2.
Але Мацвей Роўда ў той вечар на танцы таксама не пайшоў, бо не хадзіў на іх у Княжборы ніколі. А вось што дзіўна: не было на танцах і Надзькі. I дарэмна малодшы лейтэнант, што прыкаціў сёння ў Княжбор разам з таварышам, такім жа як і сам новенькім, толькі што з іголачкі малодшым лейтэнантам, шукаў яе. Вынік яго пошукаў і адлучак меўся сумны: яму давялося зноў, праўда, цяпер ужо па пару з сябрам, піхацца з матацыклам да самага горада. Парупілі княжборскія хлапчукі, па сваёй ужо ініцыятыве, бо ніхто іх па гэты раз не падбухторваў, проста ім спадабалася, і яны заправілі матацыкл ваеннага чалавека, каб не парушаць традыцыі ўжо, каб ваенныя пераканаліся: ёсць і ў вёсцы Княжбор свае традыцыі. I малодшыя лейтэнанты пераканаліся: на світанні без якіх бы ні было здарэнняў і прыгод— на мосціках на гэты раз іх ніхто не сустракаў і не спачуваў — дапхалі свой матацыкл да часці, каб больш у Княжбор і нагою не ступаць. I тым самым далі волю і ежу языкатым княжборскім дзеўкам і маладзіцам, развязалі ім языкі: маўляў, гуляла Надзька з літэрам, а ён яе кінуў, кінуў, і ўсё. Уся вёска гаварыла, толькі сама Надзька ні сном, ні духам ні аб чым не ведала. I іншае было ў яе наўме, але аб гэтым ведаў толькі Васька Барздыка, ён сядзеў дома і кляўся, што ўрэшце ўсё будзе па яго.
А Мацвей у гэты час знаходзіўся каля магазіна, ішоў ён у той магазін, у карчму да Лявона Цупрыка, з адной і вельмі зразумелаю мэтай. Трывожна скончыўся для яго сённяшні дзень, і ўстрывожыла не здарэнне з трактарам, які, дарэчы, ужо выцягнулі, на буксіры толькі што на радасць дзецям, пад іх крыкі: тапельца вязуць, тапельца вязуць — прыцягнулі паўз магазін да майстэрні. Гэта была работа, а на рабоце выпадала ўсякае, і ўсё трэба было мець у галаве і на ўвазе, тое-сёе з непрыемнага нават планаваць: два пішам — тры ў галаве, такі закон прадпрыемства. Не бянтэжыла Мацвея і тое, што на месцы хлопца-трактарыста мог апынуцца і ён; праўду казаў дзед Дзям'ян: ён бы не спяшаўся выскокваць з кабіны, паспрабаваў бы на хуткасці мінуць небяспечнае месца, бо заўсёды ішоў насустрач небяспецы на фарсаж, каб наблізіць яе і развітацца з ёю хутчэй. Пазбавіла яго раўнавагі тое, што дзесь там, у Чортавай прорве, ляжалі яго бацькі. Ён заўсёды ведаў і памятаў аб гэтым, але гэта было такое веданне, з якім ён ужо звыкся, да якога ўжо прыцярпеўся, гэта было ўжо мінулым, даўнім: дзесьці, штосьці, калісьці. А цяпер жа ўсё раптам як падбегла, скочыла да яго і снынілася на адлегласці выцягнутай рукі, усё зрабілася вельмі выразным, канкрэтным і ўвасобленым: не дзесьці, а менавіта вось тут, не калісьці, а во зараз, і не хтосьці, а маці і бацька. I выяўлялася, што не бязродны ты, не горкі сірата, а былі, ёсць у цябе бацькі. I сёння ты сустрэўся з імі. I сустрэча не ўзрадавала цябе, і сум навеяла не той нармальна чалавечы, калі ты, як і ўсе іншыя, прыйшоў на родныя табе магілкі, усведамляючы непазбежнасць гэтых магілак, журботны, але адначасова адчуваючы ў сабе і нешта шчымліва-светлае, трымаючыся за святло і журботу, што сыходзяць ад