— Гэта што? Гара, лагчына?
— Не, рачулка.
— Рачулка Лагазінка? Харошая, пэўна, рачулка, бо назва харошая. Нейкая тоненькая, гнуткая, звонкая. Лага-зін-ка... І не здагадаешся адразу, ад якога слова паходзіць,— паціснула яна плечукамі.
— Там, за ляском, вёска ёсць — Лагаза,— падказаў ён.
Яна ажывілася:
— Ага, значыць, ад Лагазы. Ну, а сама Лагаза? Ад лагчыны? Ці мо ад прозвішча чалавека? Ад якога-небудзь Лагозы? Га? Як думаеце, Кім?
Ён сумеўся, сцепануўся:
— Вы ўжо думайце, што мне...
Яна запярэчыла:
— Не, вы таксама думайце. Найперш вы. Гэта ж вашы мясціны. Вы павінны былі даўно пацікавіцца, чаму так названа, а не інакш.
Ён буркнуў:
— Нічога я не павінен.
Яна зірнула на яго і, як на вучня, паківала пальцам:
— Не, павінны! Як жа так? Гэта ж паэзія нашай зямлі. Вы толькі ўслухайцеся ва ўсе гэтыя назвы рачулак, балотцаў, пагоркаў, лясоў, пералескаў, лагчын... Гэта ж музыка! Недзе ёсць славутае возера Рыца. На ўвесь свет славутае. Ах, возера Рыца, возера Рыца! А ў вас во тут — рэчачка Лагазінка! І скажыце, Кім, калі ласка, што гучыць больш паэтычна: возера Рыца ці рэчачка Лагазінка? Ну, скажыце!
— Што мне да таго возера Рыца! — ён крутнуў галавой.
— Вось іменна! Што вам да возера Рыца! А да рачулкі Лагазінкі? А на яе імя ваша душа адгукаецца. Вы адразу ж бачыце яе пакручастае рэчышча, атуленае лазою і вольхаю, чуеце, як звініць яна, пераліваючыся цераз перакінутае калісь даўно з берага на бераг бярвенца...
Ён хацеў кіўнуць галавой, сказаць, што, мусіць, яно і сапраўды так, але прамаўчаў. Нечакана падумаў пра тое, што не трэба яму і думкі дапускаць аб тым, каб спадзявацца на нешта, маючы на ўвазе гэтую Валерыю Віктараўну, што наўрад ці пераступіць ён калі-небудзь бар'ер, які падзяляе іх, настаўніцу і яго, простага вясковага хлопца. І разам з тым нейкая цёплая хваля замілаванасці і пяшчоты падкацілася да ягоных грудзей. Колькі гэта ён і прайшоў поплеч з ёю, а і за такі кароткі час паспеў пераканацца, што гэтая танклявая, кволая дзеўчынёха жыве ў нейкім іншым, адрозным ад яго свеце і гэты свет цікавейшы, багацейшы, нейкі чысцейшы, святлейшы, чым звычны для яго. А яшчэ, падалося, і звабны, бо — хочацца далучыцца да яго, увайсці ў яго і яму, Кіму, каб вось так, без падказкі, без чыёй-небудзь дапамогі самому бачыць, і адчуваць, і думаць, і гаварыць, і здзіўляцца, і каб... Пакуль шукаў канец думкі, згубіўся пачатак, і ён канчаткова заблытаўся, і замест таго, каб нешта сказаць пра тую самую Лагазінку, Кім працягнуў руку, і не зусім далікатна забраў з дзявочай рукі авоську, і зарадаваўся, што Валерыя Віктараўна не запярэчыла, а спакойна, нібы між іншым, пагадзілася, што так і павінна было быць, ціха сказаўшы:
— Дзякуй.
Нейкі час ішлі моўчкі, і ён першы парушыў маўчанне, запытаўшы:
— А вы што выкладаеце? Літаратуру?
— Ага, літаратуру.
— Я так і думаў.
— Чаму вы так думалі? Ну, скажыце, чаму?
Ён хацеў сказаць, што падумаў так адразу, як яна загаварыла пра назвы, пра ўсю гэтую паэзію і музыку роднай зямлі, але пабаяўся, што заблытаецца, саб'ецца, і замест гэтага сказаў:
— Так... Гэты прадмет заўсёды жанчыны выкладаюць.
Яна засмяялася:
— Ну і дыпламат вы! Жанчыны выкладаюць і фізіку, і геаметрыю... А вось наконт чаго хочацца запярэчыць, дык гэта наконт таго, што літаратура — прадмет. Які ж гэта прадмет, калі гэта — жыццё і чалавек? Не, лепш будзе так: чалавек і жыццё? Які ж прадмет — Андрэй Лятун, Ванька Разанскі? А дзядзька Антось з яго клёцкамі? А Лабановіч з Ядвіськай? А Кандрат Назарэўскі? А Гусляр? А Рыбка Алесь? Усё гэта жывыя людзі, хоць і жывуць яны ўсяго толькі на старонках кніг. Які ж гэта прадмет?
Ён маўчаў. Ён не хацеў яе пакрыўдзіць. Усе ж так гавораць. Школьныя прадметы... Аказваецца, літаратура — не прадмет. Літаратура — гэта чалавек і жыццё... А як падумаеш, дык і праўда. Ён жа таксама помніць і Кандрата Назарэўскага, і Лабановіча, і Андрэя Летуна, усіх, пра каго чытаў. Вядома ж, чалавек і жыццё. Ён жа, калі чытае кніжку, забываецца, што ўсё гэта не наяве адбываецца. Як чытае, дык, здаецца, і сам ён у тым сяле ці ў горадзе, пра якія ў кніжцы гаворыцца, сярод тых людзей, якія там, у тым сяле ці ў горадзе, жывуць, і хочацца яму аднаму чалавеку падказаць, каб ён не верыў таму бандыту, а другому ў морду даць, каб больш не рабіў так... З прадметам ён, вядома, апраставалосіўся, яна, чаго добрага, і ўсердавала...
— А вы любіце чытаць?
Ён схамянуўся ад гэтага яе пытання, але адказаў спакойна, шчыра: