- Калi вы яго атрымалi? - нарэшце спытала яна.
- Пiсьмо?.. - ён проста працягнуў ёй канверт. - Ды вось можаце прачытаць. Яна пакiнула яго ў кансьержкi гадзiне, мусiць, а першай.
Гэта быў тонкi фiялетавы лiсток, якiя прадаюць ва ўсiх тытунёвых лаўках.
"Мiлы мой дарагi!
Толькi што прыехалi Тэксье (я не ведаю, хто даў iм адрас), i я вельмi цябе засмучу, але, мiлы мой П'еру, мая любоў, я не еду, я застаюся з Анры, таму што ён вельмi няшчасны. Яны былi ў яго сёння ранiцай, ён не захацеў адчыняць, i панi Тэксье кажа, што ў яго ўжо зусiм нечалавечы выгляд. Яны былi вельмi прыязныя i падтрымалi ўсе мае довады, яна кажа, што ўся вiна толькi на iм i ён проста мядзведзь, але ўвогуле не такi ўжо кепскi. Яна кажа, што яму гэта было трэба, каб зразумеў, наколькi прывязаны да мяне. Не ведаю, хто даў iм мой адрас, яны не сказалi, напэўна, яны ўбачылi мяне выпадкова, калi мы ранiцай сёння выходзiлi з Рырэтай з гасцiнiцы. Панi Тэксье сказала, што ведае, якую вялiкую ахвяру просiць мяне зрабiць, але яна мяне добра ведае i ўпэўненая, што мяне гэта не спалохае. Я вельмi шкадую нашага з табой цудоўнага падарожжа ў Нiцу, але я падумала, што ты не будзеш вельмi журыцца, бо я ў цябе па-ранейшаму ёсць i заўсёды буду. Я ўся твая, i сэрцам i целам, i мы будзем сустракацца гэтак жа часта, як i раней. Але Анры забiў бы сябе, каб я яго кiнула, я яму неабходная. I клянуся, што мне зусiм не весела адчуваць такую адказнасць. Спадзяюся, ты не будзеш на мяне вельмi злавацца, таму што я цябе тады заўсёды вельмi баюся, ты ж не хочаш, каб мяне мучылi згрызоты, праўда? Зараз я паеду да Анры, мне крыху прыкра, калi я думаю, што ўбачу яго такога, але цяпер у мяне стане смеласцi паставiць свае ўмовы. Перш за ўсё, мне трэба болей свабоды, таму што я цябе люблю i не хачу, каб ён зноў увесь час чапляўся да Рабэра i каб болей нiколi не казаў кепска пра маму. Мiлы мой, мне вельмi сумна, мне так хочацца, каб ты быў тут, я хачу цябе, я прыцiскаюся да цябе i адчуваю твае ласкi на маiм целе. Заўтра а пятай гадзiне я буду ў кавярнi "Каля сабора".
Люлю".
- Бедны мой П'ер.
Рырэта ўзяла яго за руку.
- А ведаеце, - сказаў П'ер, - я больш якраз шкадую яе. Ёй так было трэба трошкi паветра, сонца. Але... калi ўжо яна сама так рашыла... Мацi ж рабiла мне жудасныя сцэны, - прызнаўся ён. - Вiла належыць ёй, а не мне, яна нi за што не хацела, каб я ехаў туды з жанчынай.
- Вунь... - прамовiла Рырэта здушаным голасам, - вунь што. Дык значыць значыць, усё выдатна, усе задаволеныя!
Яна выпусцiла П'ераву руку i чамусьцi адчула горкае расчараванне.
