- Анры, ну, паслухай, я клянуся табе, што не, клянуся галавой маёй мамы. Мужчыны цяпер выклiкаюць у мяне агiду. Я еду з адной сям'ёй, з Рырэцiнымi сябрамi, яны людзi ўжо немаладыя. Я хачу пажыць адна, яны знойдуць мне працу. О Анры, каб ты толькi ведаў, як мне трэба пабыць адной, як мне ўсё гэта абрыдла!
- Што, - спытаў Анры, - што табе абрыдла?
- Усё! - сказала яна i пацалавала мужа. - Мне ўсё абрыдла, апроч цябе, мой дарагi.
Яна сунула Анры пад пiжаму рукi i доўга лашчыла яго па ўсiм целе. Ён дрыжаў ад дотыку яе ледзяных пальцаў, але не супрацiўляўся. Толькi прамовiў:
- Мне будзе так кепска, я захварэю.
Нешта ў iм, вiдаць, сапраўды надламалася.
А сёмай гадзiне Люлю ўстала, вочы ў яе набрынялi ад слёз.
- Цяпер мне пара вяртацца туды, - стомлена сказала яна.
- Куды гэта - туды?
- Я цяпер у "Тэатральнай" гасцiнiцы, на вулiцы Вандам. Не гасцiнiца, а нейкая жудасць.
- Заставайся са мной.
- Не, Анры, прашу цябе, не ўгаворвай, я ж сказала табе, што гэта немагчыма.
"Нясе нейкаю плынню, такое жыццё; немагчыма нiчога нi ацанiць, нi зразумець, можна толькi паддацца. Заўтра я буду ў Нiцы". Яна пайшла ў ванны пакой, каб трошкi спаласнуць вочы цёплай вадой. Потым зябка захуталася ў палiто. "Толькi б удалося сёння ноччу паспаць у цягнiку, iначай у Нiцы зусiм выцягну ногi". Ёй не цярпелася пайсцi, таму што астатнiя хвiлiны былi асаблiва цяжкiя.
- Што ты збiраешся рабiць з гэтым Галуа? - спытала яна.
Галуа заказваў Анры афiшу, Анры яе зрабiў, а цяпер аказвалася, што яна Галуа больш не патрэбная.
- Не ведаю, - сказаў Анры.
Ён зашыўся пад коўдру, з-пад якой тырчалi толькi валасы i край вуха. Млявым i нейкiм ленаватым голасам ён прамовiў:
- Я хацеў бы заснуць i праспаць цэлы тыдзень.
- Бывай, дарагi, - сказала Люлю.
- Бывай.
Яна нахiлiлася, крыху адвяла коўдру i пацалавала яго ў лоб. А потым доўга стаяла на лесвiчнай пляцоўцы i не рашалася зачынiць за сабой дзверы. Нарэшце яна адвяла вочы i рэзка пацягнула за ручку. Пачуўся сухi шчаўчок, i Люлю здалося, што зараз яна страцiць прытомнасць: падобнае пачуццё ў яе было, калi яна кiнула першы камяк зямлi на труну свайго бацькi.
"Анры быў не вельмi прыязны. Мог бы, прынамсi, устаць i правесцi мяне да дзвярэй. Можа, мне хоць не так было б сумна, каб ён сам зачынiў дзверы".
- Усё-такi, значыць, яна гэта зрабiла, - сказала Рырэта, пазiраючы некуды перад сабой, - усё-такi, значыць, зрабiла.
Быў вечар. Гадзiне а шостай Рырэце затэлефанаваў П'ер, i яны сустрэлiся ў кавярнi "Каля сабора".
- Але ж вы, здаецца, - сказаў П'ер, - павiнны былi сёння ўбачыцца з ёй у дзевяць гадзiн?
- Мы бачылiся.
- I ў ёй не было нiчога незвычайнага?
- Ды не, - сказала Рырэта, - я не заўважыла. Праўда, яна была крыху стомленая, але сказала, што проста доўга не магла заснуць, калi вы пайшлi: яе ўвесь час бударажыла думка, што хутка яна ўбачыць Нiцу, i, апроч таго, яна трошкi баялася алжырца, якi там быў за калiдорнага... Ды не - яна мяне нават спытала, цi не думаю я, што вы купiлi бiлеты ў першы клас: яна ўсё жыццё марыла праехацца ў першым. Не, - рашуча прамовiла Рырэта, - я ўпэўненая, што нiчога падобнага ў яе ў галаве не было. Прынамсi, пакуль я была з ёй. Я ж праседзела там цэлыя дзве гадзiны, а на такiя рэчы ў мяне вока спрактыкаванае. Было б проста дзiўна, каб нешта выпала ў мяне з-пад увагi. Вы зараз скажаце мне, што яна вельмi скрытная, але я ведаю Люлю ўжо цэлыя чатыры гады i паспела пабачыць у розных абставiнах. Не-не, я ведаю яе як свае пяць пальцаў.
- Значыць, яе ўгаварылi Тэксье. Дзiўна... - на некалькi iмгненняў ён задумаўся i дадаў: - Мне вось цiкава, хто мог iм даць адрас? Я ж сам выбiраў гасцiнiцу, Люлю пра яе раней i не чула.
Ён машынальна круцiў у руцэ канверт з запiскай Люлю, што прымушала Рырэту сядзець як на iголках: ёй вельмi рупiла прачытаць, што там напiсана. Але П'ер не прапаноўваў.