— Гэты запіс у цябе атрымаўся вельмі доўгі. Але ты забыла назваць дату, калі ён рабіўся.
— Гэты запіс захаваўся толькі ў маёй памяці. У сшытку ён выглядаў бы занадта пачварна. А яго ж разграфаваныя лісты былі маім жыццём. Я сама ператварылася ў гэты сшытак.
— Ты падманвала сябе.
— Магчыма. Але так было.
— Са мною ты таксама цалавалася дзеля запісу ў сшытку?
— Гэта пытанне-папрок?
— Не, я задаў яго з цікаўнасці.
— Тады адкажу. Не варта скідваць з рахунку, што я ўсё ж была дзяўчынаю. І дзяўчынаю дарослай. Я нават пачувала сябе жанчынай, і з табою зусім забывалася на сваю хваробу. Яна мяне ненадоўга адпускала. Але ў рэшце рэшт мне наканавана было так і застацца разграфаваным сшыткам. Хочаш, я пакажу табе свой адбітак?..
Не чакаючы адказу, яна падхапілася, скіравала да кніжнай шафы, і я ўбачыў перад сабою зусім не тое, чым любаваўся колькі гадзін таму. Гэта была постаць няшчаснай, стомленай жанчыны. І я падумаў: гэтая хвароба ўсё ж даканала яе.
Не, яна не горбілася. Але рухалася так, нібы наперадзе стаяла гільяціна і ёй трэба горда пакласці на яе сваю галаву. Горда і толькі горда, каб не выклікаць жаласлівасць у некага з тых, хто з прыкрасцю сочыць за кожным яе рухам. Здаецца, ззаду, з бакоў жанчыну акружылі вясковыя бабкі-балбатухі і скрушна ківаюць галовамі: «Хто б мог падумаць, хто б мог падумаць. Які жах, які жах. Жыві проста, кажуць, пражывеш год да ста. Не хоча «проста», не хоча».
Шафа была вялізная і са шклянымі дзвярыма, за якімі я знайшоў вачыма чорныя вокладкі Поўнага збору твораў Леніна і мноства бліскучых, яркіх пераплётаў. Можа, гэта былі кнігі з серыі эратычных бестселераў. А калі адчыніліся ніжнія непразрыстыя дзверцы, увагу прыцягнулі цэлыя стосы тонкіх і агульных сшыткаў. Напэўна, сярод іх ляжалі і вучнёўскія дзённікі. Вераніка ўзяла самы верхні, абцягнуты бялюткаю штучнаю скураю. Выглядаў ён як новы: чысценькі і акуратны.
Я падхапіў яго з вялікай асцярожнасцю. Адчуваў — я першы пасля Веранікі, хто гартае гэтыя пазначаныя чужою таямніцаю старонкі. Большая палова іх аказалася спісаная раўнюткім курсівам і разграфаванымі на тры гарызантальныя паловы: першая — дата, другая — асноўны запіс і трэцяя, самая вузкая (прыкладна два-тры сантыметры шырынёй) аддзяляла чыстае поле. Почырк на першай і апошняй старонцы мала чым адрозніваўся. Можа, з часам ён стаў хіба толькі болей размашысты.
— Каб не займаць лішнія хвіліны, я пакажу табе той запіс, дзеля якога ўзяла гэты сшытак. Вось ён.
І яе бліскучы чаўнок-пазногаць спыніўся на даце: 7 снежня 1988 года.
«Сёння я дакладна ведаю, што павышэння мне давядзецца чакаць зусім не доўга. Не пройдзе і трох месяцаў, як кабінет, на дзвярах якога цяпер вісіць бліскучая ромбападобная шыльда з надпісам: «Сакратар крайкома т. Няфёдаў А.К.» будзе маім. Гэтай ноччу я абагнала сваіх праціўнікаў. Я паланіла якраз таго чалавека, ад якога ўсё залежыць. Цяпер ён мой і толькі мой. Ён сто разоў назваў мяне самаю прыемнаю, самаю мілаю, самаю разумнаю і самаю цнатлівай. Да яго мяне не зведаў ніводны мужчына...»
Вераніка насцярожана сядзела насупраць і пільна сачыла за мною праз вялізныя шыбіны акуляраў. Чакала рэакцыі. Чакала, што вось-вось мае вусны скрывяцца ў пагардзе, быццам я ўкусіў недаспелую антонаўку і «ўбачыў Маскву», каб сустрэць мой здзеклівы пагляд непакорліваю ўсмешкаю. Але я не скрывіўся. Я чамусьці закрыў сшытак, яшчэ раз уважліва агледзеў яго і, не знайшоўшы, за што зачапіцца, зноў адкрыў, хуценька прагартаў старонкі, дабраўся да апошняга запісу.
«8 сакавіка 1991 года. Чалавек, якога я не хачу называць сваім палюбоўнікам, бо зусім абыякавая да яго, падарыў мне цэлае вядро ружаў. Ён абагаўляе мяне».