Начальнiкава дзяцiнства
"Я проста чароўны ў гэтым анёльскiм гарнiтурчыку". Гэта панi Парцье так сказала маме: "Ваш сынуля сапраўдны цуд! Ён проста чароўны ў гэтым анёльскiм гарнiтурчыку". Пан Буфардзье падцягнуў Люсьена да сябе i, паставiўшы мiж каленяў, палашчыў за плечы. "Ды гэта ж дзяўчынка, - з усмешкай прамовiў ён. Ану, як цябе зваць? Жаклiна, Люсьена, Марго?" Люсьен густа пачырванеў i буркнуў: "Мяне зваць Люсьен". Ён быў i сам ужо не вельмi ўпэўнены, што ён не дзяўчынка: вельмi многiя абдымалi i цалавалi яго, называючы пры гэтым паненкай, i ўсе лiчылi, што ён вельмi прыгожанькi ў гэтай доўгай блакiтнай сукенцы з празрыстымi крылцамi, з голымi да плечаў ручкамi i такiмi бялявымi кудзеркамi. Люсьен баяўся, каб людзi раптам не вырашылi, што ён болей не хлопчык, бо тады пярэч - не пярэч, нiхто цябе слухаць не будзе, I яму нiколi ўжо не дазволяць расставацца з сукенкай, хiба што перад сном, а ранiцай, прачынаючыся, ён зноў будзе бачыць яе ў нагах каля ложка. А калi днём ён захоча пiпi, яму трэба будзе яе задзiраць, як Нанеце, i садзiцца на кукiшкi. I ўсе будуць казаць яму: "Мiлая мая любачка". "А можа, ужо так i ёсць, можа, я ўжо дзяўчынка?" Усярэдзiне ён адчуваў такую млявасць i слодыч, што яму рабiлася нават крыху млосна; словы зляталi з яго губ, прамоўленыя вельмi мяккiм, вельмi пяшчотным голасам, i, абыходзячы госцяў, ён раздорваў кветкi вельмi зграбнымi, плаўнымi рухамi; яму так i карцела пацалаваць сябе ў згiн рукi каля локця. Ён падумаў: усё гэта не па-сапраўднаму, гэта быццам. Яму вельмi падабалася, калi штось было быццам, а больш за ўсё ён навесялiўся ў апошнi дзень перад вялiкiм постам; яго прыбралi тады ў П'еро, i яны з Рыры лёталi, гарлалi, скакалi паўсюль i хавалiся пад сталамi. А мама дала яму лёгенькага плескача ларнетам i сказала: "Я ганаруся сваiм сынулькам". Яна была самавiтая i прыгожая - сярод усiх паняў яна была сама высокая i найтаўсцейшая. Калi Люсьен прабягаў каля доўгага, пакрытага белай сурвэткай буфета, тата, якi стаяў якраз побач i пiў з келiха шампанскае, ухапiў яго i, падняўшы на рукi, сказаў: "Ну што, паночку!" Люсьену захацелася заплакаць i сказаць: "Ну!" I ён папрасiў апельсiнавага напiтку, бо той быў вельмi халодны i яму заўсёды забаранялi яго пiць. Яму налiлi ўсяго на два пальцы ў зусiм маленькую шкляначку. Смак у напiтку быў дзiўны i лiпкi, але ён быў зусiм не такi ўжо халодны. Люсьен раптам прыгадаў, як яму, калi ён быў хворы, давалi пiць з апельсiнавым напiткам рыцыну. Ён загаласiў i супакоiўся толькi тады, калi апынуўся ў машыне, мiж мамай i татам. Мама прыцiскала Люсьена да сябе, яна была цёплая i духмяная, i мяккая ў сваёй ядвабнай сукенцы. Час ад часу ў машыне ўсё рабiлася белае, нiбы крэйда, Люсьен пачынаў лыпаць вачыма, браткi на мамiнай кофце вынырвалi з прыцемку, i ён раптам адчуваў iх водар. Ён трошкi яшчэ ўсхлiпваў, але ўсярэдзiне адчуваў прыемную вынегу, i казытанне, i нейкую ледзь прыкметную лiпкую слодыч, як у апельсiнавага напiтку; яму хацелася паплюхацца ў сваiх маленькiх начоўках, i каб мама мыла яго гумовай вяхоткай. Яму дазволiлi легчы ў мамiнай i татавай спальнi, як тады, калi ён яшчэ быў немаўлятка; ён смяяўся, рыпеў спружынамi на маленечкiм ложку, i тата сказаў: "Ён вельмi ўзбудзiўся". Яму далi трошкi вады, настоенай на апельсiнавых кветках, i ён убачыў тату без пiнжака.
