«Хана... не даедзем... разаб’емся!» – мітусіліся ў галаве панічныя думкі, а калі матацыкл пайшоў на паварот, і вазок адарваўся ад зямлі на добрых паўмэтры, Барыс куснуў Пятровіча за мокрую сьпіну і малітоўна прастагнаў:
— Цішэй... не даедзем.
— Даедзем, бл-ляха! — крыкнуў, адплёўваючыся дажджавою вадой Пятровіч.
На імгненьне, калі матацыкл паехаў па нечым гладкім, Барыс разьмежыў павекі. Пасма мокрых валасоў узьбілася на вочы, таму ён ўбачыў толькі дошкі пад нагамі ды шэрыя парэнчы мосту пад самым бокам. А яшчэ ўгледзеў як ачунялая корга – відаць, з перапуду — убрыкнула Пятровіча нагою пад локаць. Матацыкл кінула спачатку ўлева, потым управа, парэнча з глухім трэскам пераламілася, і ў паветры, асьветленым злавесным бліскам маланкі, мільганула ільсьнянае галіфэ і такі ж ільсьняны хромавы бот, які нечакана аддзяліўся ад нагі і паляцеў... Зрэшты, куды паляцеў бот, Барыс не пасьпеў заўважыць, бо абрынуўся ў халодную ваду. Дно было пяшчанае, і гэта зьмякчыла ўдар. Не разумеючы – што зь ім і дзе ён, Барыс рушыў да берага, балазе, вады было па грудзіну, і наткнуўся на ашалелую Язевічыху. Тая канчаткова апрытомнела і адчайдушна лупіла па вадзе рукамі і нагамі.
— Лётаем, як Церашкова з Быкоўскім, — пажартаваў Барыс, дапамагаючы цётухне выбрацца на бераг, і ў адказ на той недарэчны жарт Пятровіч, харкнуўшы рачною тваньню, зьнясілена прастагнаў:
— Нага…
Пад раніцу, дарэшты мокры, Барыс уваліўся ў сястрыну хату і, не патрапляючы рукамі ў рукавы ды калашыньне, пачаў пераапранацца.
— Дзе ты быў? Чаго ты ўвесь мокры? — прыспана запыталася сястра Клава.
— Чаго мокры... Дождж вунь які прайшоў... аж дарогі паразмывала, — Барыс падцягнуў услон, стаў здымаць з шыфаньера валізу.
— Божухна, куды ты сабраўся проці ночы?
— У Атбасар. Пабуду там які месяц, потым вярнуся. Ты вось што... – Барыс прыцішыў голас, — калі хто будзе спытваць, скажы – паехаў, а куды – не сказаў.
— Ну чаго ты гойсаеш па сьвеце? Толькі што прапісаўся... працаваць стаў...
— Праца ад мяне не зьбяжыць, яна заўсёды са мной, — расчулена прамовіў Барыс і чмокнуў сястру ў цёплую скронь.
У цёмным і душным вагоне Барыса адразу ж пачало хіліць на сон; ён таргануў пару разоў носам, зьбіраўся лезьці на паліцу, ды тут па праходу, сьвецячы на бокі ліхтарыкам «жучок», прайшлі два міліцыянты. Сон зьляцеў з павекаў і рука пацягнулася да валізы. Бразнуўшы зашчапкамі, Барыс крадком агледзеў сонных пасажыраў і, намацаўшы ўкручаны ў ручнік стос падрыхтаваных да продажу фотаздымкаў, піхнуў яго ў прарэх расшпіленай кашулі...
У вагоннай прыбіральні ён расчыніў вакно, вытыркнуў галаву ў вузкую пройму і захлынуўся ад волкага паравознага дыму. Неба на ўсходзе ўжо ружавела і залівала пяшчотным сьвятлом бярозавы гай, які плыў насустрач дыму, бясконцымі белымі крэскамі пазначаючы далягляд. Насустрач, узьняўшы ўгору кароткія крылы, жывымі істотамі ляцелі сэмафоры, і Барысу здалося, што гэта менавіта тая мясьціна, дзе ён ляжаў калісьці са зламанай нагой, і, уражаны такім адкрыцьцём, шпурнуў насустрач волкаму ветру стосік фотакартак. Адна зь іх заляцела ва ўнітаз. Перафатаграфаваная з «Огонька» Валянціна Церашкова пасьміхалася з ілюмінатару нехлямяжай, падобнай да гарбуза ракеты, і праз увесь фотаздымак ляцеў імклівы надпіс: «Прывітаньне з арбіты!» Зьбіўшы апошнія кроплі, Барыс уздыхнуў, націснуў понаж, і ў прадоньні вагоннага ўнітазу, як у тым ілюмінатары, размытай плямай мільганула зямля.
