Адзіны, хто не выяўляў хваляваньня, быў малец з даўгімі русявымі валасамі, які сядзеў на падвоканьні і чытаў кнігу. Прычым, гэта быў не падручнік, а нейкае кішэннае выданьне з малюнкам злодзея на вокладцы. Праходзячы чарговым разам паўз яго, Іван, запытальна кіўнуў, і хлопец, не адрываючыся ад тэксту, прыўзьняў кніжку з каленяў.
“Ma-ry Shel-ley “Fran-ken-stein”.
— Ты што, таксама паступаеш? — запытаўся Іван, па складах прачытаўшы назву. Запытаўся з захапленьнем, нават зь лёгкім непакоем. Ды і дзіва што: наперадзе іспыт, усе хвалююцца, сноўдаюць, ня чуючы ног, па калідоры, а гэты раскінуўся на падвоканьні й чытае пра нейкага Франкенштэйна, ды яшчэ немаведама на якой мове.
— Лёня, — буркнуў у адказ хлопец і працягнуў руку. Ад дотыку цёплай рукі па целу прабеглі прыемныя дрыжыкі.
А калі адвячоркам ён, шчасьлівы студэнт, шыбаваў на вакзал, над самай ягонай галавой праляцела варона і зычным голасам пракрахтала Лёнькавае імя. Ён зірнуў угору і ўбачыў самотную зорку. Зорка прывідна зіхцела на вечаровым небе, і — ён фізычна адчуў гэта — казытала сваімі вострымі промнямі мякотна-шэры асяродак душы.
Усё пяць унівэрсытэцкіх гадоў ён пнуўся схапіць недасяжную зорку, а таму зь першага ж вучэбнага дня стаў улягаць у ангельшчыну. З пакутаю на твары завучваў шапялявыя, непрыемныя на смак словы, баразьніў маршчынамі лабешнік, запамінаючы дрымучыя дзеяслоўныя формы, і ў выніку атрымаў за сэмэстар законны “трульнік”. Яшчэ на першым курсе спрабаваў чытаць старажытных філёзафаў, вывучаў, па прыкладу Лёнькі Холада, гештальтпсыхалёгію і творчую спадчыну Аляксандра Брукнэра, а пабачыўшы ў часопісе Лёнькаў артыкул аб паэзіі мінезінгераў, сеў пісаць пра творчасьць францускіх трувэраў; сьпісаў дзьве старонкі і з жарсьцю падзёр напісанае. Ды што там артыкул: ён ня мог зраўняцца зь сябрам нават у даўжыні валасоў. Цэлы год іх гадаваў, зачэсваў за вушы, а напярэдадні летняй сэсіі мусіў ісьці ў цырульню, бо прафэсар Мамут, які чытаў курс агульнага мовазнаўства, пабачыўшы ў дзьвярах патлатага студэнта, вяртаў залікоўку і паказваў на дзьверы.
Прафэсар даваў патолю толькі аднаму студэнту — Лёньку Холаду: толькі ён мог прыйсьці на іспыты ў забрынданых джынсах і з доўгімі валасамі. Убачыўшы свайго ўлюбёнца, прафэсар прыкметна жвавеў, задаволена паціраў рукі. “Ну што, мінезінгер, бярыце білет”, — казаў Мамут, іранічна пазіраючы на нямытыя Лёнькавы патлы. Лёнька браў білет і, вядома ж, адказваў без падрыхтоўкі: прамаўляў пару сказаў, прафэсар яго адразу ж перабіваў, згадваў гештальпсыхалёгію ці яшчэ якую, малазразумелую для шараговага студэнта халеру, і яны ўсчыналі навуковую спрэчку. Іван тым часам бязьлітасна сьпісваў, сьпісвалі і іншыя, і таму за права ісьці на іспыт у “зьвязцы” з Холадам, на калідоры бывала цэлая вайна.
Аднойчы, пад час іспытаў, прафэсар накрычаў на Лёньку. Завяліся з-за тарашкевіцы. “Гэта вы зараз сьмелыя, — галёкаў Мамут, дрыжачай рукой папраўляючы гальштук, — а паглядзеў бы я на вас ў трыццаць сёмым, калі за той мяккі знак ставілі да сьценкі!” Прафэсар шпурнуў Лёньку залікоўку, той яе спрытна злавіў, бледным ценем высьлізнуў з аўдыторыі. А ўвечары таго ж дня Івана перахапіла ў інтэрнатаўскім калідоры белатварая дзяўчына.
