— Не сумуй, Лёня. Выйдзеш з адпачынку на два дні пазьней. Зараз якраз дажджы абяцалі.
Лёнька пачухаў падбародзьдзе, спытаў нумар вакзальнай даведкі, а сакратарка, выдыхнуўшы ў адказ: — Цягнік а дзясятай раніцы, — закалаціла пальцамі па клявішах, друкуючы справаздачу з сэсіі абласнога савету.
Пасьля працы яны ўтрох – Манчак, Сазановіч ды рэдакцыйны фатограф Кенька, — завіталі ў павільён “Піва-воды”, узялі па кухлю “жыгулёўскага”, і Лёнька, азірнуўшыся на бокі, выцягнуў з нутраной кішэні пінжаку пляшку гарэлкі.
— Ты хоць бы камплімэнт калі сказаў, — азваўся Сазановіч, захоплена паціраючы рукі. – Кожны дзень завіўку робіць, пальцы на нагах фарбуе, а ты і ў той бок не глядзіш. – Размова ішла пра рэдакцыйную сакратарку.
— Пераб’ецца, — адказаў Лёнька і адвёў убок чуйны нос: ад Сазановіча пёрла сцакамі.
— Дарма-а, — сьпеўна прамовіў загадчык сельгасаддзелу, — я б на тваім месцы… — хвіліну бяседнік думаў – як скончыць фразу, але нічога не прыдумаў: глынуў сьліну і ў два глыткі выпіў паўшклянкі гарэлкі.
— А куды камандзіроўка? – запытаўся фатограф Кенька, выціраючы з барады піўную пену.
— У Азярышча. Там нейкую “сьвятую” крыніцу знайшлі, дык трэба выкрывальніцкі артыкул напісаць.
— Слухай, йоп… у мяне ж у Азярышчы цешча жыве… ад першага шлюбу, — усхапіўся Сазановіч. — Можаш у яе спыніцца. Нічога такая бабуля, з інтэлігентаў… праўда, крыху таго… — Сазановіч крутнуў пальцам ля скроні.
— А што зь ёю? – пацікавіўся Кенька, выцягваючы кішкі з вэнджанай скумбрыі.
— Ды так… загаворваецца. Кажа, да прыкладу, што… — Сазановіч азірнуўся, прытуліў голаў, савецкая ўлада да 2000 году не дажыве.
— А што яшчэ кажа? – уражана прашаптаў Кенька.
— Лёс чалавечы прадказвае.
— І што… спраўджваецца?
— Ня дай Бог, каб спраўдзіўся.
— А што такое? – разам выдыхнулі бяседнікі.
Сазановіч дапіў піва. З панылай утрапёнасьцю зірнуў на пену, якая павольна згасала на дне кухля.
— Аднойчы, яшчэ да разводу, прыйшоў… ну… выпіўшы. Пачаў жонку ўшчуваць. Ужо й ня ведаю, зь якой нагоды. А гэтая карга выйшла і кажа: не дажывеш ты, Міша, да пэнсіі. Цягнік цябе пераедзе.
Кенька так і застыў з кавалкам непражаванай скумбрыны ў роце, Лёнька Манчак укінуў у рот цыгарэту, прычым задам наперад, і стаў прыпальваць фільтр, а Сазановіч, падхапіўшы пустыя, надгрызеныя па краях, кухлі, рушыў да стойкі і, перадаючы іх праз людзкія галовы, рашуча прамовіў: — Паўтарыць!
У панядзелак, па абедзе, Лёнька Манчак скочыў з вагоннай прыступкі і доўга глядзеў на панылую — нібыта гуталінам па мёрзлым малаку — пісаную шыльду: “Азярышча”. Як заўсёды пасьля буйнай п’янкі яму было сорамна і моташна жыць. Мінулай суботы малады журналіст да ночы адседзеў у рэстаране, прапіў палову адпускных і згубіў выхадны крымпленавы пінжак: павесіў на прыслон рэстараннага крэсла, а калі вяртаўся пасьля хуткага танцу да століку, мадняцкай апранахі там ужо не было.
У прыстанцыйным буфэце ён узяў дзьве шклянкі гарбаты бяз цукру, выйшаў на ганак, і, прымасьціўшыся на цэмэнтавых прыступках, прагна піў гарачы напой, апякаючы паднябеньне і выціраючы рукавом буйныя кроплі з лобу. Неўзабаве да яго падышоў, прыпадаючы на заднюю лапу, валацужны сабака. паныла паглядзеў у вочы. Манчак дапіў гарбату, рушыў у буфэт і набыў кудлатаму дварняку пончык з павідлам. Цюцька, не жуючы, праглынуў пачастунак, ветліва завіхляў хвастом.
— Ну што, братка, дзе тут у вас гатэль? – жартам запытаўся камандзіраваны, тузануў сабаку за вуха, і той, задаволена скавытнуўшы, крутнуў галавой. Лёнька зірнуў у той бок куды паказаў дварняк, і ўбачыў на другім баку пыльнага пляцу драўляны аднапавярховік зь няроўнымі літары на франтоне: “Гасьцініца”.
У старой рассохлай будыніне было прыцемна, пахла каналізацыяй, а пад нагамі са старэчай зацятасьцю рыпелі-стагналі масьніцы.
Кучаравая, падобная ў прыцемку да Анжэлы Дэвіс адміністратарка доўга вывучала камандзіровачнае пасьведчаньне, нарэшце запісала штосьці ў сваім гросбуху.
— Месцаў пакуль што няма. Вызваляцца ўвечары. Так што рабіце свае справы, пагуляйце, а пасьля васьмі мы вас уладкуем.
Камандзіраваны хацеў быў сказаць, што працуе ў органе абласнога камітэту партыі, але змаўчаў, памкнуўся да выхаду і тут жа вярнуўся.
— Дзе тут у вас “сьвятая” крыніца?
— Вунь, бачыце, на сьцяне… схема вісіць. Хворыя кожнага дня прыяжджаюць, пытаюцца. Мы там усё намалявалі.
На кавалку няроўна абрэзанага ватману быў намаляваны чорны квадрат, ад якога ішлі ў гору няўклюдна-хвастатыя, падобныя да спэрматазоідаў, стрэлкі. “Савецкая – Чырвонаармейская – Прафінтэрну” – адбіліся ў памяці аплодненыя спэрматазоідамі азярышчанскія вуліцы.
… Кудлаты цюцька між тым па-ранейшаму сядзеў ля гасьцінічнага ганку.