* * *
«Дарагі браце!
У мяне ўсё добра. Жыву, працую. Наша брыгада змагаецца за права насіць імя лётчыка-касманаўта СССР Валянціны Церашковай: яна ж таксама была ткальляй. А больш ніякіх навінаў няма.
Барысе! Тут днямі заходзіў чалавек на мыліцах, пра цябе спытваў. Прасіў перадаць, што Язевічыху выправілі ў дурдом, а сам ён, відаць, атрымае інваліднасьць. Казаў, каб ты хутчэй вяртаўся. У прамкамбінаце таксама бядуюць, што ты зьехаў. Нават грошы аддалі з тваёй зарплаты, прычым без усялякіх пісьмовых даручэньняў. Так што прыяжджай, чакаю. Будзеш ехаць праз Маскву, прыхапі, калі ласка, пару кіло мукі альбо якіх крупаў, а то ў нашых крамах пуста. Цалую.
Твая сястра Клава».
ВОСЕНЬСКІЯ ВАКАЦЫІ
(З аповедаў пра Ваню Бянькова)
Першымі днямі лістапада сямнаццацігадовы Ваня Бянькоў прыехаў дадому, у вёску Бычкі Азярышчанскага раёну. Ваня вось ужо трэці год вучыўся ў адным з баранавіцкіх ПТВ і, адпрацаваўшы са сваёй групай два месяцы на ўборцы лёну, зарабіў такім чынам пяць дзён адпачынку.
Убіўшыся ў родную хату, хлопец праспаў цэлыя суткі, потым паўдня адваляўся ў ложку і падняўся толькі тады, калі маці, Ларыса Пятроўна, сьцягнула зь яго коўдру і жартам агрэла падушкай па галаве.
— Мандрык тут, ці зьехаў куды? — запытаўся Іван, падліваючы цёплай вады ў рукамыйнік.
Лёшка Мандрык быў вядомы на ўсю вёску бандзюк — улетку Іван з-за яго ледзь не патрапіў у вязьніцу, і Ларыса Пятроўна заўсёды хмурнела, калі чула гэтае прозьвішча.
— Зьнік недзе... Мандрычыха казала — паехаў на трактарыста вучыцца, — маці падхапіла рагач, выцягнула зь печы чыгунок з гарачаю бульбаю, — а можа дзе ў турме сядзіць, за яго дужа не бярыся.
Абкруціўшы чыгунок анучкаю, Ларыса Пятроўна ўздыхнула, высыпала парную бульбу на талерку.
— На зіму ўсе разьехаліся. Адзін Лябёдка застаўся. У калгасе рабіць ня хоча — гойсае на матацыкле. На Пакровы Бадунісе гусака задушыў. Ехаў п’яны з Азярышча... так шыю і пераехаў. Бадуніха і цяпер бядуе. Зьбіраецца ў суд падаваць. — Ларыса Пятроўна накінула на голаў хустку, мелькам зірнула ў аскепак люстэрка, што стаяў на рукамыйніку, падхапіла зь цьвіка ватоўку. — Ну, сядзі... Я на фэрму. А то ж, пэўна, рыкаюць, нядоеныя, — ужо з парога азвалася маці і, бразнуўшы клямкаю, затупала на падворку.
Лябёдка, пра якога згадвала Ларыса Пятроўна, быў гадоў на пяць старэйшы ад Івана і да апошняга часу працаваў у бычкоўскім клюбе кінамэханікам. У жніўні, акурат перад Іванавым ад’ездам на вучобу, з тым Лябёдкам бяда надарылася: заснуў, падпіты, у кінабудцы, а нехта з супольнікаў недапалак у бляшанку кінуў, у якой стужка ляжала. Ну і задыміла, вядома. Дым з вокнаў папёр, людзі зьбегліся, а Мандрычыха, загадчыца клюбу, зь перапуду ў Азярышча патэлефанавала, пажарную машыну выклікала. Пасьля таго выпадку Лябёдку і выкінулі з працы.
... Куснуўшы кіслы гурок, Іван пасьміхнуўся — згадаў, як ачмурэлага ад дыму Лябёдку выносілі з кінабудкі, і, падпёршы рукою рухавыя пашчэнкі, зірнуў у вакно.