— Холад Леанід — ня ведаеце, дзе жыве?
— У 53-м пакоі, я якраз туды іду.
— А ці маглі б вы яму перадаць, — дзяўчына сумелася, панурыла долу пушыстыя вейкі. — Тата захварэў, прасіў зайсьці. Вось тут адрас, — Іван перахапіў пакамечаную паперку, якая памятала цеплыню дзявочай далоні, і толькі тады зразумеў, што перад ім дачка прафэсара Мамута.
Ноччу Іван доўга ня мог заснуць, чакаў сябра. Каменьчык ляснуўся ў шыбу на досьвітку. Ён ўзьняў сябра на прасьціне — жылі яны на другім паверсе — і Лёнька, узьбіраючыся на падаконьне, дыхнуў у твар густым каньячным пахам. Не распранаючыся, сябрук абрынуў на ложак і, у адказ на Іванавы роспыты, ужо напаўсонны, прамармытаў: “Добрая ў яго бібліятэка...”
— Ды куды столькі?! — гукнулі ля вуха і Йван, адбіваючыся ад няпрошаных успамінаў, страсянуў галавою.
Кельнэр паставіў на стол чатыры бутэлькі “Аліварыі”, і прафэсар Гоман, пацёршы рукі, каротка абвясьціў: — Частую.
— Каб не ап’янець з дарогі, — з насьцярогай і ўадначас з захапленьнем прамовіў рабацень.
Прафэсар Гоман акінуў калегу гарэзьлівым позіркам, падхапіў пляшку і, куляючы яе вэртыкальна, перарывістым струменем напоўніў келіхі.
Да бібліятэкі ішлі гужам, хаваючыся ад ветру за сьпінай папярэдніка. Першым ішоў Гоман, за ім, раз-пораз ступаючы папярэдніку на пяткі, пасьпяшаў рабацень (выходзячы з кавярні, ён назваў сваё імя, але Йван не запомніў), трэцім, ціснучы да вуха ўзьняты каўнер кажуха, шыбаваў пан Рыдлеўскі (паляк пры гэтым ікаў і штокроку прамаўляў “пшэпрашам”). Іван ішоў апошнім. Пахілы, задуменны, ён хутаўся ў свой куртаты палітон, і дзіўныя пачуцьці цьвялілі прадзіманую ветрам душу. Здалося на міг, што ззаду, на адлегласьці, ідзе яшчэ нехта — маўклівы і суворы, і глядзіць усьлед ягонымі ж вачыма. І Іван ўбачыў сам сябе — пахілага, з жаўтлява-пакамечаным тварам, які ў сваіх пяцьдзесят гадоў ня здолеў выбіцца ў людзі і цяпер, зь невядомай прычыны, матляўся пасярод чужога горада на каляным ветры, у шкадобы вартым гэдээраўскім палітоне. Сьнег, што непрыязна зіхцеў пад нагамі, зрабіўся раптам попельна-шэрым, халяўнае піва булькатнула ў жываце, папрасілася вонкі і Йван, адрыгнуўшы кіслым духам, наткнуўся на паляка.
— Ня ў той бок рушым! — крыкнуў Гоман; яны пайшлі ў адваротны бок, і цяпер ужо Іван ішоў паперадзе, і суворы падвей зыркаў яму ўсьлед, кідаючы ў сьпіну прыгаршчы сьнежных крупаў.
У бібліятэцы пахла хлёркай і старымі газэтамі. Ад тых пахаў казытала ў носе; паляк нават чхнуў у рукаво і потым з панічнай хапатлівасьцю шукаў у кішэнях насоўку.
Аднекуль згары даляталі няўцямныя зыкі. Стваралася ўражаньне, што недзе там, у вышыні, гукае птушыная чарада. Таропка, на цырлах, яны пашыбавалі па ўсходах, і птушыны грай неўзабаве ператварыўся ў гулкія словы. “...Стрыжнем гэмінгуэеўскай філязофіі сталіся адносіны да матэрыяльнага сьвету...” “ У тэалягічнай атмасфэры ягоныя творы былі вэрбальным бунтам матэрыяльнага сьвету супроць савецкай квазыдуховасьці...” “Пісьменьнік адкінуў лірыку й алегорыі, таму мы ўбачылі сапраўднага, жывога рыбака і пачулі плёскат сапраўднага мора...”
