Чалавек дастаў з зашмальцаванай кішэні поўную жменю семак і напоўніў прыгаршчы малога. І ўсё нешта казаў, хоць і не чуў сваіх слоў.
А хлопец бяздумна ўсміхаўся і не слухаў яго. І чалавеку гэта падабалася. Яму ж ніхто не патрэбны, як нікому не патрэбны і ён.
Але хутка чалавек устрапянуўся, быццам нешта ўзгадаў, і схапіўся за галаву. «Я такі ж, як і ўсе людзі. Малы ўзрадаваўся. Усмешка на ўвесь шчарбаты рот. Яму я хацеў зрабіць прыемнае. Яму. Не сабе. То чаму я радуюся яго дурнаватай усмешцы? Я ж зрабіў прыемнае самому сабе. Я такі ж эгаіст, як і ўсе людзі. Але я не хачу быць падобны да іх».
І ён схапіў хлопца за рукаў, павалок у канец тунеля і знік у кволым сонечным святле, прыкрытым празрыстай шэра-блакітнаю фіранкай халоднай восеньскай імжы.
Застаўшыся без гаспадара, лёгкі чорна-белы дыванок з шалупіння пачаў паціху раскідвацца. Лупінкі адносіліся ўсё далей і далей ад калоны ветрам і падэшвамі прахожых. Праз хвіліну на гэтым месцы варушылася ўсяго некалькі лодачак, некаторыя ў лужынах-кроплях, прынесеных нагамі з вуліцы.
А ў гэты час чалавек, моцна сціскаючы хлапечую руку, цягнуў яго на прыдарожнае ўзвышша, дзе маўкліва раскінулася невядома калі распачатая будоўля. Здалёк здавалася, што ён трымае ў руцэ чорны пусты мяшок: такая вялізная і бясформенная была ў малога куртка.
— Дзядзька, а чаму вы цягнеце мяне на гэтую гару? — хлопец узняў галаву, і яго ўсмешка здалася чалавеку яшчэ больш ідыёцкаю, чым была: ад холаду яшчэ больш скрывілася.
— Хачу табе нешта сказаць.
— Там лепш сказалі б, а то вымакнем як цюцькі.
— Ты хто такі будзеш? — запытаўся чалавек, калі яны апынуліся сярод будаўнічага друзу і параскіданага ламачча, нешта вышукваючы каля пакладзеных у штабелі бетонных перакрыццяў.
— Не ведаю, чалавек, мусіць. Толькі неданошаны.
— Чаму неданошаны?
— Бацькі так казалі. Яны мяне праз гэта і з хаты вытурылі. Называлі чмыром. А чаму вы мне не гаворыце тое нешта?
— Зараз, зараз скажу. Вось толькі... — Чалавек запнуўся, нешта знайшоўшы сярод скінутых у кучу шэрых дошак-апалубак, пабітых чырвоных цаглін і цюкоў шклаваты, падобных да скручаных вагонных матрацаў. Выпрастаўся, трымаючы ў руцэ з паўметра пругкага і досыць тоўстага сталёвага дроту, і твар яго пасвятлеў, быццам выслізнула з-за хмараў бляклае, размытае вільгаццю сонца.
Яны стаялі адзін насупраць аднаго: малы, узняўшы галаву і працягваючы ўсміхацца, і дарослы, згорбіўшыся і падстаўляючы выцвілую белую патыліцу вострым, як іголачкі, кропелькам. Ён думаў, што хлапчукова ўсмешка цяпер якраз да месца.
— Я не сказаў ты табе ані слова, калі б ты мог зразумець мяне. Я зусім не хачу, каб мяне хто-небудзь разумеў. Але ты — дурань і таму маеш права не толькі слухаць, але і бачыць тое, што разумнаму бачыць не дазволена. Так, не дазволена, бо ён мае звычай ва ўсё ўмешвацца і замінаць іншым рабіць тое, што ён лічыць непатрэбным ці шкодным. Калісьці я таксама быў такі, як і ўсе. Меў пасаду, вялізную кватэру, прыгожую жонку, любіў хаваць сваё цела ў чысценькія кашулі, а ногі — у цёплыя і модныя чаравікі. Я пасміхоўваўся з таго, што людзям падабалася мая знешнасць. Яны ж не ведалі, якое ў мяне непрыгожае, нават брыдкае, бляклае і безвалосае цела і якія доўгія і касцістыя пальцы на нагах. Аднойчы нешта са мною здарылася, і я пачаў бачыць зусім не тое, што трэба. Мне здавалася, што людзі, якія заходзяць у мой кабінет, заводзяць не дзелавыя размовы, а абзываюцца самымі зневажальнымі словамі, не ляпаюць далонямі па маім плячы, а імкнуцца сарваць пінжак, усю вопратку і пасмяяцца з майго няскладнага цела, не ўсміхаюцца, а вышчэрваюцца, не падпісваюць дзелавыя паперы, а малююць у іх карыкатуры пра мяне. Тады я накідваўся на іх, ірваў паперы і выкідваў сваіх крыўдзіцеляў за дзверы. Мяне звольнілі. Але гэта не дапамагло маёй хваробе. Калі жонка схілялася нада мной у пасцелі, каб пацалаваць, я ўскокваў, бо мне здавалася, што яна вось-вось уп'ецца зубамі ў мае вусны, нос, сківіцу. І не проста ўкусіць... Я пайшоў з хаты і палюбіў адзіноту. А каб атрымліваць ад яе сапраўдную асалоду, ішоў туды, дзе шмат людзей, якія на мяне не зважаюць. Такія — яны для мяне не вельмі страшныя. Але на твары я ўсё роўна стараюся не глядзець — так спакайней.
Цяпер я вырашыў... Мяне змусілі гэтыя бяздушныя і жорсткія істоты зрабіць гэты крок. Бо калі не зраблю, яны выцягнуць з гэтага цела (і ён зірнуў на сваё беднае паліто, быццам хацеў позіркам пранізаць яго) мяне, і вызваленае месца зойме нехта іншы, падобны да іх. Такога гвалту я не сцярплю. Ніхто не мае права распараджацца маім целам і маім розумам, бо яны мае, а не іхнія, як і гэтае паліто. Хіба я хацеў калі-небудзь перарабляць іх на свой лад?
Карацей кажучы, я рашыўся. Глядзі, але нічога не спрабуй зразумець, бо табе гэта не пад сілу і зусім не патрэбна табе.
Чалавек задраў галаву і зірнуў у неба. Зрэнкі раптам шырока раскрыліся і памутнелі, як мутнее мылкая лужына ў навальніцу. Пасля спыніў свой позірк на хлапчуку, утаропіўся ў яго зашклянелымі вачыма, але ідыёцкай усмешкі не ўбачыў, як не ўбачыў бетоннага шкілета будучага будынка, захінутага ў анямелую шэрань горада, самотнай бясколернай далячыні...
Чалавек ужо не цікавіў хлапчука, і той збег уніз, паплёўся да лаўкі на аўтобусным прыпынку. Пад драўляным навесікам тут смаліў цыгарэту элегантны з выгляду, высокі малады чалавек.
— Дзядзька, там нейкі мужык забіўся. Ён мне семак даў, — сказаў малы, адкрыўшы ўсмешкаю шчарбаты рот і паказваючы поўную жменю семак сланечніку.
— Дзе забіўся?
— Во, на гары.
* * *
Першы снег асвятліў і без таго не цёмны бальнічны пакой. Чалавек расплюшчыў вочы, асцярожна азірнуўся вакол сябе. «Белыя капюшоны і такія ж халаты. Можа, гэта той свет?»
— Ну што, брат, ажыў? Даў ты нам клопату. Усе кішкі дротам перапароў. Цыравалі, што тыя панчохі. Цяпер сто гадоў будзеш жыць... Калі не зап'еш, канечне...
Словы ўспрымаліся чалавекам як цынічная, спапяляючая насмешка. «Бандыты, яны пазбавілі мяне права распараджацца сабою, і ўсё каб парадаваць сябе, наталіць сваё ненажэрнае самалюбства. Ахвяравалі мною дзеля сваёй хвіліннай уцехі».
— Ненавіджу вас. Як жа я вас не-на...
Чалавек асунуўся, і галава яго на вачах у здзіўленых эскулапаў знясілена адкінулася на белую падушку.
А ў гэты час у падземным пераходзе падпіраў аблямаваную шэрым каменем калону хлапчук у нацягнутай на вочы вялізнай вельветавай кепцы і лускаў чорныя семкі, час ад часу адорваючы прахожых сваёю ідыёцкай шчарбатаю ўсмешкай.