— Ат, ёлкі, як начытаешся гэтых газет, і жыць страшна робіцца. — Васіль усміхаецца аднымі толькі вуснамі, расцягваючы іх ці не да самых вушэй. — На, інтэлігенцыя, зірні, што пішуць.
Толік разгортвае пярэста-хрусткую газету, праводзіць па ёй позіркам праз тоўстыя выгнутыя лінзы ўдоўж і ўпоперак, а пасля засяроджваецца і, палічыўшы, што знайшоў цікавае, чытае сваім занудлівым голасам:
— Хотите знать истину?
— Га? — ускідвае галаву Васіль.
— Я не табе. Тут загаловак такі.
І Толік працягвае далей:
— Обратитесь к откровению Граля «В свете истины». Так называется книга, презентация которой состоялась... Так-так-так. Во Дворце искусств... Гм, гм. В форме лекций... Существует ли свобода воли...
— Ты не тое чытаеш. Знайшоў глупства нейкае. — Васіль незласліва хмурыць шараватыя, як цыгарэтны попел, бровы. — Там, на апошняй, пра вампіраў ёсць. І пра бацькоў, якія дзецьмі гандлююць. І яшчэ пра адну маці. Яна немаўля прыдушыла. Сваё. А на першай — пра крадзяжы і забойствы.
— Да лямпачкі мне твае крадзяжы. Нам трэба шукаць сэнс жыцця, шукаць адказ на пытанне, хто мы такія і для чаго існуем на свеце. Няўжо гэта меней цікава, чым нейкія выдуманыя вампіры?
— А-а, ідзі ты... Чыстаплюй вашывы... — Васілёва галава паварочваецца да нас стрыжанай патыліцай, а Толік працягвае крыху цішэй, часам збіваючыся на незразумелае балбатанне сабе пад нос:
— ...Это не религиозное учение. Но... Базируется на наследии Иисуса Христа... Не на наследии его... последователей. Это не одно и то же... Откуда знал тот, кто пятьдесят лет назад умер, что произойдет сегодня... Автор Абд-ру-шин... Сын света... Черпает свои познания из чистейших и высочайших источников.
— Во даюць. — Не мяняючы паставы, Васіль крутнуў галавою. — І прыдумаюць жа такое.
— Если вы тоже захотели узнать истину, пожалуйста, обращайтесь к откровению Граля. Оно уже появилось в магазинах.
— Шчэ чаго не хапала, на розную ерунду траціцца. За гэтую сваю ісціну яны, напэўна, тры шкуры здзяруць. От жа дармаеды. Што толькі не прыдумаюць, абы не працаваць, а грошы лапатаю заграбаць.
Мне надакучыла лаянка ды пустая балбатня хлопцаў, і я ўзяў са століка Толеву кніжку. У ёй пісалася нешта пра мараль, этыку, культуру.
Адна нудота, і вырашыў выйсці ў праход, што падзяляе салон і тамбур. Балазе наш плацкарт быў апошні і лёгка было юркнуць за дзверы, схавацца ад спрэчак.
У праходзе я досыць утульна размясціўся на пласцікавым вечку скрыні для смецця, дастаў з падоранага сябруком на дарогу пачка «астмы» (там мы любілі называць «Астру») пляскатую цыгарэту, з асалодаю пацягнуў гаркавы дымок. Але паглыбіцца ў роздум не паспеў. З'явіўся госць. І я б не сказаў, што жаданы. Гэта быў хлопец гадоў семнаццаці з доўгімі чорнымі пэйсамі і адвіслай ніжняй губою. Крыху згорблены.
— Чувак, — ён нахабна разваліўся побач і крыва, адным толькі кутком вуснаў, усміхнуўся, быццам паказваючы сваю ўладу нада мною, — забэніць дай.
Я насцярожыўся і пачаў пакрысе злавацца. Каму ж падабаюцца такія выхадкі? Да таго ж свядомасць пранізала думка, што ён, напэўна, не адзін у цягніку. Хутчэй за ўсё тут цэлая банда. Але працягнуць цыгарэту мяне змусіў не страх (ён калі і быў, дык у самы першы момант), а цікаўнасць: што ж будзе далей?
— Шчэ адну дай, калі не жадзён. — Ён нахіліўся, і на мяне патыхнула перагарам.
Я працягнуў яму яшчэ тры цыгарэты.
— Не. Што ты. Дзве хопіць.
— Бяры-бяры, у мяне многа, — усміхаючыся, я падумаў, што новы знаёмы не такі ўжо і дзялок, якога выпінае з сябе.
— Слухай, а ты мне білет свой не пазычыш? Далёка едзеш?
— Да Менска.
— То пазыч. Я ў Баранавічах выскачу, а білет вярну.
— О-о-о, брат, у такую далячынь выбраўся, а білет у касе не ўзяў...
— Разумееш, я не збіраўся нікуды ехаць. Ускочыў у першы ж цягнік, які трапіўся на вочы.
Хлопец усеўся побач са мною, чыркнуў запалкай. Закашляўся і колькі разоў плюнуў сабе пад ногі:
— У Пінску больш не з'яўлюся. Сучары, яны, пэўна ж, хацелі падставіць мяне, толькі я не такі дурны, каб не заўважыць гэтага.