Колькі яны там сядзелі, яна таксама пэўна цяпер не скажа. Ці не вечарэць пачало, калі Ляксей, бы ачнуўшыся, паволі падняўся на ногі і як загадаў: «Дык чаго ж сядзець? Колькі? Ноч нахопіцца, а тады... Пайшлі да зямлянак, начаваць жа недзе трэба...»
Прайшлі яны там, дзвюма сем'ямі, дні са тры. Ляксей схадзіў ноччу ў Ганаровічы, прынёс торбу бульбы і некалькі цыбулін. На той бульбе і чабаровым чаі-настоі і пратрымаліся тыя колькі дзён — пакуль было ціха. А неяк ранічкаю, калі яны яшчэ спалі на сасновых і яловых лапках пад стрэшкай, зробленай Ляксеем з яе, Стэпаччыным, Васем з яловай кары, пачулася блізкая страляніна. Прахапіліся яны і пашыліся з Барка ў Дзіч, у балота. Берагам Бачылаўкі ісці не асмеліліся — няйначай і немцы на сушэйшым ісці будуць, калываліся напрасткі, ад купіны да купіны, ад дрэва да дрэва, па бруха, часам ажно па пахі правальваючыся ў балотную рудаўку. Пялёхаліся-цялёпкаліся, на адно спадзеючыся: быць таго не можа, каб праклятая немчура таксама палезла ў гэтую бяздонную і смярдзючую твань.
А яно ж аказалася — палезла! Яны ўжо думалі, што адарваліся ад бяды, што пранясе міма іх брахлівую навалач, ажно — зноў быццам з усіх бакоў загаўкалі і бесперастанку трах ды трах, бах ды бах, і не разабрацца, дзе страляюць і куды, то, здаецца, ззаду, то ўжо, дай веры, і наперадзе, і збоку нібы. Ляксей круціў-круціў галавой туды-сюды, прыслухоўваўся-прыслухоўваўся, а пасля і махнуў рукой, плюнуў: «Усё! Капцы нам! Няма куды ісці. Куды ні пойдзем, на іх напорамся. Тут будзем. Пранясе дык пранясе, а не, дык...» Яна, Стэпачка, як і мінулы раз, не датумкала: «А не, дык што, Ляксейка?» Ляксей сыкнуў на яе: «Што ты яшчэ пытаешся? Пазабіваюць! Што яшчэ можа быць, дурная твая галава?» Яна разумела і быццам не разумела, што ён кажа. А як дайшло да яе, дык абмякла, але ўсё ж азвалася: «Дык што, будзем і чакаць? Ляксей, гэта ты кажаш?» Ён зноў сыкнуў на яе: «Маўчы, Стэпачка! От лепей глядзі, дзе сама схаваешся і куды дзяцей прыткнеш... А што рабіць будзеш, га? Kaжy — хавацца трэба! Мо і пранясе...»
Вася не захацеў, як і Сонька, класціся ў балотную рудаўку — палезлі на елкі, зашыліся там пры ствале ў лапніку, а яна, Стэпачка, з меншымі ўкленчыла пад купкай маладзенькіх елачак на доле, па плечы, лічы, у рудавата-ржавай твані. Краем вока бачыла, як прыкрываў Ляксей пад вываратнем сваю дзесяцігадовую Веру, як пасля хаваўся сам з Надзяй і блізнятамі — таксама, як і яна з малымі, пад навіссю густога лапніку маладзенькіх елачак.
І от жа — бярог бог, як кажуць. Зусім жа блізенька прайшлі немцы і з аднаго боку ад іхніх схованак, і з другога, нават прыпыняліся, углядаліся ў іхні бок, яна, Стэпачка, сярод вузкіх сцяблін балотнай травы нават бачыла твар аднаго немца, здаецца, ажно вочы яго — пільныя, хітрыя, як у сабакі, і ад таго пацямнела ў яе ў самой уваччу,— гэта ж няйначай учуў той сабака-гіцаль яе і дзяцей, зараз павернецца і пачоўпае, высока падымаючы ногі ў захляпаных ботах, да іхняй такой, аказваецца, ненадзейнай схованкі... Але — не пачоўпаў. Пастаяў, паглядзеў, другі гіцаль штосьці гаўкнуў яму, і ён адвёў убок свой сабачы пагляд, пацялёпкаўся далей, услед за сваімі.
А яны — і яна з дзецьмі, і Надзя з Ляксеем — яшчэ доўга не то сядзелі, не то ляжалі між купін, ляжалі, як прыгрэўшыся ці, наадварот, акалеўшы так, што ўжо і не чулі, халодная тая балотная твань ці цёплая. Даўно ўжо схаваўся, знік з вачэй не надта густы ланцужок немцаў, даўно аціхлі іх пялёхастыя крокі, іх брахлівыя галасы і нават стрэлы, а яны ўсё не рашаліся вылазіць з-пад навісі яловых лапак.
