А вучыла яна, каб работы не цураўся. Каб разумеў, што чалавек без работы — не чалавек. Няма такога чалавека. Каб людзей паважаў. І каб верыў, што заўсёды добрых людзей больш, чым благіх. Заўсёды і ўсюды. Што свет на добрых людзях трымаецца. І тады, калі бяда ці гора, і тады, калі радасць у хаце. Што з благім чалавекам свет пройдзеш, а назад не вернешся. І чэснасці вучыла. Што хлеб чэсны — не прэсны. Што чэсны чалавек спіць спакойна і што душа ў яго надзейная, не мітуслівая.
А яшчэ наказвала вучыцца. Сама яна скончыла сваёю парою пяць класаў. Далей бацька не пусціў. Сказаў, досыць дзеўцы і такой грамаці. А яна ж вельмі хацела вучыцца. Плакала, прасіла, ужо і матка на яе бок стала, ды бацьку не ўламалі. Упёрся — не і не. Хлопца пускаць у навуку — куды ні ішло, а з дзеўкі ніякага толку не будзе, адно сапсуеш, пасля сама рада не будзе. Тое хаценне яе, прага да вучобы засталіся з ёю на ўсё жыццё. І калі ўжо ёй не ўдалося, парашыла, што сына вывучыць. На інжынера, настаўніка, доктара — на каго захоча. А Кім узяў ды пасля восьмага класа пайшоў рабіць. І ўпрошвала, і біць спрабавала — не пайшоў у дзевяты. Адно паабяцаў, што дзесяць класаў скончыць, не цяпер, дык пазней, а, сказаў, атэстат атрымае і далей пойдзе вучыцца.
Цяпер-то яна ведае, чаго ён тады сарваўся з вучобы. А тым часам даўмецца не магла. І крыўдна ёй было, што не расказаць нікому. Гэта ж крыжам клалася, каб хаця сын вучыўся, а ён такога коніка выкінуў! Але змірылася. Робіць, у чарку не глядзіць, нават і папяросай не цмыгае — то што ж хацець? Тры гадкі праляцелі — як адзін. А там і ў армію яго забралі. Гэтыя, армейскія яго тры гады ёй ужо доўгімі падаліся. Усё адна і адна — чаму ж не здоўжацца? А прыйшоў з арміі, дык паглядзела — мужчына зусім, якая ўжо яму вучоба. І не напамінала. Пэўна, доля такая. А ён перазімаваў, вясну і лета перабыў, а восенню — у вячэрнюю. Дык у яе з радасці так сэрца затахкала, што, думала, з грудзей вырвецца. Паменела ў яе радасці, як пабачыла, што надта ж цяжка яму. Вядома, работа шафёрская — не салодкая. Паедзе раненька, а прыедзе позненька, а часта і абначоўвае ў дарозе. І ў далёкай, і ў блізкай, калі што-небудзь зломіцца ў машыне. Тады кукуе, бедны, на дарозе, пакуль помач якую знойдзе. Дзе ўжо тут, здавалася б, да школы? А ён не кідае, не! Падручнікі з сабою заўсёды ў кабіне вазіў. У школу няма як дапяць, дык у дарозе наганяе. Ну і, не будзе грашыць, настаўнікі памагалі. Яна ж ведае, не сляпая і не глухая была. От так, то бокам, то скокам, як кажуць, а скончыў. Яна думала, што адразу ў інстытут пойдзе. А чаму б і не? Што дваццаць пяць мінула, такой бяды. У студэнты і ў трыццаць бяруць. Жыць стала лягчэй, за вучобу не тое што плаціць не трэба, як раней, а яшчэ і стыпендыю плацяць,— чаму ж не вучыцца? А ён — не пайшоў. Прызнаўся неяк, што збаяўся. Здрэйфіў, сказаў. Гадок-другі падрыхтавацца трэба, сказаў, а тады завочна будзе вучыцца. Як сказаў так, яна і паверыла. Хай, людзі ж і завочна вучацца. Але тады — жаніцца трэба. І не абы з кім. Калі ўжо ў яго планы такія, то трэба жонку з прыцэлам браць. Яна баба вясковая, але петрыць, як яно лепей зрабіць. Возьме невучоную, дык і сама не гам, і яму не дам. А пашчасціць ухапіць настаўніцу ці хоць бы фельчарку, тая сама падштурхне: ідзі, мужанёк, вучыся! От яна і запрыкмеціла Валерачку.