гэтых магілак, падсвядома недзе ведаючы, што ў свой час нехта таксама, як і ты, прыйдзе і да цябе, у журбоце схіліць галаву перад тваім крыжам ці абеліскам. Але там, на балоце каля Чортавай прорвы, не было ні крыжа, ні абеліска, ні закліку, ні закону аб суме і журбоце, аб бясконцасці чалавечага жыцця, аб памяці, была проста зямля, балота, на якім касілі траву, было, мусіць, некалі возера, у якім лавілі рыбу. I ад таго возера засталася толькі дзірка, акенца па той свет ці з таго свету. I з гэтага акенца, з таго свету, такі засцерагальны крык, такі роў, нібыта ўсе заўчасна сканалыя княжборцы, і не толькі людзі, але і іх жыўнасць, раўнулі рантам у адзін голас і працялі яго, як не здольная была працяць ніводная самая дарагая магілка, ні адзін самы блізкі і дарагі голас, нават голас маці. То крычала сама даўніна, адмерлае, маўклівае мінулае. I тое, што гэтае мінулае можа мець голас, не той, што захаваны і данесены да пас на стужках і грампласцінках, калі ў голасе, як чыста ён пі гучыць, якім бы дасканалым ні быў запіс, адчуваецца ўсё ж небыццё, трэшчына, падрапінка, хрыпатасць, па якім ты пазнаеш — гэта гукі ўжо толькі колішнія, гэта голас таго, што ўжо аджыў сваё. А голас балотнага бугая, хаця браў свой пачатак у мінулым, палежаў сённяшняму, бягучаму дню, таму што бегла ў ім першароднасць і ўлада мінулага і рэальнасць сённяшняга, вечнае, але не састарэлае неба і сонца, старадаўнія, але без ведання гэтай сваёй старадаўнасці буслы, і, здаецца, нават Алена, што адышла яму ў мінулае, якое засталося назаўсёды маладым, і маладосць гэтая ўвасобілася яму цяпер у Надзьцы. I была ва ўсім гэтым нейкая дзіўная нез'яднанасць, непрыстасаванасць, вельмі неяк ужо рознілася тое, што адбывалася ў Свілёве, у параўнанні з тым, што адчуваў ён, што яму хацелася рабіць у тую хвіліну і што трэба было рабіць, што ён пачаў рабіць праз хвіліну, як толькі змоўк балотны бугай, пераступіўшы праз сэрца, праз памяць, забіўшы сэрца, заглушыўшы яго голас асэнсаванай неабходнасцю, голас маці, які ажыў у ім, калі ён як бы страціў прытомнасць, падвоіўся, быў крыху тут сёння ў Свілёве, як у паўзмроку, а больш там, у ночы, у мядзяным святле месяца, што трывожна глядзеў у сінія вокны іх хаты. Сярод хаты мітусілася маці ў белай сарочцы да ног, да падлогі, а адтуль, з-пад падлогі, здавалася, гучаў рык балотнага бугая.
— Пачакай, пачакай, Антоне. Іду ўжо, іду...
— Ты куды, мамо, не пушчу.
— Бацька кліча, чуеш, Мацвейка... Іду, Антоне, іду... Маці была нейкая чужая, незнаёмая, раскасмачаная, вочы гарэлі. Ён баяўся яе, але роў балотнага бугая палохаў яго яшчэ больш. Ён ускочыў з палка, учапіўся ў маці, ашчаперыў рукамі яе ногі.
— Не бойся, лажыся зноў, я пабуду з табою, з табою пабуду.
Ён умольваў яе легчы побач з ім і сцярог яе, пакуль не змарыўся. А калі прахапіўся ноччу, нікога ў хаце ўжо не было, толькі зноў голас балотнага бугая ў расчыненыя насцеж цяпер дзверы. Ён кінуўся да дзвярэй, цягнучы за сабою і коўдру. Але толькі белае штось мільганула за гародамі і голас-усхліп:
— Іду, Антоне, іду...
