— Не можа таго быць, каб нічога не здарылася. Ну ніяк не можа быць...
Права на усмешку
А Божачка ты мой, як жыць чалавеку, калі i на радасць, на ўсмешку шчырую i адкрытую ён ужо не мае права. Ненавіснае яно, жыццё такое. Ды хоць бы хто іншы, чужынец які адбіраў тое права, дык жа не — дзіцё роднае. Ну, ці ж не крыўдна, ці ж патрэбна каму жытка такая?
...Агатка калі атрымлівала ў калгаснай канторы пенсійнае пасведчанне, дык вырашыла, што працаваць ужо хопіць. Толькі не падумайце, што палайдакаваць захацела кабета. Не, работы яна ніколі не цуралася. Дзякаваць Богу, усё жыццё на ферме i круцілася. Ды як яшчэ працавала. Ого-го, ніхто гэтак не працаваў, як яна. I «ўдарнікам камуністычнай працы» была, i «заслужанай даяркай»... Ніхто ў гаспадарцы не атрымліваў гэтулькі ўзнагарод, ніхто гэтак не шанаваўся (i ў газетах пісалі-распісвалі, i на ўрачыстасці ездзіла ажно ў Маскву), але ніхто i не працаваў як яна — да знясілення. Вы ж не думайце, быццам бы жывёлагадоўчыя фермы былі заўсёды такія, як цяперака, што i гной з кароўнікаў транспарцёры выносяць, i кароў апараты самі дояць — цягнуць саскі, адно падключаць ix паспявай. Быў жа час, калі ўсё гэта рабілася ўручную. То прыбяжыць ні свет ні заpa (якраз самы салодкі сон у людзей у гэты час), падчысціць сваю групу на дваццаць шэсць галоў, саломкаю ці пілавіннем падсцеле, пагладзіць кожную рагулю ўжо тады не зусім каб паслухмянымі пальцамi, i зазвіняць, упіваючыся ў ацынкаванае днішча даёнкі, духмяныя пругкія струменьчыкі.
Аднаго разу прывяла з сабою памочніцу — дочаньку Рытку, якая тады ў восьмы клас хадзіла. Ледзь дабудзілася. А як прыйшлі на ферму, тая ў салому зашылася, i хоць ты ёй стрэльні — слухаць не хоча ні пра якое даенне. З таго часу больш не брала яе. Сорамна было перад іншымі даяркамі, якім часцяком дапамагалі нават малодшыя даеці. Так сама i цягнула гэты нялёгкі груз, бо спадзявацца болей не было на каго. Мужа яшчэ зусім маладою пахавала, калi Рытка ў першы клас збіралася. Адправіла на пачатку лета ў заробкі жывога i здаровага, а пад восень сустрэла мёртвага. Будаўніком быў. Зваліўся з вышыні на кучу друзу i сканаў на месцы. Так сама i выгадавала сваю Рытку, песціла як магла, а цяпер во баяцца пачала крывінкі роднай. Як толькі патэлефануе, што хутка прыедзе, дык аж сэрца зашчыміць: «Лепш бы не ехала, лепш бы я сама спакойна свой век дажыла».
...Не, лайдакаваць для Агаткі — тое самае, што ў труну жыўцом класціся. Намер кінуць працу прадыктаваны зусім іншым: рукі не слухаюцца, баляць нясцерпна штоночы аж да самых плячэй, а пальцы гэтак пакрывіла (што на руках, што на нагах — там i там адзін на другі залазіць), што не ведае, куды i схаваць ix на людзях.
Во бяда якая.