Назаўтра Люсьен быў упэўнены, што нешта забыў. Ён выдатна памятаў сон, якi яму снiўся: тата i мама былi ў анёльскiм адзеннi. Люсьен голы сядзеў на гаршку, граў на бубне, а тата i мама ляталi вакол - гэта быў нейкi кашмар. Але да сну было нешта яшчэ: Люсьен, вiдаць, прачынаўся. I калi ён стараўся ўспомнiць, то бачыў доўгi чорны тунель, асветлены маленькай сiняю лямпачкай, вельмi падобнай да начнiка, што кожны вечар запальвалi ў бацькоўскiм пакоi. I недзе ў самай глыбiнi гэтага чорна-сiняга змроку нешта адбывалася - нешта белае. Ён сеў на падлогу каля мамы i ўзяў бубен. Мама сказала: "Золатка маё, ты чаго глядзiш на мяне такiмi вочкамi?" Люсьен апусцiў вочы i, ударыўшы ў бубен, крыкнуў: "Бом-бом-тарабом!" А калi мама адвярнула галаву, пачаў пiльна яе разглядаць, нiбы бачыў упершыню. Вядома, ён пазнаваў i сiнюю сукенку з палатнянаю ружай, i твар. Але цяпер нешта было трошкi iначай. Раптам яму падумалася, што - вось-вось, ён крыху яшчэ пра гэта падумае i знойдзе, чаго шукаў. Тунель асвяцiўся бледна-шэрым агнём, стала вiдаць, як там нешта варушыцца. Люсьен спалохаўся i закрычаў: тунель знiк.
- Што з табой, мiлая мая ясачка? - спытала мама. Яна апусцiлася побач на каленi i глядзела занепакоена.
- Я дурэю, - сказаў Люсьен.
Ад мамы добра пахла, але ён баяўся, каб яна да яго не дакранулася: яна здавалася яму нейкай дзiўнай. Зрэшты, i тата - таксама. Ён вырашыў, што болей нiколi не будзе спаць у iхнiм пакоi.
Наступнымi днямi мама нiчога не заўважала. Як i звычайна, Люсьен як хвосцiк бегаў паўсюль за ёю, трымаючыся за спаднiцу, балбатаў, як сапраўдны маленькi мужчына, i аднойчы папрасiў расказаць пра Чырвонага Каптурка. Мама ўзяла яго на каленi i, падняўшы палец, з усмешкаю пачала сур'ёзна распавядаць пра воўка i старую бабульку. Люсьен глядзеў на маму, паўтараючы: "А што тады?" - i час ад часу кратаў кудзеры, што звiсалi маме на шыю; але слухаць яе не слухаў, ён думаў - цi сапраўдная гэта яго мама? Калi яна скончыла казку, ён папрасiў:
- Мама, раскажы, як ты была дзяўчынка.
I мама пачала расказваць. Але можа быць, яна хлусiла. Можа быць, раней яна была хлопчык, i на яе ўвесь час надзявалi сукенкi - як на Люсьена тым вечарам, - i яна iх так i пачала насiць, прыкiдваючыся дзяўчынкай. Ён цiхутка памацаў прыгожыя мамiны рукi, якiя пад ядвабам здавалiся мяккiмi, нiбы масла. А што будзе, калi з мамы здымуць сукенку i яна надзене татавы штаны? Можа быць, у яе адразу пачнуць расцi чорныя-чорныя вусы? Ён з усяе сiлы сцiснуў мамiны рукi; у яго было такое ўражанне, што зараз проста ў яго на вачах яна ператворыцца ў якога страшнага звера цi, можа, абярнецца ў тую барадатую цётку, што ён бачыў на кiрмашы. Мама засмяялася, шырока разявiўшы рот, i Люсьен убачыў яе ружовы язык i глыбокую глотку: там было слiзка i брыдка, i яму захацелася плюнуць.