— Хопіць вушамі грушы калаціць. Два трактары сюды тэрмінова. Ты і ты,— Мацвей кіўнуў трактарысту, які яшчэ плакаў і дрыжаў, і аднаму з рабочых: — Па легары! Астатнія па сваіх месцах. Рабочы дзень не скончыўся.
I ён таксама пайшоў па легары, вымусіў сябе пайсці, хаця яму надта не хацелася адыходзіць ад прорвы, як трымаў хто яго каля яе. I нёс ён легары амаль што ў поўным змроку, і змрок гэты не рассейваўся, Мацвей ішоў як бы па памяці, па памяці сунуў ногі, па памяці знаходзіў месца, куды трэба ступаць, калі трэба скочыць, бо наперадзе была траншэя. Святло ўспыхнула перад ім толькі каля магістральнага канала, і то як прамень аднекуль упаў, хапала яго, каб толькі разглядзець бервяно, што было перакінута праз гэты канал. З абодвух бакоў бервяна быў змрок, і такі густы, непраглядны, што здавалася, у канавы няма дна, бездань там, і над гэтай безданню ён павінен быў прайсці. I ён прайшоў па ненадзейным гэтым мосціку не пахіснуўшыся, па вузенькай палосцы святла, якая і навяла яго на неабходныя ўжо цяпер легары і шчыты, збітыя з дошак і брусоў. Скіраваны ўсё той жа палоскай святла, якое дараваў яму ўсё ж літасцівы сённяшні дзень, а сам цалкам застаючыся ў дні іншым ці, праўдзівей, у ночы, якая схавала раптам і хатку, ён ведаў наперад усе свае дзеянні, усе словы і каманды, якія трэба падаць рабочым. I ён вымаўляў неабходныя словы, аддаваў патрэбныя каманды, быў там, дзе яму трэба быць, і датуль, пакуль трэба. А калі знікла неабходнасць у ім, знікла і Чортава прорва, рабочыя, трактары. Ён застаўся адзін. Бязладна крычалі гусі, галёкалі жанчыны, брахаў нейкі сабачка. Ён пайшоў на гэтыя галасы і ўбачыў Алену, убачыў такой, як прывык бачыць у дзяцінстве, дзыбатую, з дубцом у руках, якім яна паганяла гусей, узрадаваўся і засумаваў, зразумеў, што гэта падман, што гэта не Алена, а толькі цень яе. Надзька. А каля Надзькі месца ўжо занятае, валацуга Брытан быў на тым месцы.
I дзень аднавіўся, набыў святло і яркасць. Толькі гэта было ўжо вячэрняе святло, і яркасць з халадком па схіле дня, на заходзе сонца. I, наглядаючы, як хаваецца за шатамі дрэў сонца, як голле і лістота чапляюцца за сонца, як спрабуюць затрымаць яго па небе, ён падумаў, што няблага было б пасядзець сёння з дзедам Дзям'янам, узяць чарку і памаўчаць і маўчаннем памянуць — ён не наважыўся сказаць: бацьку і маці — Чортаву прорву. Вось гэта і прывяло яго да Цупрыкавай «карчмы». Але тут настрой яго змяніўся. Занадта ж было памінальшчыкаў ужо, і амаль усе яго рабочыя, якім заўтра на змену. Мацвей, канечне, быў далёкі ад таго, каб улазіць, не той быў характар, ды і не памагло б гэта, раззлавала б толькі. Тут трэба было неяк інакш. Ён стаяў, разважаў, як гэта — інакш, калі да яго падышоў Аркадзь Барздыка і ляпнуў:
— Цікаўлюся. Дык хто забіў Пушкіна?
— Каго, каго? Навошта гэта табе?
— Цікаўлюся. Дык хто забіў Пушкіна?
Пытанне было простае, але ж вельмі нейкае далёкае. Мацвей нават крыху і сумеўся, пе ведаючы, што і як адказваць, разгубіўся, што школьнік. Барздыка адчуў гэтую яго разгубленасць і дапамог, падказаў:
— Дантэсаў забіў. Ведаю, але сумняваюся.
Мацвей зірнуў на мужыкоў, што раіліся каля магазіна, і зразумеў яго сумненні. Сам вінаваты ён быў у нечаканай дапытлівасці Барздыкі, парушыў традыцыю. Раней, калі толькі завозілі ў Княжбор тэхніку, участка яшчэ не было, ён, наязджаючы ў вёску, спыняўся тут, каля магазіна, заходзіў у магазін, трэба яму было тое ці не, купляў карабок запалак, выстаўляў вяскоўцам, таму ж Аркадзю Барздыку, пляшку-другую віна, сам не піў, слухаў пэўны час іх размовы і знікаў. А цяпер вось прыйшоў — і аніякай павагі. І мае рацыю, безумоўна, Барздыка, чаго, калі папытацца, пёрся, ведаў жа, што такое княжборскі магазін — Цупрыкава карчма, шынок у Лявона. Не зачыняецца сіт іншым разам да трэціх пеўняў, і пасля іх не зачыняецца, калі жонка Цупрыка не прачнецца сярод ночы, не хопіцца, куды гэта мужык дзеўся, і не прыбяжыць па яго ў магазін. Але і тады можна лічыць, што магазін робіць, працуе карчма і шынок. Цупрычысе, калі нікога няма пад рукою, не пад сілу адной дацягнуць мужыка дамоў. Яна замыкае Лявона і Лявонава завядзенне на замок да раніцы. А раніцай ён знойдзе пад прылаўкам драўляную сваю нагу і загрукае ёю ў дзверы: змілуйцеся, аслабаніце. Дзівосы, а не магазін у іх Княжборы, адзін, пэўна, такі на ўсё Палессе. Хаця чаму адзін, калі такіх вёсак, як Княжбор, раскідана па Палессі... Ды, з другога боку, дзе сабрацца мужыкам пакалякаць, куды кінуцца, каму аддаць ну не рубель, не тры рублі, як у горадзе, вядома, а пяцьдзесят капеек, дзе больш дасведчаныя сёння людзі знаходзяцца, калі не ў магазіне: па-першае, што ведае сам магазіншчык аб гэтым свеце, можна толькі здагадвацца, а па-другое, дзе ж і хто табе так дакладна скажа, у які бок сёння скіраваўся ляснік, ці быў рыбнагляд, ці які яшчэ чалавек, якога трэба пільнавацца. I пільнуюцца, дзякуючы карчме, ніхто ж не абміне яе.
А Барздыка ўсё яшчэ муляецца, чакае, мучыцца, пэўна, пра што б яшчэ спытаць.
— Выпіць хочаш, Аркадзь? — ідзе напралом Мацвей.
— Ды хто яго ведае...— гэта Барздыка дае зразумець Мацвею, што ён, ну, мякка кажучы, не вельмі выхаваны чалавек, мо і дурнаваты трохі. Хто сёння аб гэтым каго пытае, тым больш вось так, прама ў лоб: калі. хочаш пачаставаць, дык пачастуй, але не здзекуйся. Гутарку завядзі, адыдзі ўбок, пагавары аб чым-небудзь староннім, не такім гарачым, а потым ужо можна і аб справе. Але ў тым уся і справа, што аб іншым не хоча і не здольны сёння гаварыць Мацвей. I частаваць не хочацца яму.
— У цябе ж свае ёсць,— гаворыць ён Аркадзю.— На дрэнажы за мінулы месяц колькі атрымаў?
— Атрымаў,— дыпламатычна адказвае Барздыка.
— Я ведаю, не строй з сябе сірату казанскую, пад чатыры сотні выйшла. Трыста дзевяноста восем рэ,— Мацвей называе дакладную лічбу, таму што яна хвалюе яго. Не заробак, не грошы, а менавіта дрэнаж, праца, як яна выканана.— Скажаш, што не так?
— Так,— адказвае Барздыка. I з гонарам і выклікам: — Усё так, колькі ні атрымаў, усе мае... Толькі я за свае не п'ю.
— Чаму ж ты за свае не п'еш?
— А не п'ю, і ўсё... Бяздонны я.
— Які, які?
— Ну такі. Колькі яе ёсць, гарэлкі, столькі і вып'ю.
— I вядро вып'еш?