У польскай кнізе. Шарль Гуно — маладзейшаму кампазітару:
«Чым больш мы паглыбляемся ў наша мастацтва, з тым большай пашанай думаем пра творы мінулага. Калі я быў у вашых гадах, дык гаварыў: «Я»; калі мне было дваццаць пяць, гаварыў: «Я і Моцарт»; у сорак гадоў: «Моцарт і я»; а сёння гавару зусім ціха: «Моцарт».
*
Чытаю, чытаю, смешнае, смешнае і — не смяюся. А потым і, здаецца, не найлепшае мяне ўзрывае смехам, які, аказваецца, назбіраўся.
*
Тое далёкае, з самага нізу захапленне словам вялікіх!.. І праз гады, ужо такія многія, і праз вопыт, таксама немалы, яно, захапленне, часамі вяртаецца. Добра!
*
Над старонкамі Андрыча пра сараеўскае падполле («Заяц») успомнілася старэнькая маці майго польскага друга,— як яна расказвала пра пахаванне дачкі, У гады акупацыі дачка, варшаўская падпольшчыца, была асуджана на смерць, але не расстраляна, а — носячы гэты прысуд над галавой — працавала турэмным лекарам. Пасля вызвалення ўзнагародзілі, але здароўе вярнуць было нельга. На пахаванні ксёндз сказаў, што ён не ведае, як тут трэба маліцца: за яе ці ёй?.. Старэнькая, хворая, інтэлігентная маці, расказваючы мне гэта, ледзь-ледзь трымалася. І я таксама, бо думаў, ды вось і сёння думаю: як гэта горда і горка быць маткай такое дачкі!..
Успомнілася і адна выпадковая, ад чаго яшчэ больш прыемная, сустрэча на вясковым аўтобусным прыпынку. З даўно, з маленства знаёмай зямлячкай, спачатку дачкой, потым маткай, а сёння ўжо і бабуляй. Цяжка, не хочацца думаць пра тое, як на допыце ў пастарунку ёй, маладзенькай падпольшчыцы, беларускай наваградскай гімназістцы, паліцэйскія... скажам: плявалі на твар, калі яна амаль зусім непрытомна стагнала на цымантовай падлозе сутарэння, на сваёй і чужой крыві. Не хочацца думаць, бо ўсё гэта даўно адпала, з агідна нялюдскага стала для яе вобліка тым, што асвечвае старасць людскою пашанай. Настаўніца, якая ўсе пасляваенныя гады працавала ў роднай вёсцы. Цяпер і дзеці, і ўнучак, звонкі светлячок, і ў самое так многа шчырай прыязнасці да людзей...
*
Можа, гэта і правільна: пасля жыцця таго ці іншага сапраўднага пісьменніка — аднатомнік найлепшага, што ён зрабіў. Як тыя тры аднатомнікі, у якіх заключана жыццё, душа Юрыя Казакова, Шэрвуда Андэрсона і Іва Андрыча, рускага, амерыканца і серба, сыноў розных народаў, з розных куткоў Зямлі, сыноў адной чалавечай сям'і, якая павінна ж хоць неяк, хоць прыблізна дайсці да прыстойнага ладу...
Добра так пераходзіць — са свету ў свет, добра так перагортваць няспешна прачытаныя, культурна выдадзеныя старонкі, удзячна ўзяўшы з іх тое, што яны даюць. Добра паставіць такую кнігу на сваёй паліцы, каб потым вярнуцца да яе з прыемным успамінам і з абноўленай патрэбай кантакту, добра яе і пазычыць, а то і падараваць каму-небудзь вартаму.
*
Чытаючы Гарэцкую [59], успомніў кароценькае пісьмо, якім канчалася падборка франтавых пісьмаў яе адзінага сына: «Галя, загінуў наш Лёня. Адна ты засталася ў мяне, дачушка...» І гэта — пасля ўсіх пакут, перад яшчэ трыццаццю нялёгкімі гадамі. А яшчэ ж і пісаць ёй трэба было. І нядрэнна пісала. Асабліва тое, што для душы, з веданнем сялянскага, жаночага, дзіцячага. «Бяздзетуха», «Варка», «Юльчыны ўспаміны»...
