— Чакае каля вучэльнi, круцiцца каля вазы з нарцысамi.
— Што мяркуеш зрабiць?
— Я ў цябе, мой настаўнiк, прыйшоў папытаць.
Старэйшы з братоў надзьмуў шчокi так, нiбыта хацеў сказаць слова ды забыўся адчынiць рот, потым ён, каўтануўшы нясказанае, прамовiў наступнае:
— Бiць такiх трэба! Згодны? Смяротным боем бiць i забiваць! Ідзi прызнач Гомiку спатканне ў парку Чалюскiнцаў гадзiне а восьмай, калi шарэць пачне.
Узбуджаны юнак падбег да Гомiка:
— Прабачце, Артур, тут якраз пачынаецца кансультацыя па лiтаратуры, i я мушу застацца, але калi Вы не супраць, дык давайце сустрэнемся ўвечары, у парку, каля скульптурнага аленя.
— А ў колькi? — На Гомiкавым твары праявiлася астуджанасць. — Ты ж ведаеш, я жыву з матуляю, а яна не любiць, калi позна затрымлiваюся.
— Гадзiне а восьмай, я буду чакаць Вас, Артур, — юнак, знарок не слухаючы адказу, вярнуўся ў будучую alma mater.
Расчараваны Гомiк падышоў да вазы i сарваў колькi нарцысаў, мусiць, для любай мамы.
У цёплым вечаровым парку людзей было наўздзiў шмат: шпацыравалi парачкi каханкаў, на лаўках вуркаталi пенсiянеры, бацькi гулялi з вазочкамi. Цяпло, робячы будзённую справу, мiж iншым зруйнавала жорсткi план стрыечных братоў.
— Усё ўскладняецца, — канстатаваў фiзкультурнiк.
— Ясна, не будзем жа мачыць на вачах у мамачак, дачушак i бабулек. Але чакай, ёсць варыянт. За аглядальным колам стаiць двухпавярховы дамок.
— Прыбiральня, — паспрабаваў удакладнiць фiзкультурнiк.
— Ды не, я кажу двухпавярховы. Дзе ты бачыў у парках двухпавярховыя прыбiральнi? Не перарывай. Гэты дамок — школа фiгурнага катання, пры iм ёсць агароджаны плотам пляц. Узiмку ён робiцца катком, а ўлетку ляжыць звычайная пустка. З трох бакоў яна мяжуе з паркам Чалюскiнцаў, а з чацвёртага боку...
— З заводам iмя Вавiлава?
— Ізноў перарываеш, — юнак удаў на рабацiнiстым твары грымасу крыўды, — не з заводам, а з батанiчным садам. Сягоння сад не працуе, наведнiкаў няма. Я правяду Гомiка ў батанiчны сад, i там, каля азярца з лебедзямi, мы яго адмудохаем i адмяцелiм, казла дранага.
— Слухай, а батсад ахоўваецца мянтамi?
— Мусiць, ахоўваецца, адзiн мент на дзесяць тысяч дрэўцаў.
Старэйшы з братоў накiраваўся да аглядальнага кола, а малодшы — да скульптурнага аленя, дзе яго ўжо добра-ткi зачакаўся добразычлiвы Гомiк.
— А я захваляваўся, што не прыйдзеш, — Гомiкавы вусны заўсмiхалiся адасоблена ад вачэй.
— Прабач, кансультацыi зацягнулiся, абiтурыенты за адзiн вечар вырашылi даведацца пра ўсё, што не вывучылi за год. Але забудзем будзённае. Куды iдзём, Артур?
— Куды-небудзь найдалей ад пенсiянераў з унукамi.
— Я ведаю зацiшнае месца: вербы, стаў, лебедзi плаваюць...
— Як у Пiкасо: лебедзь з адлюстраваннем у вадзе нагадвае скарпiёна...
Гомiк з юнаком абмiнулi доўгi стол, за якiм атабарылiся шахматысты-аматары, i пайшлi тапалёвымi прысадамi да пляцоўкi з атракцыёнамi. Грукат, ляскат i вiскат — музычныя карцiнкi народнай весялосцi.
"Пахне чабор, пахне чабор... А вось арэлi стваралiся дзеля таго, каб хлопец мог усё ж зазiрнуць пад дзявочую спаднiцу", — падумаў юнак, калi выводзiў Гомiка на пустку.
— Тут ёсць патаемныя веснiцы для прыбiральшчыц, — юнак падвёў Гомiка да жалезнай брамкi, зачыненай на калок.
Па прысадах, абсаджаных маньчжурскiмi гарэхамi, юнак завёў новага знаёмага да штучна выкапанага стаўка, пасярод якога плавала лебядзiная хатка. Побач з хаткаю плавалi i лебедзi.
— Ну як табе, Артур, лебедзi?