- Ха-ха-ха! - смяялася мама. - Як ты мяне цiснеш, маленькi ты мой чалавечак. Ану, сцiснi яшчэ мацней. Так моцна, як любiш.
Люсьен узяў прыгожую мамiну руку, унiзаную сярэбранымi пярсцёнкамi, i пакрыў яе дробнымi буськамi. Але назаўтра, калi мама сядзела побач i, трымаючы яго за рукi, каб ён не ўпаў з гаршка, сказала: "А-а-а, Люсьен, а-а-а, патужся, маё золатка, прашу цябе", - ён раптам перастаў тужыцца i, пераводзячы дых, спытаў: "А ты напраўду мая сапраўдная мама?" Яна адказала: "Дурненькi", - i запыталася, цi хутка ў яго што-небудзь выйдзе. З гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што мама з iм грае камедыю, i ўжо нiколi больш не казаў, што ажэнiцца з ёй, калi вырасце. Зрэшты, у яго не было нiякага ўяўлення, у чым была гэта камедыя: можа быць, той ноччу з тунелем прыйшлi зладзеi i проста з ложка ўкралi яго маму i тату, а замест iх падклалi вось гэтых? Цi, можа, тата i мама былi сапраўдныя, але ўдзень яны выконвалi ролю, а ўначы рабiлiся зусiм iншыя? Ён мала здзiвiўся, калi раптам, прачнуўшыся ў калядную ноч, убачыў, як яны хаваюць у камiне цацкi. Назаўтра яны гаварылi пра Каляднага дзеда, i Люсьен рабiў выгляд, што верыць, але думаў, што гэта таксама ўваходзiць у ролю: гэтыя цацкi яны, напэўна, укралi. У лютым у яго пачалася шкарлятына, i ён вельмi весела бавiў час.
Калi Люсьен ачуняў, у яго ўзнiкла прывычка гуляць у сiрату. Ён сядаў пад каштанам, пасярод парослай траўкай палянкi, набiраў поўныя жменi зямлi i думаў: "Быццам я сiрата, i мяне завуць Луi. I быццам я не еў ужо цэлых шэсць дзён". Пакаёўка Жэрмена клiкала яго снедаць, i тады ён гуляў далей за сталом; тата i мама нiчога не заўважалi. Яны былi быццам зладзеi, якiя ўкралi яго, каб зрабiць сабе памагатага, такога ж зладзюжку. Але ён, як толькi паснедае, уцячэ i ўсiх iх выдасць. Ён еў i пiў вельмi мала: некалi ў кнiжцы "Прытулак Анёла-Заступнiка" ён прачытаў, што, калi вельмi згаладалы чалавек есць першы раз, ён павiнен з'есцi зусiм трошкi. Яго забаўляла, што ўсе вакол таксама гуляюць. Мама i тата гулялi, быццам яны мама i тата; мама гуляла, быццам вельмi хвалюецца, што яе золатка так мала есць, а тата гуляў, быццам чытае газету i часам круцiць перад носам у Люсьена пальцам i кажа: "Балябом, паночку!" I Люсьен таксама гуляў, але ўрэшце ўжо сам не ведаў у што. У сiрату? Цi ў тое, што ён Люсьен? Ён зiрнуў на графiн. Усярэдзiне зiхацеў маленькi чырвоны зайчык, якi скакаў у вадзе, i здавалася, што туды, у ваду, трапiла татава рука: яна была вялiзная i святлiвая, з маленькiмi чорнымi валасiнкамi на пальцах. У Люсьена раптам узнiкла ўражанне, што графiн таксама гуляе, быццам ён графiн. За ўсё снеданне ён так амаль i не дакрануўся да ежы i адвячоркам быў настолькi галодны, што ўкраў добры тузiн слiў, ад якiх ледзь не захварэў на нестраўленне. Тады ён падумаў, што яму надакучыла гуляць у Люсьена.
