— I ты не маладзенькая. А дочкамі я цябе не папікаю. Чаго мне іх саромецца. У цябе яны ўсе.
— Ой, не кажы так, Цімох. Дочкі ў цябе ўдаліся, як і трэба: у бацьку дочкі павінны ісці — шчасце будзе.
— Твая праўда, Ганна, у мяне яны пайшлі.
— Во, бачыш,— радавалася Ганна, радаваўся і ён: забылася жонка пра свой боль, удалося яму адвесці гэты боль. Так і тэпалі яны ўсе адзінаццаць кіламетраў. Дарога была знаёмая, не раз ходжаная, дзе можна яны скарачалі яе сцежкамі, якія вядомыя былі толькі ім. Але не заўсёды тыя сцежкі выводзілі іх, куды жадалася. Пераменлівы настаў час, змянялася і дарога, абрываліся, губляліся ў ламаччы, бураломе старыя сцежкі, абразаліся то вадой, то полем, якога раней тут не было, а цяпер во з'явілася. Абкружылі іх сяло, іх рэчку з двух бакоў, а мо і не толькі з двух, мо з усіх чатырох. Як і ў Княжборы, тут, за рэчкай, праводзілася меліярацыя, змянялася зямля. Па адну, левую руку ляжаў спляжаны лес: вольха, бярозы і дубок пракідваўся сярод іх, светлы і гонкі, бо хапала яму сонца — выцягнуўся ён, добра стаялі дрэвы, а цяпер во ляжалі, усе ў адной кучы, як раслі, выкарчаваныя з зямлі з каранямі і сцягнутыя ў адно месца. Іх спрабавалі, ужо як сцягнулі, падпаліць, але сырое дрэва не гарэла, толькі лісце ў бярозы пакруцілася ў колцы, сохла на сонцы. I суша стаяла вакол такая, што западаў язык, перасыхалі губы, Цімох увесь час аблізваў іх, бы ішоў праз агонь. I балела душа, гледзячы на гэтыя дрэвы, на багацце гэткае, не прымала, адмаўлялася верыць, што можна так з багаццем, з дрэвам, і балюча было думаць, што такое ж магчыма і з Княжборам. Ён адварочваўся ад загубленых дрэў, не трывала, сохла і запальвалася вока. Але па правую руку было не лепш, хаця там стаяла вада, вада сярод дрэў, гэткіх жа, як і злева ад яго: вольхаў, бяроз, дубоў. I дрэвы гэтыя стаялі. Але невядома, што было горай ім: суша ці вада, мёртва ляжаць у адной кучы ці жыць так, па пояс у вадзе. Яны чэзлі ў вадзе, высыхалі верхавінамі, і хутчэй за іншых вольха, а сярод вольхі — тая, якая вышэй і таўсцей — старыя вольхі і гінулі хутка. Макаўкі іх, голле зверху здаваліся ломкімі нават з дарогі, пайшлі ўжо шэрым мохам, з зялёнай яшчэ лістоты, як шэрыя свечкі, утыркаліся ў неба. А малады алешнік дужэў, чапляўся за купіны і ўзгоркі. «Старое, выспелае заўсёды падае першым, так ужо заведзена на гэтым свеце,— думаў Махахей, высмяглым языком выганяючы пустыя словы, каб толькі Ганна не пачула, аб чым ён маркоціцца, не ўбачыла нічога яго вачыма.— Падае першым не таму, што не трывалае ці аджыло сваё, а таму, што прымае ўдар на сябе». Гэтак і з дубамі. У дуброве самы стары, самы вялізны дуб у навальніцу прымае, бярэ на сябе маланку. Колькі вакол яго такіх жа дубоў, маладыя стаяць некранутыя, красуюцца, а стары дуб заўсёды пашчэпаны, бы асілак які лыка драў, і не толькі дуб, а і зямля каля каранёў узараная. Гэтак жа і сярод людзей, хаця па людзях гэта не так бачна, як на дрэвах. Людзі хаваюць свае балячкі над адзенне, прыкрываюць іх маўклівасцю, а распрані, як дрэва, іншага чалавека, дык на ім і месца жывога не знойдзеш, мо таму і ўгінаюцца па старасці людзі, ашчаджаюцца ўжо, бліжэй да зямлі, да дзяцей імкнуцца. Хаця і дзеці, маладыя сёння пайшлі, толькі і чуеш: той памёр, той памёр, а ні таму, ні другому і трыццаці яшчэ но было — сэрца. Паліць, паласуе сёння маланка і маладых. Мо таму і паласуе, што ўчвараюць во такое. Не верыцца Махахею, што пасля ўсяго гэтага — па левую руку, па правую руку — ацалее сэрца. Павінна яно надрывацца, крыкам крычаць, калі цішыня вось такая, мёртвая цішыня ў лесе, птушкі ніводнай не чуваць. I сарока-белабока не застракоча, і крумкач не закрумкае. А раней...