Спачатку, вядома, мала на што яна спадзявалася, хоць настаўніца новенькая ёй спадабалася. Гэта яна знарок сказала, што і лупаватая, і велікаротая, і сякая-такая. Ім жа скажы адно, дык зробяць другое. Асабліва калі да дзеўкі гаворка зойдзе. От яна і кінула прыпаду: і не надта каб, і бяжы, Кімачка, бо перахопяць! А ён і папаўся, галубок. Як сказала першы раз пра новую настаўніцу, дык з хаты ўцёк. А як пачалі гаварыць, што праводзіў яе і сетачку падносіў, дык яна вазьмі і спытайся, ці праўда тое. Ён, бы дзеўка, пачырванеў, але не выскачыў ужо з хаты, так, нібы нічога такога, сказаў, што ніхто нікога не праводзіў, а з раёна разам ішлі. Балбочуць людзі абы-што, сказаў.
А яна падумала: то і добра, што балбочуць. Гэта ж і да яе, галубкі, дойдзе, і ёй на душу лішні раз капне, што ёсць у Чырвоным Бары Кім Курловічаў. А кропля, кажуць, і камень дзяўбе. От хай тыя кроплі і капаюць.
І ўсё ж, руку на сэрца паклаўшы, не спадзявалася яна на такі зыход. Не спадзявалася найперш таму, што нехлямяжы дужа яе Кім. Надта ўжо спакойны, памяркоўны, разважлівы, а то і сарамлівы. Дзеўкам такія не падабаюцца. Ім трэба, каб хлопец калі і нораў свой паказаў. Баба, хоць і вучоная, ёсць баба. Таго, хто ходзіць услед заўсёды паслухмяным, глядзі што і неўзлюбіць. Ёй, дай веры, захочацца, каб гэты паслухмяны і сарамлівы, калі ніхто не бачыць, і да плота яе прыціснуў, праводзячы. А як жа! А яе Кім наўрад ці адважыцца на такое. Пабаіцца. Ён вунь які мацак, а яна — саломінка. От і пабаіцца дакрануцца, каб знячэўку не зламаць.
Зрэшты, пра тое яна ўвогуле дарэмна думала, бо ён доўгі час і ў той бок не глядзеў. Чыста баяўся яе, і ўсё тут! А думаць дык думаў пра яе. Яна, матка, здагадвалася. Бо яго кожная драбязінка выдавала. Яна знарок абы-што скажа пра Валерыю Віктараўну — быццам бабы на сяле гаварылі, а ён адразу наструніцца, вушы натапырыць, хоць і не павернецца, не перапытае. Дык яна па-сміхнецца сама сабе цішком і галавой пакруціць: папаўся, бедненькі, улюбіўся. Пэўна ж улюбіўся. Улюбіцца-то ўлюбіўся, але кніжак не цураецца, кожную вольную хвіліну чытае. І піша штосьці, і задачкі рашае. Аднойчы ж у школу сабраўся. Яна, быццам проста так, папытала, чаго, па якой патрэбе. На кансультацыю, сказаў. Праз нейкі час — зноў туды ж, на кансультацыю. А назаўтра пайшла яна вады прынесці і ля калодзежа сустракае Надзю Тарыку, а тая і кажа: «Чаму ж і ты не прыходзіла ўчора ў школу? Там жа вечар быў. Дзеці вершы чыталі. Конкурс Валерыя Віктараўна праводзіла, хто лепш за ўсіх верш прачытае. І каб самі бацькі ацэньвалі. Дык там не толькі бацькі, а ўсе, хто хацеў, папрыходзілі. І Кім твой быў... Гэтая Віктараўна — агонь-дзеўка! Ніколі ж такога ў школе не рабілася...» От, значыць, якая кансультацыя, здагадалася яна. І зарадавалася: то і добра!
А неўзабаве і Новы год надышоў. У клубе Валерачка надумала правесці навагодні баль. Такога ў Чырвоным Бары таксама яшчэ ніколі не было. Дзеці канцэрт зрабілі. Потым танцы пачаліся, а ў перапынках паміж скокамі гульні розныя. І мужчыны, бабы ў тыя гульні, бы дзеці, гулялі. А пад канец, перад тым як разысціся Новы год сустракаць, усе пачалі ў шарыкі з дзіцячага наганчыка страляць. Кім панавешваў пад столлю надзьмутых шарыкаў ну штук трыццаць, калі не больш. І от хто ў шарык пацэліць, шарык пшыкне-лопне, а з яго паперка долу падае. На паперцы нумар напісаны. Па тым нумары Валерачка выйгрыш выдае, а выйгрышы такія, што ўсе за жываты хапаюцца. Адзін выйграе шаўковую стужачку, другі — дзіцячую соску, трэці — пеўніка-свістульку, чацвёрты — шпульку нітак, пяты — расчоску, шосты — збанок двухлітровы... Рогату было — клуб тросся.
Да дванаццаці ўсе ў клубе таўкліся. А пасля хто ў якую кампанію разбрыліся. Кім яе трапіў у кампанію да настаўнікаў. Валерачка, яшчэ адна настаўніца, Ніна Аляксандраўна, таксама маладая, але ўжо замужняя, аграном яе ўзяў колькі гадоў назад, ладзілі тыя гульні ў клубе. Яны і папрасілі Кіма ў памагатыя, бо тыя самыя шарыкі пад столлю самі не маглі ж павесіць. От пасля ўсяго яны і забралі Кіма з сабою, у сваю кампанію. Там, казаў пасля, і старшыня калгаса з жонкаю быў, і старшыня сельсавета, і фельчарка. Гулялі яны ў школе, у складчыну. Жанчыны папрыносілі хто што з закусі, а мужчыны — па бутэльцы,— такая ўжо завядзёнка была, хоць і благая.
Яна не ведае, ці позна яны там вячэралі, ці на скорую руку. Яна як пайшла з клуба, дык неўзабаве і спаць лягла. І не чула, калі Кім прыйшоў. Ведае толькі, што ў клубе зноў танцы былі, і позна, ці не да трэціх пеўняў. І здагадваецца, хоць сын нічога такога і не расказваў, што ці не той ноччу, пасля ўсяго ўжо, быў Кім з Валерачкай. Мусібыць, быў. Бо, заўважыла, іменна пасля тае начы навагодняй перастаў ён баяцца Валерыі Віктараўны, не абыходзіў яе за тры вярсты, а нават быццам пару разоў заходзіў у хату да Любы Міхалкавай браць у яе пастаялкі нейкія кніжкі.
Але каб што нейкае пачалося між імі пасля Новага года, дык не сказала б. От проста пазнаёміліся бліжэй ды трошкі паабвыклі адно да аднаго. Як аднавяскоўцы. У сяле ж іначай і няможна. Усё адно, хоцькі-няхоцькі, а ўсе адзін пра аднаго ведаюць. Так і яны. Бо каб што такое, дык у сяле б заўважылі і на язык узялі б. А пра іх, Валерачку і Кіма, не надта пляткарылі.
Так, у няпэўнасці, студзень мінуўся, а пасля і люты. А ў сакавіку недзе Кім павёз дзяцей у Мінск на экскурсію. У кузаве лаўкі спецыяльныя зрабілі, і больш чым дваццаць вучняў на іх расселася. А ў кабіне разам з Кімам — Валерачка, вядома, бо хто б яшчэ, каб спыталі, мог бы дадумацца да той экскурсіі! І вось ужо з Мінска Кім яе вярнуўся не такім, якім паехаў. Радасны вярнуўся. Нешта між імі там адбылося. Ці што зрабіла, ці сказала, а толькі ж зразумеў ён, што і ён, Кім, для яе не пустое месца. Хіба ж яна не бачыла? Якая гэта матка не заўважыць таго, што ў сына з дзеўкай на лад ідзе? Кожная заўважыць!
