І кнігі, да якіх ад мінусаў сучаснасці цягне, нібы да верных сяброў.
У братавай, перад сном, падмацаваўся першымі раздзеламі «Анны Карениной», зноў смакуючы Яго мудрую прастату. А ў мірскай кнігарні купіў маленькую, хораша выдадзеную аповесць невядомага Цібара Дзеры і тут ужо, даючы нагам адпачынак, з прыемнасцю прачытаў.
Праўда, і купляючы, і чытаючы гэтага венгра, светла помніў, што недзе ў Гданьску перакладаецца, а ў Кракаве будзе выдадзены мой «Золак», таксама ў «мініяцюрнай серыі»...
*
Учора вельмі хороша ўзыходзіў пад садам і лесам поўны, цяжкі, барвовы месяц. Памытая бабуляй унучка прычэсвалася перад трумо, і я, увайшоўшы з двара, сказаў ёй зірнуць у акно.
А сёння распасцёрся спорны дождж. За бульбай, што застракацела цветам, маё мілае, каласістае жыта і лес. «Як хораша!» — падумалася, а потым і сказаў Ніне, што паездка па родным наваколлі патрэбна мне была, як адчуваю цяпер, для таго, каб вярнуцца сюды, у Крынічнае, як дахаты, каб супакоіцца тут на даўжэй і, можа, папрацаваць.
Днямі ў бульбе, воддаль ад нашых вокан, зацвіла адна кветка маку. А цяпер ужо іх, як ад першай іскры, успыхнула цэлая кароценькая градка, і я ўявіў такое ў мультфільме, толькі ў казачнай хуткасці, і радасць дзяцей уявіў, якім так уласціва лічыць казачнае натуральным.
...Падвечар.
Спорны дождж ішоў ад ранку да позняга поўдня, потым аціх і перастаў. Старая ліпа мокрая, аднак, праходзячы каля яе, спыніўся ад ціхага гулу. Пчолы. Здаецца, пад кожным лісточкам, як пад парасонам. Агромністы зялёны вулей.
*
У маленстве і пазней я ведаў тугу па кнізе. Пасля ў мяне, а потым і ў маіх дзяцей такога не было. Халодная, туманна-непраглядная туга...
*
У шэсцьдзесят дзевятым годзе, на парадзе ў Кіеве, Платон Варанько гаварыў, як сорак першы год тых людзей, якія сталі неўзабаве партызанамі, адкінуў ледзь не ў зусім першабытную дзікасць,— ні радыё, ні газет, ні кніг, а навокал — поўнае варожае бяспраўе...
*
Гады ўжо са тры прайшло пасля прачытання «Славы і хвалы» [30] а ўсё яшчэ помніцца, як традыцыйна па-панску аўтар глядзеў на падзеі грамадзянскай вайны на Украіне. Верны «малоец» выручыў, данёс добрым папам, што трэба ўцякаць, дапамог... Штосьці так: не факт, а дух памятаю. Для гэтага і спатрэбіўся прадстаўнік народа, сялянства, перад якім адкрылася свабода. Для сваіх ён, той «малоец»,— здраднік, а папам ён патрэбен — толькі для саміх сябе...
*
Я стаміўся ад запасу сваіх успамінаў, але ж і іншых у мяне няма.
*
Падбіраю, мяняю, прыдумваю, каб у выніку атрымалася як найбольш натуральна, праўдзіва, а потым крытыка лічыць такое ледзь не проста ўспамінам.
Гаварыў жа N.— з усмешачкай маладое вышэйшасці, ці што,— чытаючы з трыбуны свой гадавы агляд: «Цяпер пайшла ў нас проза ўспамінальная...» Туды ж і мой «Золак» аднёс.
*
Андрэ [31] «Дитя-зеркало». Чытаў і думаў, што не аднаму мне захацелася напісаць свой «Золак». «Лета к суровой прозе клонят». Да роздуму, які — няхай сабе! — чытаецца нямногімі. Андрыч успамінаецца, яго «пасмяротныя» апавяданні. Такое хочацца пісаць. Такім хочацца бачыць тое, што цяпер раблю.
*
Сосны, бярозы, верас. Карычнева-жоўта-паласаты і тоўсты, як цукерка-падушачка, чмель. Дзве бусінкі-бруснічыны. І добрая кніга. Харчук [32], пра якога чуў добрае ад сяброў, якога ні разу не бачыў, а які прыслаў мне свой том выбранага з цёплым і, верыцца, шчырым аўтографам. Прыемна гэта, калі пісьменнік піша пісьменніку (пра што калісьці пісаў мне Паустоўскі), і трэба так рабіць.
Блакнот каля самай зямлі, як простая прылада працы. Згадваецца запіс для «Дажджлівага, сонечнага жніўня»: «Добра так пісаць, калі і блакнот і душа ў траве».
Няўжо прывыкну тут, у гэтых, амаль зусім родных мясцінах, і буду жыць ды працаваць, падзяліўшы дом на зямлі на два: Мінск і Крынічнае? Ёсць жа ў Танка Нарач, і ў іншых свае куты, яшчэ далей, чым будзе тут мой.
*
У трыццаць трэцім — трыццаць восьмым гадах, будучы ўжо дарослым, я слухаў расказы нашага суседа пра баі ў Маньчжурыі, і тады мне тое здавалася такім ужо далёкім, проста гістарычным. А было ж яно праз 29-34 гады пасля падзей, у якіх наш сусед, жывы чалавек, удзельнічаў.
А ўчора мы, выпадкова сустрэўшыся з В. Ш. на яго зацішным, цёплым хутары, жыва для нас успаміналі верасень трыццаць дзевятага года, вайну, і хутка вось будзе ўжо... сорак два гады, як тое адбывалася, тое, у чым мы бралі ўдзел.
Як шмат пражыла, перажыта. Аж сцішнавата часам заглянуць у глыбіню мінулага, якое — і тваё...
[30] Раман Я. Івашкевіча.
[31] Рабер Андрэ (нар. у 1921) — французскі пісьменнік.
[32] Барыс Харчук (пар. у 1931) — украінскі пісьменнік.