Урэшце вылезлі на свет, сабраліся ў адно месца. Чакалі, што скажа Ляксей. А ён, усё яшчэ быццам баючыся парушыць нейкую дзіўную цішыню вакол, маўчаў. Надзя не чапала яго, яна ўсё яшчэ была як ачмурэлая. Не загаворвала да Ляксея і яна, Стэпачка. Мо і праўда яе, бабская, галава дурная. От паслухалі, пахаваліся — і абышлося, прайшла бяда міма. А ці надоўга? Хто ж яго ведае. Яму ж, Ляксею, мо страшней было, чым ёй, Стэпачцы, ці Надзі яго. Загадаў хавацца, сам хаваўся, а каб жа апаролі іх пад елачкамі ды пад вываратнямі — хто б дакараў сябе болей, чым ён? Хай ачомаецца, хай сэрца астудзіць, а тады і скажа, параіць нешта, як і перад гэтым.
І праўда, Ляксей неўзабаве сказаў: «Пойдзем, дзеці, назад, да зямлянак. Яны, пэўна, падаліся пад Пуцілава, а мы — назад. Бо — куды ж яшчэ?..»
Моўчкі пагрэбліся за Ляксеем гуськом, след у след, і выпхнуліся нарэшце ў Барок, да зямлянак, і ўжо мо з тыдзень адседжваліся там, палохаючыся, уздрыгваючы ад кожнага птушынага крыку, трэску сухой галіны, далёкага, незразумелага грукату — ці то прыглушаных раскатаў грому, ці то выбухаў бомбаў. Адседжваліся да тых пор, пакуль было ціха...
Штосьці грукнула, дзынкнула, як усё адно чымсьці драўляным па блясе, і Стэпачка ажно скаланулася ўся — як зусім нядаўна ў лесе. Пасля ачомалася, што не ў лесе яна, што сядзіць на камені-ганку ля роднай хаты і што не стрэліла гэта недзе, а дзеці ў хаце лупянулі нечым па балеі, яна павінна была вісець у запечку на цвіку,— але ўсё роўна зазлавала чамусьці на дзяцей і не стрывала, крыкнула сярдзіта, як ужо даўно, усю блакаду, не крычала:
— Чаго вы грукаеце, каб вам... Няўжо мала было ляскату? Сонька, Вася, і ў вас розум адабрала?
Выскачыла на ганак Сонька, смеючыся, перапытала:
— Ты што сказала, мама?
Стэпачка ўсё яшчэ зласнавата сказала:
— Чаго ляскаеце, кажу? Сэрца ледзь не абарвалася...
— Гэта Косцік! Дамавіка качалкай выганяў з-пад балеі.
— І табе надта смешна з таго! — як папікнула яна дачку, але ўжо без злосці.— Лепш бы падумала, што з'есці пашукаць. У грады схадзіла б...
— Схаджу, мама. Яшчэ да вечара далёка,— не пакрыўдзілася, памяркоўна адказала Сонька.
Яна, Стэпачка, кіўнула, здаецца, галавою на тое. Ведама ж, далёка яшчэ да вечара. Вуньдзека сонца — толькі-толькі пайшло з гары, яшчэ не пакацілася нават, адно ўсяго раз-другі ўніз крутанулася. Зрэшты, і не Соньцы першай у тыя грады ісці. Ёй самой, Стэпачцы, трэба туды. Соньцы галава яшчэ ад таго не баліць, ёсць што ў рот узяць ці няма. Хоць і выдыгала неўпрыкмет за вайну, але дзіця яшчэ, без матчынага загаду ці падгону не надта парупіцца з чым.
А не хочацца ні ў грады тыя ісці, ні на сяло да каго. Сама лягла б яна і так, не еўшы, не піўшы, абы адаспацца б, адзеравянеласць з усяго цела скінуць. Але ж дзеці. І так як вытрывалі ўсё тое, на чым у бедных душа трымаецца. Апошнія дні, як сядзелі ў нары, ужо без Ляксея з Надзяй, нічога ў роце, лічы, не мелі, нават вады і той не было — адно каб губы змачыць засмяглыя...
У апошняй суматосе зноў адбілася яна ад Ляксея з Надзяй. Іх, людцаў, сабралася ля Дзікага возера нямала, адусюль. І яны да агульнага кагалу далучыліся. Наслухалася яна такіх жахаў, што верыць не хацелася: і як стралялі ў людзей, не разбіраючы, каторы стары, а каторы малы, і як штыкамі даколвалі, каго куляй не забілі, і як вешалі, вёскі палілі, дзяцей у агонь кідалі. У тым агульным горы сваё гора ці не меншала: яны ж таго, дзякаваць богу, не бачылі, не перажылі. Кажуць жа, што ўжо скора скончыцца ўсё, што нібыта чуваць ужо грукат далёкі — нашы ідуць, дык, можа, пераседзяць як-небудзь, дачакаюцца.