Ды ён усё роўна цямця-лямця быў, яе Кім. Ужо і сустракацца пачалі, ужо зноў па сяле гаворкі пайшлі, што Кім з Валерыяй Віктараўнай раман піша, а ён, мусіць, ні словам, ні рукам волі не даваў. Пэўна ж не даваў! Бо скончылася ж тым, што не ён ёй, а яна яму прызналася, што любіць яго. От гэта дзеўка! Яна ж адразу запрыкмеціла, тады яшчэ, як пабачыла ўпершыню Валерыю ў краме на пачатку леташняй восені, што новая настаўніца дужа прыемная дзяўчына, на язык скорая, здатная з любым чалавекам пагаварыць, з кожным паразумецца. Дык яна і з Кімам яе не валэндалася. Ён жа ўсё яе на «вы» называў. Як што калі трэба, дык: Валерыя Віктараўна, ці можна вас папрасіць... ці зможаце вы... мо ў вас ёсць... Дык, гледзячы на такое, і яна да яго выкае. Праўда, Вікенцевічам не звала, проста Кімам, але — вы і вы. А як пачало пакрысе адтаваць яе сэрца, як пачала душа яе мякчэць, бачачы Кіма, пачала Валерачка да яго на «ты». Раз сказала, другі. А ён — быццам не чуе, усё роўна да яе: Валерыя Віктараўна, ці ёсць у вас... Нейкія кніжкі ўсё ў яе пытаў. Дык яна тады сама ўзяла лейцы ў рукі. Кім ёй, маці, не ўсё расказваў, вядома, так, збольшага, як тое адбылося, але ёй досыць было і таго, што казаў, каб разумець, што да чаго.
Яны тады ў кіно хадзілі. Кім ужо не таіўся, сказаў на адыходзе, што пойдуць у кіно. Дамовіліся, маўляў. Фільм цікавы, даўно хацелі паглядзець, дык сходзяць. Ідзі, сынок, ідзі, сказала яму моўчкі ўслед. Ці ж яна яго не пускаць будзе? Ды ці ж ён і прасіўся ў яе? Гэта ж сказаў ёй ад радасці. З душы прасіліся тыя словы самі: от, мама, ведай і ты, з ёй у кіно іду, не адзін, а з ёй! Пайшоў, а яна, дай веры, знячэўку падумала, што мо гэта і блага — так хацець гэтую самую Валерачку за нявестку, як яна хоча. Як падумае ды ўспомніць, дык усё ва ўсіх быццам наадварот было. Каго ні возьме, дык матка якраз была супраць нявесткі настроена. Дальбог жа! Нашто ж далёка хадзіць, калі і яе самую свякруха стрэла няласкава. Выгляду не падавала, пры людзях, пры Вінцуку нічым сябе не выдавала, лагоднічала нават, але ж яна, Кацярына, памятае, што неаднойчы лавіла на сабе яе злосны — калі не сказаць горш — позірк. Гэта пасля ўжо, праз год, як нарадзіўся Кімка, свякруха перамянілася, і вочы яе падабрэлі, і голас паласкавеў. А яна ж во, дай веры, сама хоча дзяўчыну ў нявесткі. Любіць яе. З першага разу ўпадабала. За што, дык, пэўна, і не скажа. Яно і паспрабуй скажы! Пра карову ці пра ката — і то не заўсёды скажаш, чым добрая ці добры. А ў іх жа служба адна. Шмат малака дае — значыць, добрая кароўка. Старанна мышэй ловіць — таксама, бясспрэчна, добры кот. А чалавек? З твару прыгожы, а душа подлая,— от і скажы, добры ён ці дрэнны? А то, бывае, і з твару ўдаўся, і душа — хоць да раны прыкладзі, а гультай несусветны — які чалавек, што пра яго скажаш? Але ўсё-такі ёсць нешта ў чалавеку такое, што адразу выдае, чаго ён варты. Ці то па вачах відаць, ці па голасе, ці па тым, як ён да другога чалавека падступаецца, як размаўляе з ім. А то і па тым, як ходзіць, як паводзіць сябе. Карацей кажучы, Валерыя Віктараўна прыйшлася ёй да душы. І вочы, хай сабе трошкі і зіркаватыя, добрыя, не мітуслівыя, на цябе глядзяць, а не міма. І твар не злы, не кіслы, а шчыры, адкрыты, даверлівы. І сама ўся рухавая, жывая, але не пудлівая, не знерваваная. І паходка не ганарлівая, але і не шалда-балда, не валюханне качынае. Па ўсім відаць, што чалавек добры, чэсны, надзейны. Ну, а што не дурны, дык і з аднаго слова відаць. Гэта ж каторай ці катораму досыць проста рот разявіць, каб пабачыць, што дурань. А Валерачка гаворыць, як песеньку пяе. Быццам і па-нашаму, па-вясковаму, усе слоўкі знаёмыя, родныя, а складзены і вымаўлены так, што быццам ужо і не нашы, простыя і свойскія, а кніжныя, вучоныя, прыгожыя. Слухала б, здаецца, яе і слухала б...
