— Што-о-о? У калгас? — зноў заходзяцца ад смеху дзяўчаты. — Да гэтых трактарыстаў мурзатых? Што мы там з імі рабіць будзем? Навучаць верхавой яздзе? Ха-ха-ха...
Хлопец, збіраючыся ісці, яшчэ раз акідвае ненавісным позіркам сваіх суседзяў, з гідлівасцю заўважае, як лапае стары сваімі поўнымі і белымі, нібы вылепленымі з цеста, рукамі тонкі дзявочы стан.
— Гэй, студэнт, — чуе ўжо наўздагон, — адну хвілінку.
Азіраецца. Дзяўчынка спрытна адводзіць ад сябе руку «жаніха», лёгка, нібы матылёк, падлятае да яго. Не паспеўшы апамятацца, хлопец адчувае, як леглі на плячо яе мяккія пальчыкі.
— Мне надакучыў гэты стары, — быццам аднекуль здалёк, з іншага вымярэння, ловіць ён здзеклівы, з адценнем капрызу галасок і зусім блізкі смех. — Хачу быць з табою. Ты запросіш мяне ў рэстаран?
Такога павароту, відаць, не чакаў ніхто. Хлопец разгубіўся і маўчаў. Мужчыны аслупянелі.
— Што ты стаў як пень. Пайшлі адсюль. Я ж сказала, што з імі быць не хачу.
І яны выйшлі.
— І куды ж мы? — спытаў, абы не маўчаць, збянтэжаны юнак.
— Калі хочаш, пайшлі да цябе, — усё гэтак жа весела і бессаромна прапаноўвае спадарожніца.
— Гэта немагчыма.
— Тады пойдзем да мяне. Калі ты джэнтльмен, то не адмовішся правесці дзяўчыну дахаты. — Яна зазірае ў самую глыбіню яго вачэй, смяецца іскрыстым, задзірыстым смехам. — У тваіх вачах адбіваецца неба. Не, не адбіваецца — яны ўвабралі ў сябе цэлае неба. Такія глыбокія, чыстыя і светлыя.
Ён крывіць вусны недаверлівай, іранічнай усмешкай:
— Ты ўсім сваім хахалям так гаворыш? І гэтаму старому тое ж казала?
— Ага, казала, — ужо з нейкім раздражненнем парыруе яна.
Пасля гэтых слоў хлопцу падалося, што дзяўчына зусім не такая, якую строіла з сябе ў кафэ.
— Як ты вызначыла, што я студэнт?
— У цябе ж на ілбе напісана. А ведаеш, на каго ты падобны? — да дзяўчыны зноў вяртаецца весялосць. — На Морыса-мустангёра з фільма «Коннік без галавы». Памятаеш, у яго таксама былі прамыя і доўгія светлыя валасы, ён таксама быў высокі і стройны. Гэта мой любімы кінагерой. Я цябе таксама буду называць Морысам, добра?
— Заві. Але ў мяне няма мустангаў, — кідае ён з кропляй іроніі.
— А мне мустангі і не патрэбны.
— Жалезнага мустанга ў мяне таксама няма.
— Я ж, здаецца, сказала, што мне мустангі не патрэбны.
— Як жа тады мне цябе называць?
— Маё імя Валянціна. Так і называй.
— А маё — Жэнік.
Жытлом Валянціны аказаўся інтэрнат. Высокі, нібы слуп, абкладзены барвовай пліткай, ён узвышаўся над суседнімі будынкамі.
— Ты мне пазвоніш? — запыталася яна каля дзвярэй. І, не чакаючы адказу, прадыктавала нумар свайго рабочага тэлефона. — Гэта бальніца. Я там працую медсястрой, — дадала, амаль прытуліўшыся да вуха. Цмокнула яго ў шчаку і знікла. Быццам і не было. Толькі за дзвярыма гулка зацокалі абцасікі.
«Ну і гісторыя», — крутнуў галавою Жэнік і засмяяўся. Затым ён імчаў на аўтобусе да свайго студэнцкага інтэрната. Ужо змеркалася, і перад вачыма праляталі, быццам вялізныя снежкі, блакітна-белыя плямы ліхтароў. Сёння яны здаваліся асабліва яркімі, нават урачыстымі. Хацелася імчацца ўсю ноч, каб хоць крыху астудзіць узрушаныя, узбунтаваныя пачуцці.
* * *
На наступны дзень яны сядзелі ў маленькім рэстаранчыку за столікам ля самай эстрады. Жэнік упершыню наведаў такую ўстанову і адчуваў сябе не зусім ёмка. Але не толькі гэта было прычынай ніякаватасці. Усяго некалькі гадзін назад ён атрымаў ліст ад сваёй дзяўчыны з вёскі, поўны пяшчоты і нейкай, цяпер ужо, здавалася, наіўнай шчырасці. Хлопец глядзеў на багата сервіраваны стол, на ўсе гэтыя закускі, салаты, крышталёвыя шклянкі, бутэлькі; глядзеў на асляпляльную, свежанькую Валянціну ў белай вязанай сукенцы, якая пакідала адкрытымі прыгожыя крамяныя плечы і частку грудзей. Ён бачыў перад сабою Валянціну, а сам успамінаў спатканні з Марыяй у дамоўленым месцы за ваколіцай. Божа, як адрозніваліся гэтыя сустрэчы — тыя, што былі ў вёсцы, і сённяшняя. Як не падобны адна на адну Марыя і Валя. Прыкладна так, як не могуць быць падобныя саматканая сялянская світка і модная імпартная кофтачка.