Яна той ноччу доўга не спала, не магла задрамаць, усё слухала цемнату, спадзеючыся ўчуць жаданы далёкі грукат. Але не ўчула. Наадварот, ціха было, як ніколі перад тым, як быццам знарок. Задрамала ці не дасвеццем і тут жа, здаецца, прахапілася ад крыку, енку і ляманту — немцы!
Спрасонку не намятае, як дзяцей параскатурхвала, як пашылася ў лес, куды вочы глядзяць, як узбілася праз балотную твань на сухі грудок і як па тым грудзе скацілася з адхону кудысьці ўніз. Адтуль, знізу, і ўбачыла тую нару, ля падножжа маладых гонкіх сасонак, на самым краі адхону. Ліха яго ведае чаму, а толькі матлянулася ёй у галаве, што гэта не лісіная нара, што няйначай гэта чалавечая схованка. Дапаўзла да яе — так і ёсць: не зверам копана і не нара гэта, а зямлянка невялічкая, як на сям'ю, нехта рабіў, а не заняў. От яна і пазапіхвала туды дзяцей, а пасля, прывалокшы да ўваходу ахапак сухога галля, усунулася ў зямлянку і сама, прыкрыўшы тым галлём лаз.
Гэтая чыясьці схованка і ўратавала іх. Немцы былі на грудку, нават тупалі паблізу, па краі адхону, яна чула, як яны тупалі, і, яшчэ не чуючы іх галасоў, ведала, што гэта яны, а не свае людзі, бо свае людзі не насілі ботаў і не маглі так тупаць...
Пасля, як тупат і гаворка сціхлі, яна спачатку асмелілася адно рассунуць трошку галлё, што засланяла свет, каб зірнуць, што робіцца вакол. Счакаўшы мо з гадзіну, высунулася з нары, атрэслася, агледзелася. Дзяцей не выпускала, нават Соньку. Потым, пераканаўшыся, што навокал ціха, дазволіла вылезці і ім, але наказала быць побач, нікуды не адлучацца. Наважылася нікуды ад гэтае схованкі ні на крок — досыць, набегалася, нагулялася са смерцю, лепш ад голаду высахнуць на трэску ці апухнуць, а ўсё ж не галовы злажыць, на жывых касцях мяса нарасце. І сядзела з дзецьмі на тым грудку аж датуль, пакуль не напаткала дзеда ажно ці не з-пад Бясяд, які шукаў у Дзічы сваю сям'ю. Ад яго і даведалася, што праз Стайкі ўчарашнім днём прайшлі нашы. Тады яна знялася са свайго седала і пашыбавала дадому.
Спачатку і праўда шыбавала, адкуль і сілы ўзяліся, і дзеці не адставалі, нават малы Косцік, як выбраліся-ўзбіліся на торную лясную сцежку, папрасіўся з рук. Але неўзабаве выбіліся з сіл. Найперш чамусьці яна. Дзеці ўжо абагналі яе, ішлі паперадзе, а яна ззаду матлялася, нагу за нагу перацягвала. Думала, што не дойдзе ўжо, асабліва тады, як спусціліся з Краснай горкі на Дадаткі — ужо і вёска відаць, і свая хата, страха шарэецца сярод вішанніку, а ногі зусім як не свае, не хочуць трымаць.
І во колькі часу сядзіць на камені-ганку, а яны ні кропелькі не адышлі, гудуць і гудуць, і ўсё па іх быццам мурашкі поўзаюць. А сядзець жа быццам і досыць ужо. Трэба ж і праўда падумаць, каб што дзецям даць. Пашукаць у варыўні, можа, якая бульбіна ў загародцы ў куток закацілася і не споршылася? А мо на сяло схадзіць да каго? Бо ў гародзе тым ці знойдзеш яшчэ што. Парэчкі-зяленухі хіба?
Ад згадкі пра парэчкі ў перасохлым роце яе варухнуўся язык, яна пракаўтнула сухі камяк і сказала сама сабе пра дзяцей ці не голасна: «А хай бы і паглядзелі, мо ўжо і зачырванеліся дзе на ўгрэве. Дык жа не, у хату паперліся, абрадаваліся, даўно не бачылі, не былі ў хаце...»
І як пачуўшы яе, выйшаў з хаты Косцік, а ўслед за ім і ўсе — Толя, Міша, Вася і Сонька. Яна не бачыла іх, але спіною адчувала — усе тут, стаяць за ёю, на ганку.
— Ну што, дзеткі?