Расчулілася яна тады, тым вечарам. Ажно ў яе сэрца заныла. Ціхенька так, быццам і не балюча, але ўсё роўна непрыемна так, тужліва. Падумала была, хоць не на бяду гэтая яе любоў. Мо досыць было б, каб хоць сын любіў? А пасля плюнула ў злосці і расцерла. Каб яна яшчэ праз глупства нервавалася? Гэта ж, можа, наадварот, ёй шчасце вялікае пасвеціць у вочы, калі Кім яе пабярэцца з Валерачкай. Гэта ж не будзе ў яе розніцы, ці яна, ці ён: абое любімыя, абое дарагія, абое родныя. А яна, дурная, раскволілася, растузалася...
Ён тады позна прыйшоў з кіно. Але яна не спала. Нават і не лягала. Нейкі касмыль воўны валяўся, даўнейшай, ужо трохі і злямчанай, парашыла спрасці — мо прыдасца нітка на што-небудзь. Якраз дапрала, прасніцу прыбірала і калаўрот, каб не тырчалі навідавоку, а ён прыйшоў. Распрануўся і на другую палавіну пайшоў. Ну, пайшоў, то і добра, позна ўжо ж, хай кладзецца, бо заўтра ж, пэўна, зноў куды-небудзь паедзе. Яна адно на ўсякі выпадак спытала, мо перакусіць што. А ён на яе словы вярнуўся зноў у першую хату і галавой пакруціў: не, мама, не хачу анічога, сказаў. Не хочаш, дык і добра, яна на ўсякі выпадак пакінула на стале, пад абрусам, скрылёк сала і кубачак кісялю яблычнага, куплёнага. Ён зноў галавой пакруціў: дзякую, мама, не хачу, сказаў. А потым раптам засмяяўся і папытаў, як дурненькі: ці ведаеш ты, мама, чым сёння кіно скончылася? У яго быў нейкі такі твар, што, зірнуўшы на яго, яна таксама ўсміхнулася. Адкуль жа ёй ведаць, сказала, яна ж у клубе не была. Дык ведай, мама, гукнуў ён, ведай, што Лера згадзілася выйсці за мяне замуж! І крутануўся па хаце на адной назе. Падышла яна да яго, нагнула галаву, пацалавала ў лоб, сказала: рада за цябе, сынок. І папрасіла: ты ж раскажы, як гэта здарылася, як вы дамовіліся, матцы ж ведаць трэба... А ён абняў яе, крутануў лёгенька, праспяваў: матцы адно трэба ведаць, што вяселле будзе на Мая...
Так нічога і не сказаў. Тым разам. А пазней трошкі расказаў. Адзін раз адным-двума словамі прагаварыўся, другі. Яна хутчэй здагадалася, чым зразумела, што паразумеліся яны прыкладна так.
Пэўна, пасля кіно прыпыніліся ці ля варотцаў Любы Міхалкавай, ці мо ў сенцы зайшлі, каб вецер не так працінаў. І, мусіць, Кім, як заўсёды, моўчкі стаяў, церабіўся, як васьмікласнік. І тады яна, відаць, не стрывала і прыстала да яго з роспытамі: ці любіць ён яе? Яна пытаецца, а ён маўчыць, яна пытаецца, а ён маўчыць, носам сапе. Дык яна тады — рашуча: апошні раз пытаюся, любіш ці не? Куды ж яму было дзецца! Узяў ды выціснуў з сябе: люблю. Вельмі любіш? Яна не адступаецца. Вельмі, прашаптаў. Ну, дык тады яна і сказала так проста: і цябе я люблю, і таму бяры мяне замуж... От такая дзеўка!
