— Цяпер вось я тут жыву. Цёплая хата, хоць і старая. Страха, праўда, у адным месцы працякала, дык зяць Васька новым шыфэрам перакрыў. Васька тут, у Азярышчы робіць. І гарод пяць сотак… бульбачка свая, і цыбулька…
Леанід Пятровіч павярнуўся, выйшаў на падворак.
— Вы ж хацелі што, ці так зайшлі?
Ён нічога не адказаў, нават не азірнуўся. Пайшоў па вуліцы – у той бок, куды несьлі ногі, і пачуў неўзабаве шолах ліпавых кронаў над галавою. Сэрца парывіста білася і рэха гэтага біцьця нараджалася і памірала ў цёмных, там-сям кранутых жоўтай квеценьню, шатах. Леанід Пятровіч спыніўся, прыклаў далонь да грудзіны, перавёў дыханьне. Наперадзе, у канцы прысадаў, штосьці мерна і гулка цюкала.
Ля крыніцы, на пагорку, стаяў новы, на дзесяць вянкоў, зруб, на якім завіхаліся, абчэсваючы верхнія бярвеньні, двое мужчынаў.
— Капліцу будуем, — паведаміў, адказваючы на ягоны маўклівы позірк, малады хлопец.
— З цэглы было б лепш, — Леанід Пятровіч змахнуў з валасоў ліпучую трэску.
— Цэглу начальства расьцягнула, на лецішчы, — азваўся другі, паджылы мужчына, і зь сілай увагнаў сякеру ў бервяно.
Леанід Пятровіч падышоў да крыніцы, прыпаў на калена. Вада, як і восем гадоў таму, віравала, пускала са дна пясчаныя фантанчыкі і была такой жа, да ламаты ў сківіцах, халоднай.
За сьпінай пачуліся крокі і малады хлопец, падышоўшы да вады, стаў мыць у ёй кірзачы.
— Ну куды вы… з ботамі ўлезьлі? Гэта ж сьвятая крыніца.
Леанід Пятровіч чакаў, што хлопец мацюкнецца, але той вінавата адступіў ад ручая, прымірэнча кашлянуў, папрасіў запаліць.
— Асьцярожней… з вадой, — хлопец чыркнуў запалкай, — я тут раз выпіў у сьпёку, дык цэлы тыдзень валяўся з ангінай.
— Цяпер ужо не захварэю, — прамовіў, ні да каго не зьвяртаючыся, Леанід Пятровіч.
Хлопец пастаяў крыху, уздыхнуў і падаў голас ужо ад капліцы.
— Дзіўны нейкі. Няйначай, штосьці з галавой, — суцішна прамовіў хлопец, а ягоны напарнік гэтак жа ціха адказаў: — Сюды здаровыя ня ходзяць.
У водным люстры адбіўся зьнявечана-рухавы, падобны да вялізнай амёбы твар. Леанід Пятровіч нагнуўся да самай вады, пляснуў на твар пякучай халадзёнкі і пайшоў ўздоўж ручая хадою чалавека, які спазьніўся на свой цягнік.
ШПЕГ
Апавяданьне
Мне было дзевятнаццаць гадоў. Я ляжаў на мулкай лаве і зацята глядзеў на міргатлівую зорку — яна толькі што выплыла з-за фіранкі. Зорка то бліскала, то патухала, захінутая на імгненьне галінамі старой яблыні, якая расла пад вакном.
Гаспадыня кватэры, у якой кватараваў, таксама не спала. І калі яна зь цяжкім уздыхам пераварочвалася з боку на бок, я таксама ўздыхаў. Гаспадыню звалі Сабінай і яна была на пятнаццаць гадоў старэйшай ад мяне.
На пячной ляжанцы адчайдушна хроп яе муж – кадыкасты, па-брэжнеўску густабровы здаравяка. Печка была напалена як домна, я ляжаў, накрыты адной прасьцінай, а гэты храпун штоначы ўзьбіваўся на самую гарачынь ды яшчэ спавіваўся старым кажухом.
— Ну і храпе, — раз-пораз выдыхала Сабіна. — Мне карцела сказаць штосьці ў адказ, але я не адважваўся. А яшчэ мне карцела падысьці да жанчыны, сьцягнуць зь яе коўдру і зь пяшчотнай павольнасьцю правесьці рукою па малочна-белым сьцягне. Разумеў, што ніколі не зраблю гэтага, але палкая фантазія не давала спакою і зганяла сон з павекаў.
Я толькі трэцюю ноч спаў у хаце, на старой лаве, якую гаспадары называлі тапчанам. Дагэтуль мы з Лозкам, старастам групы, месьціліся на вэрандзе. Тры дні таму Лозку – студэнту-пераростку, які пасьпеў ужо адслужыць у войску, заехалі вязанкай лёну, самым камлём, у вока, і ён паехаў дадому, бо вока пачырванела ды пакрылася блакітнай плеўкай. Якраз таго дня ўдарыў мароз і гаспадыня прапанавала начаваць у хаце, на драўлянай, паточанай шашалем лаўцы з выразанымі на прыслоне загадкавымі літарамі “НКПС”. Я доўга маракаваў – што б яны маглі азначаць. І толькі калі даведаўся, што лаўку прыцягнулі калісьці з разбомбленай немцамі чыгуначнай станцыі, уцяміў: гэта было майно Народнага камісарыяту шляхоў зносінаў.
Гаспадар меў прозьвішча Кірпіч – з націскам на першы сказ. Кірпіч быў сугнеем; ён і са мной амаль ніколі не размаўляў. Толькі аднойчы спытаў, насупіўшы кудлатыя бровы: калі мы, студэнты, зьедзем да хаты. Праўда, да Лозкі ён ставіўся больш лагодна: распытваў пра службу ў войску. Аднаго разу яны нават выпілі на пару пляшку гарэлкі.
Таго дня, як стараста пашкодзіў вока — мы з Лозкам закідвалі лён у пуню — да нас пад’ехаў на кані калгасны брыгадзір.
— Ну, як там вам, у Кірпіча? – прозьвішча было прамоўлена з націскам на апошнім сказе.
— Нармальна! – крыкнуў Лозка, завіхаючыся з калянымі вязанкамі, і брыгадзір, ссунуўшы з патыліцы на нос кепурку-васьміклінку, жартам папярэдзіў:
— Сабіна ягоная… любіць маладых хлопцаў. Толькі ж вы да яе не чапіцеся. А то Кірпіч раўнівы. Аднойчы ў іх салдат быў на пастоі, дык ён яго зьбіў на горкі яблык. Два гады потым на Аршанскай зоне адбухаў.
Жарцік запаў у душу і калі адвячоркам, праводзіўшы Лозку на аўтобус, я вярнуўся на вэранду, думкі мае апанавала жанчына, прыглушаны голас якой гучаў за сьценкай…
А ўчора ўначы гаспадыня папраўляла падушку і незнарок адхінула край шторы, якая аддзяляла ложак ад сьвятліцы. Праз шчыліну, у шэрым прыцемку, я ўгледзеў малочна-белае сьцягно, такі ж белы, трохі пукаты жывот і кроў гарачай хваляй апякла твар.