Цяпер я сапраўды вельмі ўважліва зірнуў на яе. Але гэта быў не позірк-пагарда, а позірк-здзіўленне.
— Вераніка, гэты запіс ні пра што не гаворыць. Чаму ты палічыла, што ён павінен быць апошнім?
— Таму што толькі ў вас, журналістаў, кожны артыкул мае лагічнае завяршэнне.
Куточкі яе перламутравых вуснаў ледзь прыкметна задрыжалі. Пагляд стаў жорсткі, ад чаго, здавалася, выпраміўся маленькі кірпаценькі носік (мусіць, яна не ўмела плакаць). І гэты занадта афіцыйны выраз твару яшчэ больш не пасаваў да яе кідкага мякка-пяшчотнага пуловера і адкрытых каленак.
— Калі табе гэтак цікава, я прадоўжу вусна. Як ты зразумеў, я напісала пра чалавека, якога згадвала 7 снежня. У той дзень ён гаварыў са мною не пра кар'еру, а пра палітыку. Але я не слухала яго, бо апошняе мяне зусім не цікавіла. Затое я добра запомніла іншае. Ён казаў: «Ты шмат чаго не ведаеш з таго, што ведаю я. Дык вось ведай: у нашай справе ніякіх думак пра кар'еру болей быць не можа. Усё. Пакуль не надышоў апошні дзень, трэба вызначацца, што рабіць. Я вызначыўся. Сёння мы сустракаемся з немцамі, будзем прасіць у іх дапамогі. Гэта будзе ў рэстаране. Калі ты не супраць, мы можам схадзіць туды разам...» Тады я спытала: «Што ж мне рабіць?» А ён адказаў: «Будзе лепей, калі ты пойдзеш са мною. І табе, і мне. Праветрышся... Усё разрадка нейкая. А мне, можа, прасцей будзе дамаўляцца з імі...» Я паправілася: «Што мне рабіць увогуле? Як жыць далей?» — «Не ведаю. Ва ўсялякім разе ў адным я не сумняваюся ніколечкі: прастытуткаю ты не станеш». — «Чаму ты ўспомніў гэтае слова?» Мяне яно вельмі ўразіла і нават раззлавала. «Прабач. Проста вырвалася».
— Вось такі працяг мог паявіцца ў сшытку. Але ён не ўвасобіўся ў літары, бо сшытак мой не для такіх запісаў. Ён не прымае іх, — і Вераніка акунула ў попел гарачую галаву цыгарэты, прыдушыла яе ўказальным пальцам, націснуўшы так, што востры пазногаць шкрабянуў па гладкім дне папяльнічкі. Зняла леваю рукою акуляры, а праваю сціснула скроні, слізганула пальцамі па вачах, быццам імкнучыся выдавіць іх, спыніла ўказальны і вялікі на пераноссі. Пад вокам з'явіўся доўгі вузкі сіняк. Гэта ад попелу, што прыліп да ўказальнага пальца і забіўся пад пазногаць. Цяпер як бы яна ні намагалася трымацца горда і незалежна, сіняк зводзіў на нішто тыя высілкі. Ён канчаткова выдаваў яе, усё адно як на гэтым месцы нехта выразна напісаў: «Бездапаможная, зусім бездапаможная».
— А ты? Ты прымаеш такія запісы?
— Як бачыш. Сшытак, мусіць, аказаўся толькі часткаю мяне.
— Што ж было далей?
— Далей мой сшытак перастаў прымаць што б там ні было. І перамогі...
— А яны былі?
— Я раскажу табе, што было далей. Мы елі ў рэстаране дзічыну і пілі «Рускую», бо яе вельмі ўпадабалі немцы. Я выконвала ролю перакладчыцы, але не вельмі ўдала, бо шмат чаго забылася. У іх нешта не клеілася, і мой сябар папрасіў у мяне дапамогі. Я быццам бы незнарок правяла пальцамі па валасатай руцэ старога немца. Пасля, ужо знарок, песціла яго ў сваёй пасцелі. Былі крыкі радасці і згамтаная прасціна, была знямога, было храбусценне навюткіх нямецкіх марак і цяжар пакладзеных у далонь пачкаў, аперазаных светла-карычневымі папяровымі стужкамі з чырвонымі палоскамі, было безліч такіх сустрэч і роспач майго сябра, якому я перадумала дапамагчы, бо ўсё яшчэ помніла ягоную абразу з упамінаннем слова «прастытутка»... А вы, журналісты, у гэты час страчылі свае бязглуздыя і нікому не патрэбныя артыкулы пра барацьбу ідэалогій, спрачаліся, хто быў разумнейшы, Пляханаў ці Ленін, Брэжнеў ці Гарбачоў, вучылі людзей, як адрозніваць сапраўднага перабудоўшчыка ад прыстасаванца...
— Чаму ты з'ехала адтуль сюды, на Радзіму? — Я перавёў гутарку на другое.