— Сваімі вачыма ўбачыш,— Махахей сам ужо амаль што бег. I Мацвей таксама пачаў збівацца на бег, то буйна і спорна крочыў за ім, але доўга не вытрымліваў, драбніў, ніяк не мог прынаравіцца да Махахеевай хады. А прынараўлівацца трэба было, таму што няроўная хада, то подбежкі, то крокам, збівала яго з думкі, блытала думкі. Ён усведамляў, што сапраўды гаворыць з Махахеем не на той мове і не аб тым, пэўна, кожны з іх гаворыць не тое і не тымі словамі. I ў Мацвея былі ўжо іншыя словы, якія трэба былі Махахею, якія б дайшлі да яго. Мацвей прадчуваў гэтыя словы, разумеў, што Махахей ці не адзіны той чалавек, што здольны яго зразумець, якому можна і паспавядацца, трэба толькі наблізіцца да яго і пачаць гаварыць больш даверліва, мо нават і спыніцца, зазірнуць адзін аднаму ў вочы. Але Махахей цвёрда трымаў дыстанцыю і не думаў спыняцца, а Мацвей не наважваўся прасіць яго спыніцца.
I вось так, на хаду, адзін уцякаючы, другі гонячыся, яны і вялі гутарку, бразгацела аброць, што вісела на плячы Махахея, пачыналі свае ўжо спевы абуджаныя раніцаю птушкі, гарачае і распаленае ўздымалася над зямлёю сонца, і яны таксама распаляліся пад гэтым сонцам, і Мацвей аж спатыкнуўся ад нечаканасці, калі Махахей раптам спыніўся і загаварыў ледзь не са слязьмі ў голасе:
— Глядзі, Мацвей, глядзі, Мацвейка.— Поле азіміны, на рагу якога яны стаялі, ляжала перад імі як прысыпанае соллю.
— Што гэта? — разгубіўся Мацвей.
— Снег, іней. Міна, пра якую я табе гаварыў. Перш сам сабе не паверыў. Гэта ж летам, лічы. Такой парой баравікі-мікалайчыкі лезлі, парныя ночы стаялі. А тут іней, замаразкі.
Мацвей прысеў на кукішкі і дакрануўся да зямлі ўсёю даланёю, усё яшчэ не верачы, адмаўляючыся верыць вачам сваім.
— Другі тыдзень сонца смаліць,— гаварыў у плечы яму Махахей.— Вада з тваіх канаў і каналаў знікла. Сухія канавы. А шлюзы на капале дырэктар рыбгаса перакрыў, рабочыя пры мне дошкамі наглуха забілі шлюз...
— Што рабіць будзем, дзядзька Цімох?
— Не ведаю, Мацвей,— Махахей быў ужо таксама на кукішках каля старшыні, мацаў зямлю.— Ратаваць трэба зямлю, ратаваць пшанічку.
— У цябе ж яшчэ сёння будуць гуляць, дзядзька Цімох. Вяселле ж.
— Будуць гуляць, вяселле,— вымавіў Цімох.
— Вяселле... А дошкі на шлюзе тоўстыя?
— Ды ўжо ж.
—Што ж ты без сакеры пацягнуў мяне ў такую дарогу...
— Чаму без сакеры... Сакера ёсць. Адна толькі. Вось,— Махахей крыху збочыў, пакорпаўся ў траве каля мяжы і вярнуўся да Мацвея з сякераю.
— Адна,— сказаў Мацвей.
— Адна,— пацвердзіў Махахей.
— Ну дык дзякуй табе хоць за сакеру. Сам жа не пойдзеш са мною?
— Не гневайся, Мацвей, не пайду.
— Ратаваць пшаніцу ж трэба, сам казаў.
— Казаў і буду казаць. Толькі ты ў мяне не пытаўся, не дакладваўся мне і дапамогі не прасіў, калі балота тое нішчыў, ваду адсюль праганяў...
— А калі б, дзядзька Цімох, маё гэта вяселле было, калі б гэта я Надзьку браў? Папярок парога лёг бы, праз мяне прыйшлося б дачцэ пераступаць.
— I за што гэта ты так, дзядзька Цімох, за што?