I як бы ні ўгаворвала цяпер Рытка сваю маці, каб яшчэ крыху папрацавала (не будзе ж адкуль цягнуць, як раней), усё ж вырашыла — хопіць. Не пайшла болей на ферму. A пенсію тую ўсё не нясуць ды не нясуць. Месяц прайшоў, другі, трэці. У кашальку — вецер гуляе. Дачка не заяўляецца. Ды ўсё ж аднойчы на пачатку лета прыкаціла з мужам, маўчуном-боравам, i сынамі-школьнікамі сваім сінім бліскучым «жыгулёнкам» на выхадныя. А тыя ўнучыкі, нібы пеўні, у высокіх спартыўных шапачках, толькі на парог i адразу з пытаннем:
— Баба, ты ўжо пенсію атрымала? (Калі былі меншымі, дык торкалі ёй у жывот стваламі пластмасавых аўтаматаў i крычалі наперабой: «Баба, дай сто рублёў, а то застлэлім».)
— Не, унучкі, не атрымала яшчэ.
— О-о-о,— крывілі яны вусны.— Ты цяпер нам нічога не дасі.
— Чаму ж не дам? Во, яблычкаў, груш сушаных вазьміце. А во гарбузікаў.
I дзеці лагаднелі. Адно Рытку, трэску тую, не вельмі ўлагодзіш нейкімі там семкамі. Яна безупынку бурчала:
— Я ж казала, не кідай работу. А цяпер во сядзіш без капейкі.
А пасля, нат не прыняўшы запрашэння паснедаць, скамандавала мужу:
— Паехалі ў магазін. Тут у вёсцы можна на такі харошы тавap нарвацца, які ў горадзе разоў у тры даражэй пойдае. Паехалі, мо шчж ў якую іншую вёсачку заскочым.
Яны ад'ехалі, а Агатка на агарод. Там гарбузы праростаюць, дык праверыць захацелася, ці не павыцягвала тыя парастачкі вараннё (упякліся ўжо гэтыя надакучлівыя птушкі).
На градах i праўда вытыркаліся то тут, то там па пары цёмна-зялёных, авальнай формы лісточкаў, сцягнутых зверху светленькімі лупінкамі. Быццам бы маленькія чалавечкі вырашылі распрануцца i ўзнялі ўгару рукі, знімаючы белыя сарочкі. Але так i застылі, трымаючы над сабою апратку. Агатка калі садзіла ix, дык доўга слязьмі аблівалася. Вырые пальцамі ямку, кіне туды рагатае пазубленае зярнятка, сыпне зверху жменькі са тры зямлі. Сыпне i заплача: на вечка труны, пад якім дарагі чалавек ляжаў, таксама тры жменькі зямлі сыпала. Цяпер міжволі па думала: “Ну вось, я вас пахавала, а вы зноў усталі, цягнеце ручанькі да неба. Толькі ты, мой саколе, не ўстанеш, не прарасцеш ужо. Ад нас з табой адно зелле i застанецца”. I змахнула крывым парэпаным пальцам слязінку з твару, што пачаў маршчыніцца.
...Невясёлыя думкі Агаткі перапыніла Зося — вясковая паштальёнка. Маленькая, сухая, заўсёды вясёлая тараторка.
— Танцуй, мілая, прынесла табе нешта,— засакатала яна, ледзь ступіўшы на ўтравелы падворак.
— Няўжо пенсію? — не ўтрывала, каб не спытаць, Агатка.
— Ды яшчэ якую пенсію. Падстаўляй торбу, бо ў кашалёк не ўлезе.
— То хадзі... Хадзі, Зосечка, у хату.
— Го, не толькі зайду, але i чарку з цябе здзяру. Покуль не нальеш, не аддам грошай. Як сабе хочаш.
— Ці ж я шкадавала калі, Зосечка,— Агатка прапусціла ў хату няўрымслівую госцю.— Садзіся во ў куточку, я зараз.
— Калі б ты шкадавала, я б i не гаварыла так.
На стале з'янілася бутэлька «Белай вежы», сала, кіслая капуста... А Зоська пачала адлічваць грошы, быццам бы раскідвала з калоды карты.
— Во, роўна семдзесят дзве тысячы. Трыццаць шасць зайчыкамі i трыццаць шэсць — рускімі.
— Не можа быць, каб столькі...
— Можа. Гэта ж зa чатыры месяцы. А за апошні ўжо ідзе падвоеная.