўда нейкі няўвішны, непрабіўны. Гэтая думка праскочыла мімаходзь і адразу сцёрлася. Нам ужо паналівалі, запрашалі выпіць.
Купрэевіч наліў сабе вішнёвага кампоту. Я зірнуў на яго запытальна.
- Адпіў сваё, Кастуська, - зразумеў ён мой позірк.
Тосты прамаўлялі дырэктар школы Макарый Іванавіч, настаўнікі, былыя вучні. Я таксама зрыфмаваў колькі слоў. Іх, здаецца, мала хто пачуў. Людзі падпілі і гаманілі, гаманілі... Кепка са сваёю школьнаю прычоскаю (ён аніколькі не змяніўся) абводзіў усіх невідушчымі вачыма, па твары гуляла крыху прыдуркаватая бяскрыўдная ўсмешка.
- Я, Кастусь, знарок сеў каля цябе, кхэ-гэ, - скубануў мяне за рукаў Купрэевіч. - Даўно, кхэ-гэ, пагаманіць хацеў.
У яго ў горле - высахлым, рэльефна праступала кожная жылка - нібы сядзеў склізкі камяк, які, каб сказаць слова, трэба было прабіваць крэктам.
- Чытаў я твой вершык, кхэ-гэ. Мусіць, усё тваё чытаў. Толькі ты нешта мала пішаш.
Я прамаўчаў, не ведаў, што адказаць.
- А я ведаў, што ты пісаць будзеш. Ведаў, калі ты во яшчэ такенькім быў. - Ён апусціў далонь ніжэй стала. - Можа, у другі клас пайшоў. Дык, гэта, ішоў неяк паўз ваш агарод, кхэ-гэ. Гляджу, сядзіш на ўзмежку, пяеш. Прыслухаўся. Ну, думаю, гэтак ладна сачыняе. Парадаваўся, што добры вучань да мяне прыйдзе. І не памыліўся. А дзе ты зараз, кхэ-гэ. Універсітэт скончыў?
- Перавёўся. У інжынерна-будаўнічы.
- У будаўнічы? Навошта, кхэ-гэ?
- Жыццё...
Хацеў сказаць нешта яшчэ ў сваё апраўданне, але патрэбных слоў не знайшоў.
- Жыццё, кажаш, кхэ-гэ. Ты пра жыццё мне не кажы. Малады яшчэ. А кім жа ты, кхэ-гэ, працуеш?