— А ета ты сябе спытай, у маці сваёй і бацькі, яны тут, у гэтым балоце, ляжаць.
— Пі-і-і-іць-піць-піць,— пракрычала кнігаўка, што невядома як апынулася сярод голага поля, ці то жыла тут, ці то пераблытала нешта, па старой памяці завітала сюды, на былое балота. I Мацвей адчуў, што ён таксама высмяг ужо, што ён хоча піць, як і гэтая птушка, як азіміна. Не да ладу прыгадалася нешта брыдкае, што апавядаў яму нейкі не вельмі добры чалавек аб тым, як прыручаў ён сабаку, аўчарку, якую пабыў з рук, купіў ужо дарослаю. Аўчарка аніяк не хацела прызнаць новага гаспадара, ні на крок не падпускала яго да сябе, нічога не прымала з яго рук. I ён мо тыдзень не карміў яе, трымаў на ланцугу, а потым купіў і даў ёй адразу два кілаграмы кількі. Пасля кількі ён яшчэ два дні вытрымліваў сабаку на ланцугу, не даючы ні глытка вады. I калі сабака стаміўся ўжо і енчыць, са спаленаю глоткаю і нутром упаў па зямлю, толькі тады ён прынёс вядро вады. I пачаў гладзіць сабаку, і паіць з далоні, прымусіў сабаку лізаць рукі. I сабака лізаў, забыўшыся пра гонар і вернасць свайму былому гаспадару, забыўшыся пра нянавісць. Смага адбіла яму памяць. Такую ж смагу, што была мацней за памяць, адчуў зараз і Мацвей. Але была гэтая смага ў той жа час і асабліваю, не падобнай пі на птушыную, ні на жывёльную, так прагне, пэўна, толькі зямля, гнучыся і карабацячыся ў вымерлым ад сонца безгалоссі, узараная і расхінутая, бездапаможная, безабаронная перад сонцам і ветрам, Мацвей крочыў па белым полі, як у барвовым тумане, ён прыгадаў, што вось таксама, як у тумане, ён ішоў і ўчора, і ўчора таксама, як і сёння, ён праг ад смагі, усе праглі вады, хто быў на вяселлі ў Махахеяў, усе хацелі піць, і не гарэлку, як заведзена на вяселлі.
2.
Ішла Надзечка па ваду,
Кінула вядро на буйны вецер...
Заспявалі жанчыны, пайшла Надзечка, маладая, па ваду. Але лепш бы не хадзіла, лепш бы кінула вядро па буйны вецер. Вецер, і буйны, віхор, і папраўдзе ўсхапіўся і. закружыў, калі пачалі выпрабоўваць маладую, калі нявеста надмяла ўжо хату, Васька вызваліў яе ад гэтага бясконцага мяцення, адкупіўся ад прыдзірлівых бабуль гарэлачкай. Цяпер Надзьцы трэба было паказаць гасцям, як яна мые хату. Яна ўзяла з лаўкі вядро, што было прыгатавана ўжо загадзя, толькі скіравалася да калодзежа, як захуталася хмаркаю маленькаю сонейка, усчаўся ветрык, прамчаў па вуліцы віхор, і ў двор Махахея зацягнула край яго, сыпанула пяском і пацярухаю на маладую. Старыя адразу ж падцялі вусны, захіталі галовамі: не к дабру.
— Вяселле без дзіў не бывае,— расхвалявалася за ўнучку старая Махахеіха, але выгляду не падала.— Хто з маладых не глуміцца. Ідзі, донька, набірай вады, зараз жа цябе бог і шчасцем адорыць.— I яна, не падымаючыся з лавачкі, што стаяла пад хатаю, адной рукою абаперлася на кіёк, а другую, з нягнуткімі пальцамі, выставіла перад сабою, быццам трымала ў ёй шчасце, якім бог павінен быў адарыць унучку. I бог, неба адарылі. Нарадзілася ў небе, адарвалася ад хмаркі малая дажджынка, прыляцела на зямлю і патрапіла па старэчую ўсохлую далонь, акрапіла яе, як сухую, запечаную скарынку хлеба. Да гэтай адзінай дажджынкі баба дадала яшчэ і слязінку: — Вось і шчасце табе, Надзька, спрыяе, рупіць табе неба.