Зрэшты, перашкодзiць сабе ў гэтым ён быў няздольны, i яму ўвесь час здавалася, што ён гуляе. Яму хацелася быць такiм, як пан Буфардзье - такiм жа сур'ёзным i непрыгожым. Калi пан Буфардзье прыходзiў да iх на абед i, схiляючыся да мамiнай рукi, казаў: "Маё шанаванне, мiлая панi", - Люсьен стаяў пасярод гасцiнай i глядзеў на яго вачыма, поўнымi захаплення. Але ўсё, што адбывалася з Люсьенам, было несур'ёзна. Калi ён падаў i набiваў гузак, ён нават часам пераставаў плакаць i думаў: "Цi мне сапраўды такая ўжо вава?" Тады яму рабiлася яшчэ сумней, i ён яшчэ мацней плакаў. Аднойчы, калi ён пацалаваў маму ў руку i прамовiў: "Маё шанаванне, мiлая панi", - мама ўскудлацiла яму валасы i сказала: "Гэта нядобра, маё мышанё, нельга смяяцца з дарослых". Люсьен быў зусiм збiты з панталыку. Трошкi важнасцi яму ўдавалася набыць толькi ў першую i трэцюю пятнiцу месяца. Гэтымi днямi да мамы ў госцi прыходзiла шмат розных паняў, сярод якiх дзве цi тры заўсёды былi ў жалобе: Люсьену падабалiся гэтыя панi ў жалобе, асаблiва калi ў iх былi вялiкiя ступакi. Дый увогуле ён любiў быць сярод дарослых: яны былi такiя паважныя - з iмi нiколi не ўзнiкала думкi, што яны могуць забыцца ў ложку за такiмi рэчамi, якiя робяць маленькiя хлопчыкi; на iх заўсёды надзета столькi i такога цёмнага, што нават немагчыма ўявiць, што ў iх пад усiм гэтым ёсць. Калi яны збiраюцца разам, яны ядуць усякае рознае, i нават смех у iх такi важны; i ўсё так прыгожа, як на iмшы. Яны ставiлiся да Люсьена, як да сапраўднай асобы. Панi Куфэн садзiла яго сабе на каленi i, мацаючы за лыткi, абвяшчала: "Гэта найчароўнейшы красунчык, якога я калi-небудзь бачыла". Потым яна пачынала распытваць, што яму падабаецца, цалавала яго i пыталася, што ён хоча рабiць, калi вырасце. А ён то адказваў, што будзе вялiкiм генералам, як Жана д'Арк, i забярэ ў немцаў Эльзас-Латарынгiю, то хацеў быць мiсiянерам. I кожны раз ён шчыра верыў у тое, што кажа. Панi Бэс была высокая i дужая кабета з маленькiмi вусiкамi. Яна куляла Люсье на на спiну i, лашчачы, прымаўляла: "Вось мая маленькая лялечка". Люсьен быў зачараваны, ён дадушы смяяўся i курчыўся пад казытлiвымi ласкамi i ўяўляў сябе чароўнай маленькаю лялечкай, зробленай для дарослых; яму хацелася, каб панi Бэс распранула яго, памыла i паклала спаткi ў маленькай калысцы, як гумовага галышыка. I часам панi Бэс казала: "А лялечка ў нас размаўляе?" - i раптам нацiскала яму на жывот. Тады Люсьен прыкiдваўся завадной лялькай i сцiснутым голасам прамаўляў: "Пiп", - i яны абое смяялiся.
Аднойчы кюрэ, якi кожную суботу прыходзiў да iх на сняданак, спытаў, цi любiць ён сваю маму. Люсьен абажаў сваю прыгожую мамачку i свайго татулю, якi быў такi дужы i добры. Ён зiрнуў свяшчэннiку ў вочы i адказаў: "Люблю!" - з такiм надзьмутым i ўпартым выглядам, што ўсе разам засмяялiся. Галава ў свяшчэннiка была падобная да малiны - уся чырвоная i бародаўчатая, i на кожнай бародаўцы расло па адной валасiне. Ён сказаў Люсьену, што гэта добра i што заўсёды трэба любiць сваю маму, а потым спытаў, каго Люсьен любiць болей маму цi Пана Бога. Люсьен не змог здагадацца адразу, якi трэба даць адказ, ён затрос бялявымi кудзеркамi, забрыкаў нагамi i закрычаў: "Бом-тарарара-бом!" А дарослыя адразу пачалi гаманiць пра сваё, нiбыта яго не было. Тады ён схапiў свой трысняговы кiёк, кiнуўся ў сад i праз заднюю фортку выбег за агароджу.
Натуральна, Люсьен нiколi не павiнен быў выходзiць з саду, гэта было забаронена, i звычайна ён быў паслухмяны хлопчык, але ў той дзень яму хацелася пасваволiць. Ён задзiрлiва зiрнуў на вялiкi куст крапiвы; адразу было вiдаць, што тут - забароннае месца: мур быў крыху чарнаваты, крапiва - злая i шкодная, i пад самым кустом крапiвы нагадзiў сабака; вакол пахла раслiнамi, сабачым калам i цёплым вiном. Люсьен пачаў сцябаць крапiву кiёчкам i закрычаў:
- Я люблю маю маму, я люблю маю маму!
Ён бачыў, як у крапiвы ламаюцца i мiзэрна панiкаюць сцяблiны i як iх белаватыя, пакрытыя пушыстымi валосiкамi шыйкi раскудзельваюцца на дробныя валаконцы, выпускаючы белы сок. Ён чуў, як нейкi тонкi i самотны галасок крычыць: "Я люблю маю маму, я люблю маю маму". Побач лётала i гудзела тоўстая сiняя муха: муха была гнаявая, i Люсьен вельмi яе баяўся; ноздры яму распiраў моцны, забаронны, гнiлосны i спакойны пах. Ён паўтарыў яшчэ раз:
- Я люблю сваю маму!
Але голас здаўся яму чужы, ён жудасна напалохаўся i без аглядкi кiнуўся назад у гасцiную. Пачынаючы з гэтага дня Люсьен быў упэўнены, што не любiць мамы. Ён адчуваў сябе вiнаватым i таму зрабiўся яшчэ больш ласкавы, ён лiчыў, што трэба ўсё жыццё рабiць выгляд, быццам любiш сваiх бацькоў, iначай усе будуць цябе лiчыць злосным вiсусам. Панi Флёр'е заўважала, што з кожным днём сын з ёю ўсё больш пяшчотны; тым летам якраз пачалася вайна, тата пайшоў бiцца на фронце, i мама ў сваёй журбе была шчаслiвая ўжо тым, што Люсьен зрабiўся такi ўважлiвы. Надвячоркам, калi яна з цяжкай душою сядзела ў садзе на раскладным шэзлонгу, ён бегаў у пакой па падушку, якую падсоўваў ёй пад галаву, цi пакрываў капаю ногi, а яна, адбiваючыся, смяялася: "Ды мне будзе горача, мой ты чалавечак, якi ж ты клапатлiвы!" Тады ён, ледзь пераводзячы дых, iмпэтна цалаваў яе i казаў: "Мая мамачка! Мая!" - i потым бег пад каштан. Аднойчы, седзячы пад каштанам, Люсьен сказаў: "Каштан!" - i счакаў. Але нiчога не адбылося. Мама ляжала на верандзе, яна здавалася зусiм маленькаю ў цяжкай, задушлiвай цiшынi. Пахла цёплай травой, можна было б пагуляць у падарожнiка, якi апынуўся ў дрымучым лесе, але ў Люсьена ўжо знiкла ахвота гуляць. Паветра дрыжала па-над чырвоным грэбенем мура, сонца ляжала пякучымi плямамi на зямлi i на руках у Люсьена.