Птушка ўсё ж закрычала, ды так трывожна-спалохана і надрыўна, што сэрца зайшлося, бы дзіця побач заплакала, бы сам ён заплакаў, душа яго. I адразу я« у гэты крык грымнуў стрэл. Крыкі, рэха з усіх бакоў абложна набеглі на яго і Ганну, як хацелі іх збіць, утаптаць у зямлю. Мяцеліцай прыпадаючы да зямлі, праляцелі над імі чайкі, яны і крычалі. Махахей з Ганнай выйшлі з лесу на чыстае, на гала, з якога далёка праглядвалася вада — сажалкі рыбгаса, які і затапіў лес. Ля вады, каля сажалак, стаяў невялічкага росціку, але шырокі ў плячах хлопец у гумавых ботах ледзь не да жывата, у брызентусе на голае цела. Ён, пэўна, і страляў, у руках яго была стрэльба, са ствалоў якой яшчэ курэў дымок. Хлопец усміхаўся, гледзячы то на ваду, дзе анучаю білася нешта вялікае і шэрае, то на людзей, што падыходзілі да яго.
—Куды ж гэта ты страляеш, каго я^ гэта ты забіваеш! — кінуўся да хлопца Махахей.
— Хлопец усміхнуўся яшчэ шырэй і вельмі шчыра, добразычліва паказаў стрэльбай на птушку, што білася ў вадзе, другой, вольнай рукой правёў па горле: напавал, маўляў. Але Махахей зірнуў не па птушку, ён пазнаў яе, то была добрая птушка — пільна ўгледзеўся ў твар хлопца. I не ўбачыў на ім нічога злачыннага ці нават злоснага, добрыя былі і вочы ў хлопца, ласкавыя, прыветныя і рахманыя, як у хатняга бычка, і нос, як у бычка, таўсматы, мо занадта таўсматы, і моцны, бычыны.
— Што ж гэта ты творыш? — спатыкнуўшыся вачыма аб гэты яго нос, хутка, як і запаліўся, згубіў свой запал Махахей. А хлопец, што стаяў перад ім, і было яму гадоў дваццаць пяць, дваццаць шэсць, усё вадзіў і вадзіў рукою на горле. А стрэльбай паказваў на шэрыя анучыны ў вадзе.
— То ж шэрая чапля,— сказаў Махахей.— Яе ж зусім небагацька засталося ў пас, па пальцах пералічыць можна. А то буслы,— Махахей паказаў на птушак, што стаялі далёка ў вадзе, недаступныя стрэльбе, і тым не менш трывожыліся, гатовыя кожную хвіліну ўзняцца ў неба.
— Ты і іх палюеш? — спытаў Махахей.
Хлопец пагразіў буслам стрэльбаю, павярнуўся да Махахея, затрос тупым носам, замычэў.
— Ды ты нямы...
— Нямко ён,— пацвердзіла баба Ганна.— Пойдзем, Цімошка, з ім не згаворышся.
Але Махахей марудзіў, а хлопец нешта тлумачыў яму, мітусіўся ў паветры рукамі, зводзіў далоні і адразу ж разводзіў іх, ускідваў правую руку ўгару, ускідваў галаву, зяўрыў рот, клекатаў горлам, хуценька-хуценька торгаючы такім жа тупым і моцным, як і нос, кадыком. Пагражаў і буслам: стрэльбаю і кулаком.
— Рыбу тваю паелі буслы і чаплі,— разумеючы і спачуваючы, толькі невядома каму: буслам ці хлопцу, хітаў галавой Махахей,— А тое, што яны жывыя, таму і ядуць, табе не шкада іх. У жывое ж страляеш.— Стукаўся ў яго вушы Махахей, забыўшыся, што перад ім глуханямы і крычаць яму ўсё роўна, што аб сцену біцца галавою, не дакрычышся і не даб'ешся. Страляць ён мог, вочы бачылі, рабіць мог, рукі вунь якія дужыя, моцныя і вялікія, пальцы, што долата, такімі пальцамі схопіць — не выкруцішся. I Махахей глядзеў на яго ўжо з перасцярогаю, а ў той жа час і са спадзяваннем. I яго ж рукі гэткія, і пальцы гэткія, дык чаму ж яны не здольныя зразумець адзін аднаго, глядзяць аднымі і тымі ж вачыма на адзін і той жа белы свет, а бачаць рознае.
