Пасля гэтых слоў хлопец гатовы быў хоць зараз з усіх ног імчаць да яе ў той маленькі ўтульны пакойчык з сінімі валошкамі на вялізным плакаце-календары.
* * *
Усе мы залежныя ад волі нашага ўладара — усемагутнага Лёсу, добрага і бязлітаснага ў адначассе. У яго свае правілы, свае ўмовы гульні, якімі ён ніколі і ні з кім не дзеліцца. Усё вырашае сам — Бог і д'ябал у адной асобе. Некалькі дзён назад ён захацеў злучыць, звязаць у адзін вузел дзве нітачкі чалавечых жыццяў і зрабіў гэта самым неспадзяваным, нейкім не зусім нават натуральным чынам. Жэнік адчуваў, што калі яму і не выпадзе сустрэцца больш з Валяй, дык вузел гэты ўсё роўна доўга-доўга будзе тлець у яго сэрцы пякучым вугольчыкам. Зараз жа Лёс захацеў, каб тае прагна чаканай сустрэчы не адбылося, і вось ужо юнак імчыць у цягніку дамоў, туды, дзе яго чакаюць бацькі і сціплая вясковая дзяўчына Марыя.
«Дома нешта здарылася, гэта бясспрэчна, — трывожныя думкі заглушалі грукат цяжкіх жалезных колаў цягніка, нацягвалі кожную мышцу яго маладога здаровага цела, вымушалі іх напружана дрыжаць, як пры цяжкай рабоце. — Але што, што магло здарыцца? Чаму такі скупы на словы быў гэты ліст ад Марыі? У ім нічога не растлумачана. Можа... самае горшае? Не. Тэлеграма была б».
На процілеглай лаўцы сядзела немаладая вясковая кабета ў ярка размаляванай хустцы, ела вараныя яйкі і хлеб. Затым бялявая ружовашчокая правадніца прынесла чай, і жанчына пачала сваімі непаслухмянымі, пакрыўленымі і патрэсканымі пальцамі развязваць зашмальцаваную насоўку, у якой ляжалі некалькі пяцірублёвак і адна дзесяцірублёвая паперка. Капеек не было.
Рукою, падобнаю больш на сухую альховую галінку, жанчына працягнула правадніцы грошы. Зрабіла яна гэта да таго няўпэўнена, нават з непрыхаваным страхам, быццам апраўдвалася, што ў яе не знайшлося капеек.
— У мяне няма здачы, — наганяючы на жанчыну яшчэ больш страху, адрэзала правадніца. — Калі размяняеце сваю пяцёрку, тады і прыйдзеце па чай.
І правадніца падхапіла са стала ахутаную парай шклянку ў металічнай падстаўцы.
— Хвіліначку, — спыніў яе раптам Жэнік. — Вось вам капейкі. Стаўце чай на стол.
Ён сам выхапіў з пухленькіх дагледжаных рук гарачае пітво, паставіў перад жанчынай.
— Дай Бог табе здароўя, сыночак, — толькі і прагаварыла тая, абдымаючы, быццам нейкую вельмі каштоўную рэч, звычайную шклянку, напоўненую духмяным напіткам.
— Х-хэ, рыцар знайшоўся, — ацаніла яго ўчынак правадніца і знікла за дзвярыма.
Жанчына дрыготкімі рукамі разгарнула паперку, узяла дзве тоненькія белыя цаглінкі... У шклянцы жвавай сінічкай зацінькала бліскучая лыжачка.
У яго маці такія ж патрэсканыя, грубыя, абветраныя рукі. Праўда, грубыя яны толькі з выгляду, а на самой справе вельмі пяшчотныя і мяккія — гэта хлопец добра памятае яшчэ з дзяцінства.
У Валі таксама пяшчотныя рукі. Але іх пяшчота зусім іншая — узбуджае, дурманіць, падбівае да неабдуманых дзеянняў. Рукі ж маці супакойваюць, наганяюць здаровы і моцны сон, лечаць ад усялякіх стрэсаў, душэўнага прыгнечання, перажыванняў.
Дотык Марыіных рук ён чамусьці ўжо не памятае. Ды і вабіла ў ёй Жэніка нешта зусім іншае. А што, ён і сам дакладна не ведаў: ці то ўнутраная нейкая прыгажосць, ці шчырая, з ямачкамі на шчоках, усмешка, ці жывыя і бойкія, з затоенай недзе ў глыбіні дзікаватасцю чорныя выразныя вочы. Хутчэй за ўсё, вабілі ўсе яе вартасці, узятыя разам.
