— А хто быў апошнi?
— Прайшло больш за месяц...
Лiрык прыгарнуў жанчыну i пацалаваў. У лоб, як на развiтанне цалуюць дзяцей.
— Табе сумна са мною?
— Зусiм не.
— У цябе сумныя вочы.
— Гэта толькi здаецца.
— Пацалуй мяне... Толькi не так, як цалуюць дзяцей.
У жанчыны была вельмi белая скура. Лiрык нiколi ў жыццi не бачыў такой бялюткай i пяшчотнай скуры. Ён лашчыў яе ўсю кранальнымi дотыкамi вуснаў. Лiрык авалодаў жанчынай асцярожна i запаволена. Яны доўга ляжалi злiтыя ў непадзельнае цэлае.
Лiрык устаў з ложка i адвярнуўся.
— Можна, я пайду ў лазнiцу?
— Вядома, iдзi...
У глыбiнi кватэры зашархацеў душ.
Лiрык сядзеў у чорным скураным фатэлi. Ён апрануў адно белую свежую кашулю з накрухмаленым каўняром.
Калi жанчына вярнулася з лазнiцы i пабачыла Лiрыка, што спаў у пакоi, яна спалохалася, бо ён выглядаў як нежывы.
Дэпутат запхаў iспанскi берэт у кiшэню плашча.
— Надвор’е цудоўнае, можна хадзiць i голай галавою.
Дэпутат глянуў праз акуляры на адбiтак Аспiранта, якi з’явiўся ў люстэрку з-за ягонага пляча:
— І ты ўцякаеш з другога аддзялення?
— Трэба набыць лямпачку з маленькiм цокалем. Перагарэла. Увечары працаваць не магу.
— А я хачу пераапрануцца, каб на фуршэт да мiнiстра пайсцi ў строi. Ты ў якi бок? — у iнтанацыi Дэпутата прамацвалася жаданне пазбавiцца ад Аспiранта.
— Нам па дарозе, — здзеклiва канстатаваў той.
З опернага тэатра яны накiравалiся ў бок скверыка, што не носiць iмя пiянера-героя Марата Казея, хоць помнiк непаўналетняму немцабойцу там i стаiць.
— Ну i як вам у дэпутатах?
— Кепска, братка. У галаве замест паўшар’яў ляжаць кавалкi бетону. Калi пачынаю думаць, яны труцца адзiн аб адзiн, крышацца, крыгочуць. Кыхр-р-р, кыхр-р-р, — Дэпутат закашляўся.
— А "Гульню ў шкляныя перлiны" Германа Гесэ больш не перакладаеце?
— Ты, братка, шмат помнiш...
Яны перамiнулi класiчны будынак генеральнага штаба мiнiстэрства абароны i моўчкi пашыбавалi па ўзбярэжжы Свiслачы.
Аспiрант не стаў казаць Дэпутату, што памятае, як той у п’янай шчырасцi прызнаўся, што толькi аднаго разу ў жыццi пачуваўся чалавекам.
— Аднойчы, братка, я быў чалавекам. Здарылася тое пад Гамбургам. Вечарэла. Турыстычны аўтобус спазняўся ў гатэль, але мужчыны пасля нямецкага чорнага пiва запатрабавалi ў шафёра прыпынку. Я адышоўся ў высокую траву, прысеў i пачуў гудзенне вялiкага горада. Гу-у-у... Трава казыча дупу, з мяне вывальваюцца шлакi, за небакраем гудзе Гамбург, i я адчуў сябе чалавекам.