— Ты ж у сябе, у сябе страляеш,— сказаў ён з болем, нібы гаварыў сабе, нібы ён і страляў, параніў тую чаплю.
Хлопец жа зяўрыў рот, шчэрыў зубы, не чуючы яго слоў, але па руху губ разумеў, што да яго звяртаюцца, нешта кажуць яму, і адгукаўся на маркотныя і скрушлівыя словы Махахея шчырай і добрай усмешкай.
— Не разумееш ты мяне,— сумаваў Махахей.
Нямы ўскідаў да пляча стрэльбу, цэліўся ў буслоў, плюшчыў адно вока, а другім цікаваў за Махахеем, пагладжваў стрэльбу: добрая, маўляў, штукенцыя, ды і стралок добры, можна не сумнявацца, ён перастраляе ўсіх гэтых буслоў.
— Не разумее ён цябе, Цімошык, пайшлі,— цягнула за крысо мужыка Ганна, але Махахей упарціўся. Хоць і нямы, без языка, быў перад ім чалавек, але ўсё ж чалавек, душа ў ім усё ж жывая была. А чалавек чалавека, душа душу павінны разумець.
— Ты ж таксама, як птушка, як бусел, як чапля,— хапатліва гаварыў нямому Махахей.— Гэткі ж, як і яны. Яны без языка, і ты без языка. Ты ж ім больш родны павінен быць, ім, а не мне, ім,— і, мо гэта здавалася яму больш пераканаўчым, тыцкаў, тыцкаў нямому ў грудзі пальцам і наказваў пальцам на чаплю, што ўсё яшчэ трапятала на вадзе, на ружовую пляму, што разыходзілася ва ўсе бакі ад яе, і на жывых буслоў. Нямы, здаецца, нешта пачаў цяміць, пагаджаўся з ім, лыпаў добрымі, як у хатняга бычка, вачыма, і штосьці журботнае, падстрэленае выспявала, запасілася ўжо ў яго вачах.
— Ну вось бачыш, вось бачыш, мы ўжо разумеем адзін аднаго,— узрадаваўся Махахей.
— Але нямы зноў ускідваў стрэльбу да пляча.
— А каб цябе, прападзі ты пропадам,— ніякавеў Махахей.— Дык дабі ж ты хоць тую, дабі, каб не мучылася.
Махахей і сам, што нямы, замітусіўся рукамі, пачаў наказваць, што пераломвае стрэльбу і зараджае яе і цэліцца ў чаплю. I губамі, бы не свайму чалавеку, а немцу, запыхаў: — Пых-пых, нуф-пуф.
Але нямы зразумеў яго, загнаў патрон у ствол, прыладзіўся. Чапля, нібы прадчуваючы сваю пагібель, узняла з вады шэрую чубатую галаву і чубікам гэтым, як чарацінаю, удзячна хітнула ўсім ім траім і чацвёртаму — смерці падзякавала, стрэлу. Смяртэльны стрэл і апошні крык птушкі супалі, зліліся ў адно. Шыя чаплі пругка сцебанула па вадзе і знікла пад вадой, збіты шротам, узляцеў угару чубок і таксама ўпаў па ваду, патануў. Ганна і Махахей здрыгануліся ад стрэлу і крыку птушкі і самі ўскрыкнулі, а нямы толькі пахіснуўся, пэўна, аддала стрэльба, адышоў галавою назад і імгненна вярнуў яе па тое ж месца, дзе яна была раней, так здае назад, вяртаецца на сваё месца пасля кожнага стрэлу гармата. I вочы яго цяпер ужо не ўдавалі добрымі, і тупы нос выказваў рашучасць, вачыма, носам ён быў ужо скіраваны на новы стрэл: такая ж добрая, паслухмяная стрэльба, такі ж трапны стралок.
— А ў мяне так трапна, так спрытна таксама можаш? — падступіў да яго, закрычаў, бы да яго можна было дакрычацца, Махахей.— Давай паспрабуй у мяне.
— Ты што, Цімох, адумайся, Цімох! — Ганна адцягвала яго ад нямога. А той здзіўлена пазіраў на іх твары, не разумеў, чаму яны такія злосныя і спалоханыя. Мо ён чакаў, што яго ўхваляць, а яны...
— Давай, давай у мяне! — ірваў на грудзях сарочку Махахей.— Вось сюды, дзе сэрца.
Нямы адмоўна і спалохана круціў галавою.