Жэнік раптам акінуў адным усеабдымным успамінам сваё жыццё, пачынаючы аж з таго далёкага часу, які ён толькі мог узнавіць у памяці. І хаця жыццё было пакуль што вельмі і вельмі кароткае — нядаўна размяняў трэці дзесятак, — ён склаў з яго па нейкай сваёй, нікому не вядомай схеме цэлы горад — горад успамінаў. Шчаслівыя выпадкі набывалі ў ім формы раскошных палацаў і шырокіх праспектаў, няшчасныя або нежаданыя з'явы нагадвалі маленькія, увагнаныя па вокны ў зямлю хаткі, якія даўно патрабуюць злому, хвіліны смутку юнак абазначаў вуліцамі без асфальту, на якіх заўсёды вільготна і няўтульна... Вось так і атрымліваўся ў Жэніка цэлы горад, вельмі падобны на сапраўдныя гарады, якія ён паспеў убачыць.
Цяжкія колы цягніка грукаюць манатонна, быццам адбіваюць мелодыю, а хлопец у вагоне, закалыханы ёю, блукае і блукае па няўтульных вуліцах свайго асабістага гарадка, час ад часу зазірае ў маленькія скасабочаныя хаткі: у адной з іх маці плача над памёрлай бабуляй, у другой ляжыць цяжка хворы бацька і просіць пасядзець з ім. «Няўжо ў маім горадзе прыбавіцца яшчэ адна такая чорная хаціна? — думае хлопец. — Нашто яны ў горадзе? Няхай бы ўсё было добра». Раптам брудная вузкая вулачка выводзіць яго на новы светлы праспект, высланы рознакаляровым зіхатлівым брукам, які ўпіраецца ў велічны палац; такой прыгажосці ў сваім горадзе юнак яшчэ не бачыў ніколі. Ахоплены цікаўнасцю, ён адчыняе запаветныя дзверы і... нечакана трапляе ў абдымкі Валянціны. Яе лёгкія, быццам крылы матылька, рукі песцяць ягоныя шыю і твар, дрыготкія вусны слізгаюць полымем па яго вуснах. Залаціста-зялёныя вочы яе на залацістым твары і пад залатою кудзеляю валасоў сабралі ў сабе, здаецца, усе знічкі, якія толькі ёсць на небе. Яны блішчаць і іскрацца. Іскрыцца і ўвесь пакой у палацы. Здаецца, усё тут выраблена з золата.
«Чаму я ні разу не наведаў палац, у якім жыве Марыя? — спытаў ён у самога сябе перад тым, як заснуць, а можа, нават і ў сне.
* * *
Пад цёплымі промнямі чыстага вясенняга сонца цямнее, плавіцца снег на палях. Ноччу ён падмярзае, пакрываецца зверху нетрывалым шурпатым панцырам, а днём зноў слязіцца, яшчэ больш асядае, прыпадае да чарназёму, робіцца порыстым, нібы гумавая мачалка. Пасля поры растуць, выядаюць апошнія снежна-ледзяныя крышталікі, і сонцу адкрываюцца бліскучыя чорныя камячкі зямлі. У некаторых месцах глеба набрыняла, і вада, не маючы куды дзецца, застойваецца на паверхні, утвараючы невялікія лужыны.
На прысядзібным участку Андрэя Галубка лужын не бывае ніколі. Ён не дае ім застойвацца. Своечасова адводзіць раўчукі (адзін паміж полем і мяжой, астатнія — у залежнасці ад нізкіх месцаў), па якіх цёмная, змяшаная з брудам вада сцякае ў невялічкі штучны вадаём, выкапаны Галубком яшчэ ў тыя далёкія часы, калі ён працаваў на калгасным экскаватары.
Зараз ён чысціць ад усялякага бруду — камякоў зямлі, ламачча, шэрых каменьчыкаў — тоненькія водныя шляхі, падганяе рыдлёўкаю ваду, спявае мала каму вядомую сёння, але яшчэ не забытую песню.
Жэнік непрыкметна падыходзіць да плота, убірае ў сябе да болю знаёмыя голас і словвы:
Бацька заганяе рыдлёўку ў неадталую яшчэ зямлю, і на вяршок адпаліраванага дзяржальна апускаецца яго шырокая цяжкая пяцярня з набрынялымі карэнішчамі венаў. Бацька засяроджана назірае, як збягае па раўчуку ўчарашні снег, як спяшаюцца ў вялікую ваду маленькія крохкія льдзінкі, якія нават тут дахітраюцца налазіць адна на адну, крышацца на яшчэ больш дробныя часткі, імітуючы сапраўдны рачны крыгаход.
— Дзень добры, тата, — вітаецца сын.
— Здароў сынок, здароў, — не хаваючы радасці, адказвае, павярнуўшыся, бацька. — Ты што, на канікулы?
— Якія зараз канікулы, тата.
— А як жа ты прыехаў? З заняткаў уцёк?
— Чаму ўцёк. Адпрасіўся. Марыя напісала, каб тэрмінова прыехаў дахаты. Я падумаў — нешта здарылася. А што, усё нармальна тут?