— Чуеце, калега? “Жывога рыбака”! — прабасіў, зьвяртаючыся да рабаценя, прафэсар Гоман і той, да каго ён зьвяртаўся, з усьмешкай падпіхнуў яго да дзьвярэй.
Яны ўвайшлі ў прыцемны, спрэс застаўлены кніжнымі паліцамі пакой, і аднекуль з-за паліцаў пачуўся стоены жаночы голас:
— Вам налева!
Заля, у якую яны неўзабаве ўбіліся, была зырка асьветленая. Іван нават прыкрыў рукою вочы, дзівячыся: навошта столькі сьвятла? — ды тут жа ўбачыў ля задняй сьцяны дзьве тэлевізійныя сьвяцільні і чалавека з тэлекамэрай. Плюхнуўшыся на крэсла, Іван паправіў зьбіты набакір гальштук, зірнуў праз людзкія галовы й сутыкнуўся з вясёла-дакорлівым Лёнькавым позіркам. Сябар сядзеў у прэзыдыюме, з жартаўлівым дакорам махаў асадкай.
— Адзін з тадышніх савецкіх крытыкаў назваў Гэмінгуэя несур’ёзным пісьменьнікам, і меў рацыю. Эрнэст Мілер Гэмінгуэй, у савецкім разуменьні, быў чалавекам несур’ёзным і гэтая “несур’ёзнасьць” клікала на змаганьне з крывадушнымі лёзунгамі, дзяржаўнай маной і салодкімі абяцанкамі, — лапатала з моўніцы гаваркая кабета. Кабету захінала чыясьці лысая галава, але Іван па голасе пазнаў Ярыну Кашыну з Інстытуту мовазнаўства. Свойчас гэтая самая Ярына была Ірынай і чытала ва ўнівэрсытэце курс гісторыі партыі.
— Нягледзячы на шматлікія ідэалягічныя рагаткі, гэмінгуэеўскі герой паволі працярэбліваў сабе дарогу. Згадаем Высоцкага ў заключных кадрах фільму “Вэртыкаль”. Памятаеце, гэтага барадача з гітарай, які ўплішчваецца ў натоўп? Гэта ж клясычны гэмінгуэеўскі вобраз, вобраз мужчыны-стоіка... — у залі заварушыліся, закашлялі, а прамоўца, не зразумеўшы — чаму так ажывілася аўдыторыя, глынула вады са шклянкі.
Лёнька Холад пастукаў асадкай па стале.
— Гэмінгуэй стварыў сапраўднага мужчыну, але не сказаў — што яму рабіць, — гукала кабета, а ў вушах Іванавых гучалі іншыя словы. Словы тыя Ірына Кашына прамаўляла дваццаць сем гадоў таму. Ломкі, поўны камсамольскага запалу голас скаланаў высокія скляпеньні: “— Мы не дамо атручваць сьвядомасьць нашых людзей рознымі Юнгамі ды Адлерамі”, — і асьпіранты, услухоўваючыся ў гулкае рэха, пацепваліся й убівалі галовы ў плечы. Гарбаціўся, седзячы ў прэзыдыюме, і сакратар унівэрсытэцкага парткаму Давыдзька, з ласкі якога й ладзіўся камсамольскі сход. І толькі Лёнька Холад не кранаўся вушамі рамёнаў: сядзеў, скрыжаваўшы рукі, і ўсьмешлівыя вочы ягоныя малявалі ў паветры трохкутнік, пазіраючы папераменку то на ўпрэлы ад хваляваньня Ярынавы тварык, то на ордэнскія калодкі, што ў тры рады грувасьціліся на Давыдзькавым пінжаку, то на гламаздаватую галаву правадыра, якая аграмаднай порхаўкай вытыркалася з-за стала прэзыдыюму. Іван сядзеў, абхапіўшы рукамі голаў, рупіўся не глядзець на сябра, а калі аднойчы зірнуў і яны сустрэліся позіркамі, на памяць прыйшлі словы, якія, як ён тады лічыў, належалі Гэмінгуэю: “Кожны памірае на самоце”.
Навокал забілі ў ладкі, і Йван страсянуў галавою.
— Пра лёс знакамітага рамана “Па кім звоніць звон” распавядзе вядомы дасьледнік творчасьці амэрыканскага пісьменьніка Пятро Калюжны.