Шкада, што няма ўжо не толькі Маўра, Лынькова, але і Якімовіча, Пальчэўскага,— не спытаешся пра гэтую гаротную ды мужную жанчыну, якую яны, як кажуць яе родныя, у бядзе не пакінулі.
*
Думаў нядаўна пра тое, што варта, можа, неяк спалучаць некаторыя запісы з іх своеасаблівым, значным працягам. Скажам, да запісу пра знаёмства з Нэндзай Кубінцам [60] і чытанне яго вершаў у Закапаным дадаць пісьмо яго дачкі або расказ пра тое пісьмо і пра цяжкі канец самога Нэндзы... Ёсць і другое падобнае, што варта было б такім ці іншым чынам прадоўжыць.
*
Не магло ж яно так быць, каб чалавек пражыў так доўга і ў яго не было ўспамінаў. За што ні зачэпішся — да ўсяго падыходзіць нейкі ўспамін.
Чытаў кніжыцу пра лясныя травы, а ў ёй пра «затяжную январскую оттепель» 1925 года, калі і на поўначы ад Пскова зацвілі былі пралескі, што зацвітаюць пры шасці-сямі градусах плюс. І ўспомніў, як наш сусед, мой ніжнебайдунскі Захара Качко, на калядную куццю, значыцца, 6 студзеня спецыяльна запрог у плуг кабылу і прайшоў па загуменні дзве баразны, туды і назад. «Каб помніць, перакувырку яго!» І не думаў, вясёлы бывалец, што гэта будзе помніцца так доўга...
*
Сказаць пра страшнае?
У сорак першым жанчына выратавала палоннага чырвонаармейца, выбраўшы ў лагеры самага нядошлага, спакутаванага. Адратавала яго, як маці або сястра старэйшая, што называецца з апошняга, адрываючы дзецям ад рота. І ён пасля стаў... самым крывавым, самым агідным паліцаем. Заслужаным, старшым над імі.
Пра гэта пачуў я па Віцебшчыне, улетку семдзесят другога года. Ды вось успомнілася з новай сілай. І напісаць бы пра гэта, каб не так яны ўжо агідлі — здраднікі, свае...
*
У жнівеньскім «Полымі» прачытаў добрыя, з добрым веданнем справы, артыкулы — Зуёнка пра Барадуліна і Казько пра Жука. І ўспомніў прачытаныя днямі ў «Литературной России» словы Тургенева, якія хочацца запісаць.
«Для начинающего писателя сочувствие молодого поколения, его сверстников, конечно, драгоценно: оно служит ему сильным поощрением; не для писателя стареющего, уже готовящегося покинуть свое поприще, это сочувствие так выраженное, есть, скажу прямо, величайшая, единственная награда, после которой ужо ничего не остается желать. Оно доказывает ему, что жизнь его не прошла даром, труды не пропали, брошенное им семя дало плод».
Хочацца слова праўды пра зробленае табой, а яго не заўсёды пачуеш, як быццам яно ўжо табе, немаладому, і не патрэбна. Імкнешся да тое славы, тое вядомасці, а тады будзеш жадзён хоць якому праўдзіваму слову... Чакай, хвалюйся, ный, бо сорамна ж пытацца: «Ці прачыталі вы (ці ты) маю апошнюю рэч?..»
*
Па дарозе ў вёску, думаючы пра сваё новае, то задаволенасць, то сумненні вакол яго нязначнасці, успомніў (з часопіснай каляровай вокладкі) «Дзяўчынку з персікамі» Сярова. Ну, і што там за значнасць, за змест? Дзяўчынка і на стале перад ёю тры персікі. Аднак...
[59] Маецца па ўвазе жонка Максіма Гарэцкага, пісьменніца Леаніла Чарняўская (1893—1976), і яе кніга «Апавяданні», выдадзеная ў 1983 г..
[60] Нэндза-Кубінец Станіслаў (1897—1976) — польскі паэт, селянін, з якім Я. Брыль пазнаёміўся ў жніўні 1975 года..