Ён прагаворваўся, што разгубіўся — страшэнна. Казаў, ледзь не самлеў. А яна сама ледзь не самлела, слухаючы яго. Аж сэрца зайшлося, ад радасці, вядома, што сын у яе такі. Што нават у такія гады дзеліцца з маткаю такім сваім сакрэтам. Яна спаймала сябе на гэтай думцы і перакінулася на Валерачку: гэта ж і ёй будзе добра за Кімам, гэта ж і яна будзе мець шчасце грэцца ля яго шчырай і адкрытай душы.
Калі ўжо сама дзеўка прапанавала — бяры мяне замуж, дык грэх было не ўзяць. От і ўзяў. І вяселле згулялі. І перайшла Валерачка ад Любы Міхалкавай да яе ў хату. Перайшла яшчэ напярэдадні. Са сваім небагатым скарбам. Кніжак больш, чым усяго астатняга. Людзі, вядома, прыкмецілі гэта. Сёй-той здзівіўся. Надзя Тарыка, суседка, не прамінула і сказаць: Кацярына, пасаг у тваёй нявесткі такі, што і пераймаць быццам няёмка... Яна адно Надзі сказала: а ты не на пасаг глядзі, ты на пасажніцу!.. Добра і так, што выкачалася дзеўка, вырасла, вывучылася без бацькі ды без маткі. А пасаг нажыве. Надзя ж ведае, што ў дзетдоме гадавалася яе нявестка, але от... Калі язык свярбіць, трэба ж нешта ляпнуць...
Спяць, пэўна, яе дзеці. Вядома, спяць. А яна во і да світання на парожыку прасядзела. Добра, што ватоўку здагадалася на плечы накінуць, а то б акалела. Яшчэ ўсё-такі ночы крамяныя. Ад зямлі цягне не парнасцю, а сцюдзёнасцю, бо яна яшчэ не прагрэлася як след, зямля. Вунь сонца ўстае, дык на траве — бы шэрань зіхціць...
Паднялася маці, шчыльней ахінула плечы ватоўкай, адной нагою патрапала, другою, бо адзеравянелі, адседжаныя. Трэба ж ісці ў хату, узяць даёнку, кароўку падаіць і за работу брацца. Толькі ж ціхенька, каб, не дай бог, не забразгатаць чым-небудзь — хай паспяць дзеці. На золку ж, кажуць, самы салодкі сон...
ЛЮТЫ 1961 ГОДА
Ці не тыдні тры стаяла ціхае марознае надвор'е. Уначы неба зырылася зоркамі, снег пад нагамі рыпеў гулка і смачна, а днём ярка свяціла сонца і ў зацішку пад сцяною было цёпла. Прыкладзеш даланю да бервяна, а яно — бы тое паленне, што кладзецца ў яшчэ не астылую печ, каб падсохла да вечара, каб лепш гарэла ў грубцы. Дастаеш яго надвячоркам з печы, а яно цёплае-цёплае, бы над вогнішчам патрыманае.
А тут раптам аб адным дні ўсё на скрут пайшло. Спачатку сонца як туманам ці нейкім мройвам ахуталася, а пасля і зусім зблякла і прапала. Потым ветрык павеяў, і ўсё нейк быццам знізу, снежны пылок метучы і закручваючы. А затым неўспадзеўкі пайшоў снег, і к вечару ўжо сапраўдная завіруха-мяцеліца паглынула спачатку прырэчныя кусты на аселіцы, потым яблыні за пуняй, а пасля і самую пуню.
Маці глядзела ў акно і бедавала, як жа заўтра Кім дабярэцца ў райцэнтр. Пэўна, замяце так, што ніякая машына не праб'ецца. Каб знаццё, дык можна ж было б учора паехаць ці хоць бы сёння зранку. А то ж во, дачакаўся — свету белага не відаць. Не стрывала, адчыніла дзверы ў другую палову хаты, сказала:
— Ці бачыш хаця, што на вуліцы робіцца? Як з хаты выберашся, завочнічак? І чаму лямпы не запальваеце?
— А мы нічога не робім. Лера прылягла, а я сяджу, гаворым. Што, ты кажаш, на вуліцы?
— Мяцеліца, сынок! Ды такая, што за ноч па вокны памяце.
Кім падняўся з ускрайку ложка, падышоў да акна, працёр пальцам шыбіну і нейкі час паўзіраўся ў гэтую працёртую — цямнейшую — плямку. Выпростваючыся, сказаў заклапочана: