— Па гэтым жа леце выйдзем у перадавікі.
I выйшлі, бяды той сапраўднай не разгледзелі, выйшлі, як на свята, з песнямі, тварыць і памнажаць бяду і гароту ўласнымі рукамі. Дзве вёскі, усе мужчыны і бабы наперадзе іх. I паплылі па рэчцы дубовыя бярвенні і кражы ў вялікія гарады, на вялікія здзяйсненні. ІІрацавалі хапат- ліва і прагна, прагна падлічвалі ўжо і грошы, прыгляда- ліся да абновак, прыкідвалі, хто што справіць, што прыдбае ў хату. Цімох Махахей спрабаваў перашкодзіць сякеры і як сам не трапіў пад сякеру.
— Ураг народа,— коратка сказаў Аркадзь Барздыка. — Вось ён перад вамі. Глядзіце, пакуль ён яшчэ тут.
Ад такіх слоў Махахей аслупянеў, забыўся нават і пра сваё. Не жартачкі гэта былі. Не жартачкамі ўскінуліся на яго людзі:
— Лес, дуброва чыя? Калгасная. А мы хто — калгаснікі. Ураг ты калгасніку і калгаснаму ладу.
— Які я ўраг, я карову сваю сенам абдзяляю, калгасных коней кармлю,— не хацеў добранькім выстаўляцца Махахей, а вымусілі.
— Трэба яшчэ разабрацца,— напёр Барздыка,— адкуль у цябе сена. I карове хапае, і коням застаецца. Адкуль?
— З-пад кур, вось адкуль. Твой стог з зімы ў гародзе прахне, ні жменькі нікому не пазычыў.
— Не лезь, Цімох, пасві коней, пакуль самога ў цуглі не зануздалі ды на аброці не павялі.— Гэта ці не Роўда заступіўся за яго.— Дрэва яшчэ вырасце, а мы з зямлі ніколі не падымемся. Пра людзей трэ думаць, шкадаваць жывое.
I гэта Антон Роўда так. Ён таксама быў з сякераю, як і ўсе мужчыны вакол. Але ім Цімох дараваў, а Антону не мог дараваць. Шмат пра што гаварылі яны, і адны ў іх былі словы, адны думкі, нават парадніцца мерыліся. I нясоладка было Цімоху слухаць і глядзець на Антона Роўду: калі ўжо ён узяўся за сякеру, значыць, няма ў Княжборы чалавека, які падтрымае яго, Цімоха Махахея, Княжбор супраць яго.
I калі б толькі княжборцы, Антон Роўда, чужыя людзі — родная жонка ўз'елася. Цімох папрасіў яе дагледзець коней.
— А ты што, бязногі ці бязрукі,— накінулася яна на яго. — Вунь, паглядзі, якія толькі працадні на лесе пішуць. I грашыма, гавораць, адразу разлічвацца будуць.
— Не хачу я тых працадзён, і грошай мне іх не трэ, пайду ў раён, каб забаранілі.
— Супраць грамады! А як жыць у вёсцы будзеш, з кім знацца станеш? Што табе, капейчына ў хаце лішняя, радзецель, парадчык. Гармоніку табе на іх куплю, грай сваім коням тустэпы, скачыце ноч навылёт... Вунь чацвёра ў куце, і кожнае рот зявіць. Праўдай сваёй пакармі іх... Ох, выпала ж доля, самай бы сытай была, калі б тваю праўду на хлеб памазаць. I ў каго ты толькі такі ўдаўся, у каго пайшоў.
— Пайшоў я,— сказаў Цімох.
— Ой, ды хоць хлеба скібку вазьмі на дарогу... Не пушчу, не пушчу,— Ганна стала каля парога, ён падышоў да яе, пацягнуў за нос, жонка адразу ж захлюпала ім: — Ты хоць прозвішча свайго не кажы там...
Але гэтых слоў яе Махахей ужо не чуў. Да горада, да ўлады свет быў не блізкі. Трыццаць кіламетраў, гаці, брады, і трынаццаць масточкаў: яго масточак, Махахееў, масточак Роўды... Пакуль гэта ён усе іх пералічыў, перадумаў, куды і навошта ён ідзе ды што скажа. Княжбор працаваў, плылі па рачулцы дубы. Плылі яны і потым, пакуль начальства з горада да іх наладзілася, а яно не надта прыспешвала: не было машыннай дарогі. Княжбор — сяло глыбіннае, і вядзе туды адна дарога. Вось так і скончыўся сказ пра княжборскую дуброву, казкі пачаліся.
Зноў з'явіўся пад Княжборам Жалезны Чалавек, зноў загаласіла ў Княжборы Галасніца. Чалавек жа той быў нядобры, таму што незразумелы, памяталі яго толькі старыя, што жылі яшчэ ў даўнім Княжборы. Хадзіў ён там кожную ноч па вёсцы, тупаў жалезнымі нагамі. I чаго хадзіў, чаго праг, шукаў чаго — пра тое ніхто не ведаў. Ці то была грэшная душа з саміх княжборцаў, ці прыблуда нейкая, таксама ніхто не мог адказаць. Але толькі змяркалася, людзям спаць класціся, з'яўляўся і ён, чорны, цёмны і бязвокі, крочыў вясковай вуліцай, крочыў так, што дрогка званілі вокны ў хатах і хісталіся хаты. Туліліся да платоў людзі, што рызыкнулі такой парой выйсці на вуліцу. Жалезны Чалавек не кранаў іх, хадзіў ён маўчком, што соўсень сунуўся, а недзе сярод поля галасіла Галоска-галасніца. Бегала ад мяжы да мяжы, шукала сваё дзіця, убівалася па ім. Галасніца была сваёй Княжбору, яе ведалі. Яна прыспала хлопчыка, прыдушыла ў сне і са скрухі павесілася. Пахавалі яе, але і ў зямлі не ведала яна спакою, усю ноч напралёт шукала свайго сына. Галоску княжборцы шкадавалі і любілі. Яна была як за лекарку ў Княжборы, лячыла княжборскіх дзяцей, калі сурочыць іх хто ці напалохае, пазбаўляла ад прастрэлу і шчацінкі, як толькі выпадала раса, пачуўшы Галасніцу, княжборскія маладзіцы хапалі сваё неспакойнае дзіця і беглі ў поле, на мяжу, пакідалі яго ў разорцы на мяжы, адыходзіліся самі крыху ўбок, чакалі, калі Галасніца знойдзе яго і прагоніць хваробу. I Галасніца знаходзіла, заціхала, супакойвалася сама і супакойвала дзіця. Маці забірала яго, кланялася нізка Галасніцы. I тры дні пасля гэтага Галасніца маўчала, тры дні не чуваць было яе жалобнага і скрушлівага голасу. А Жалезны Чалавек хадзіў і хадзіў, не зважаючы на надвор'е. Не баяўся ён ні дажджу, ні пылу, не пакідаючы і слядоў, ішоў у дуброву, і ўсю ноч стагналі і тужліва шумелі веццем дубы. На світанні толькі супакойвалася дуброва.
— Няйнакш хтосьці з сваіх і Жалезны гэты чалавек,— гаварылі княжборцы.— Жывы нехта, няймецца камусьці жывому, таму што сярод тых, хто памёр, не ведаем нікога настолькі грэшнага ці настолькі святога, які і не адзываецца, і знаку нам не падае.
Але як толькі княжборцы пераехалі на новае месца, адчапіліся ад іх і Галоска-галасніца, і Жалезны Чалавек. З'явіліся апошні раз перад вайной ці то ў вайну, але не на доўга. Прыгадалі былое княжборскія маладзіцы, пацягнуліся з дзецьмі па мяжу, толькі дарэмна: нікому не дапамагала тады Галоска. Мо княжборцы і забыліся б пра іх. Але вось знішчылі дуброву, і зноўку ўсчаліся над палямі галашэнні, задрыжалі ў хатах вокны, зноў пачаў хадзіць па вясковай вуліцы Жалезны Чалавек. Гады два таму назад бачыў яго ў сваім дубняку і Цімох Махахей, як Барздыку бачыў сёння раніцай, зусім блізка падышоў ён да яго цяпельца і спыпіўся, нібыта адліты з медзі. Спыніўся і пачаў урастаць у зямлю, спакваля, паціхеньку так. Урос па калена, і далей зямля, мусібыць, не прымала яго ўжо, утапталася, цвёрдай стала.
— Ну чаго табе яшчэ? — спытаў Махахей. Жалезны Чалавек маўчаў, толькі агонь ад цяпельца скакаў па яго целе, і здавалася, што Жалезны Чалавек дыхае. А твар яго заценены і нерухомы.
— Ідзі, ідзі,— незласліва і без спалоху сказаў яму Махахей.— Чаго коней трывожыш, бачыш, як храпуць?— I Жалезны Чалавек пайшоў, знік у цемры, як і не было яго. Чаго прыходзіў, і спытаць некага. Раніцай Махахей агледзеў тое месца, дзе стаяў Жалезны Чалавек, урастаў у зямлю. Ніякага знаку. Прымроілася, падумаў ён, учадзеў ад дубовага пня, ад дымакура, што насіў з сабой ад з'яду, пазванілі ў вушы камары, намільгацелі перад вачыма, вось і лезе богвед што ў галаву.
Але сёння ноччу Жалезны Чалавек зноў прыходзіў да яго, і ўжо ў хату, калі ён спаў.
— Я ж прагнаў цябе,— сказаў яму Махахей.— Навошта ты зноў прыпёрся? — Жалезны Чалавек стаяў каля ложка і маўчаў. I Махахей цяпер, лежачы на ложку, бачыў ужо яго твар, нібыта ў хаце гарэла святло, невялічкае такое святло, але яго хапала, каб разгледзець твар госця. Быў ён і сапраўды невідушчы і ў воспінах, нібыта яго адліць адлілі, а адшліфаваць не паспелі, ці гэта ён плакаў увесь час і слёзы з'елі яго твар.
— Давай па-добраму,— прапанаваў яму Махахей,— каб паганства ў маёй хаце не было.
На гэтых яго словах Жалезны Чалавек насунуў лаўку, змёў на падлогу карэц з кіслым малаком, што паставіла нанач баба Ганна, калі ён ужо спаў, змёў і сеў. Махахей толькі ўздыхнуў:
— Што ж, прыйшоў, дык гавары ўжо.
А Жалезны Чалавек сядзеў і маўчаў. I маўклівасць яго была не цяжкай, карцела толькі даведацца: хто ён і адкуль і чаму ён абраў яго, Махахея, каб вось так хадзіць за ім і памоўчваць. I яшчэ здавалася Махахею, што ўсё ж нагадвае яму некага Жалезны Чалавек, а каго — і ў галаву не прыходзіць. I толькі калі прачнуўся, перабраў усё, калі ўжо баба Ганна забурчала: каму тут спакою ноч не было, хто тут лазіў, шастаў ноччу, перакуліў малако, спаганіў посцілку,— успомніў Махахей, на каго быў падобны Жалезны Чалавек: на дзеда Дзям'яна, бацьку Антона Роўды. Дзед Дзям'ян таксама чыгунна хадзіў па зямлі, чобаты свае яшчэ з грамадзянскай, здаецца, не здымаў, яны як прыраслі ўжо да ступакоў яго. I твар у дзеда Дзям'яна такі ж шэры, як з чыгуну, і слова ён захоча — вымавіць, а не — тры дні маўчаць будзе. Не схацеў гаварыць з ім, з Махахеем, і Жалезны Чалавек. Адседзеў па лаўцы да золаку і пачаў раставаць. Але словы яго, гаворку яго Цімох, здаецца, чуў — толькі не праз голас, а нібыта знаходзіўся ў хаце нехта нябачны трэці і пераказваў Махахею ўсё, што карцела сказаць госцю. Расказваў усё пра Княжбор, толькі не пра яго Княжбор, не пра тое сяло, у якім жыў цяпер Махахей, а пра іншае, якое было на гэтым месцы колісь, так даўно, што і сам Жалезны Чалавек не надта памятаў, і вакол таго старажытнага сяла быў бор, і хвоя з таго бору яшчэ расце, а нябачна яе, таму што расце яна наадварот, у зямлю. Сёння наадварот, а заўтра мо ўжо як і трэба, у неба будзе. I наадварот — гэта толькі надаецца так Махахею і людзям, таму што яны не бачаць яе. А ён, Жалезны Чалавек, бачыць, так і павінна расці: хвоя яму. Ці не людзі, ці не сам Махахей вымушае яе расці так. Вось знішчылі яны дуброву, і дубы ўсе зараз таксама растуць наадварот. А яшчэ перадаваў Жалезны Чалавек сум свой і тугу, шэрую, жалезную, таму і ходзіць ён па зямлі і не стамляецца, што не ведае спакою, што ўсё больш і больш паўсюдна людзей, якія таксама жывуць наадварот, ходзяць наадварот, уніз галавой. Гэтага пакуль таксама ніхто не прыкмячае, звыкліся, але ён, Жалезны Чалавек, бачыць усё, толькі нічога не можа перамяніць, хоць ён і Жалезны, і непатрэбным ён адчувае сябе на гэтай зямлі, лішнім.
I тут Махахею стала прыкра і ніякавата. Нешта вельмі дзіўнае было ў яго гутарцы з Жалезным Чалавекам. Цікаўнасць да пары да часу не давала выявіцца гэтаму дзіву. I раптам цікаўнасць знікла, сугучнасць нейкая атрымоўвалася, нешта вельмі знаёмае, чутае апавядаў яму Жалезны Чалавек, і жах пачаў апаноўваць Махахея, невядомы яму раней жах, халодны. Ён ускінуўся, прыслухаўся і зразумеў, што гэта ён сам, Махахей, гаворыць. I жах, з якім ён ужо справіўся, зноў ахапіў яго: выходзіць на тое, што ён, Махахей, і ёсць Жалезны Чалавек, недарэмна бабы языком менцяць, што з сялян, з іх вёскі той Жалезны Чалавек. Што ж гэта ён творыць, непакоіць людзей, падумаў Махахей, як след яшчэ не прачнуўшыся, думае, што пасвіць коней, а сам па вёсцы шлэндае, зусім здзяцінеў, добра, што ніхто не здагадваецца, хто ён такі. Махахей спахапіўся: калі ён і ёсць Жалезны Чалавек, то з кім гэта ён толькі што гутарыў, куды дзеўся яго госцейка. Але нікога перад ім ужо не было. Жонка і Надзька яшчэ спалі, жонка пад бокам, а Надзька на сваім ложку. Не спала толькі маці на печы, цікавала за ім чорным нядрэмным вокам. Ён яшчэ муляўся, не ведаў, як спытаць яе, ці быў тут хто, старая апярэдзіла яго; пахітала галавой; ён засаромеўся яе і захутаўся з галавой у коўдру.
I цяпер сярод вады ў чоўне яму таксама было няёмка і прыкра, як раніцай у хаце. Ён плыў праз былую дуброву, тую самую, якую ратаваў, але так і не ўратаваў, ад яе засталіся толькі пянькі, нябачныя, праўда, таму што высокая вада, човен плыве не датыкаючыся да іх, а ўсё адно як скрабком хто скрабе па сэрцы. Няўтульна яму глядзець на зямлю без дрэва, прыкра ведаць, што там, дзе колісь раслі дубы, расце трава. Сенажаці цяпер тут, іх вясковыя сенажаці, таму і не карчуюць пнёў, а калі раскарчуюць, то сенажаці будуць калгасныя, пройдзе па іх ужо і сенакасілка. Сярод жа пнёў ёй няма развароту, толькі літоўкай магчыма выдзеўбці траву.