У прыбіральні была нават палічка з кнігамі. Ведрыч выцягнуў адну, з голай бабай на бліскучай супервокладцы, пагартаў, назад паставіў. Зазірнулі ў ванны пакой — і тут рукі ў Ведрыча не гулялі: адкрыў адзін флакон дэзадаранту, панюхаў, другі, трэці; толькі пах чацвёртага яму спадабаўся і ён папшыкаў сабе пад пахі.
«Карыстайся», — працягнуў флакон Трухану.
«Ды перастань ты!..»
«Дарэчы, пра прыбіральню показка. Ведаеш, як немцы савецкіх разведчыкаў лавілі? Рускі першай справаю, адтуль выходзячы, правярае, ці крэсла зашпіленае».
Пайшлі на кухню, такую ж вялікую, прасторную, як і калідор, як і ўсе іншыя пакоі. Нягледзячы на тое, што мэблі было тут можа нават і залішне. Канапа, часопісны столік з крэсламі, у другім кутку яшчэ канапа — скураная. Лядоўня, маразілка, на лядоўні маленькі тэлевізар, на паліцы, прымацаванай да столі ланцугамі, — тэлевізар вялікі…
Цэнтр кухні займаў круглы стол. На ім нічагуткі яшчэ не стаяла, хаця Нэлі каторы ўжо час завіхалася ля яго, як тая Ганна ля печы.
Ведрыч агледзеў пусты стол і без дазволу, з Церашкова беручы прыклад, пасунуўся да лядоўні. Расчыніў.
«Тааак, а тут што мы сёння маем? Што даў нам наш народ…»
«Ды пуста там!»
«Пуста» аказалася кавалкам сыру, бруском сала, бляшанкай шпротаў, дзесяткам яек у завязаным цэлафанавым пакеціку. Усё гэта Ведрыч выклаў на стол, акрамя таго выцягнуў напаследак каструлю, ухапіўшы адной рукой за вуха.
«А ў рондалі што? — зняў накрыўку, панюхаў. — Суп?»
«Быў некалі… Курыным, з лапшою…»
«Локшынамі», — паправіў Ведрыч.
«Ой, локшынамі. Дай, я выллю, пракіс даўно».
«Я табе выллю. Церашкоў, на пліту яго!»
Церашкоў уключыў газ.
«Ну, Нэлі! — сказаў Ведрыч. — Гэта называецца няма чым частаваць? Называецца пустая лядоўня? Біць вас, маладых, няма каму… Так, дзе ў нас патэльня?»
Нэлі задумліва паглядзела ў столь. Потым успомніла:
«У духоўцы, здаецца», — і выцягнула з духоўкі патэльню.
«Большую. Каб увесь дзесятак улез».
«Ты сам будзеш смажыць?» — здзівілася Нэлі.
«Донечка мая, я спец на ўсе рукі. Калі пажэнімся, сама ўбачыш».
Крышачы на патэльню сала, цыбулю, Ведрыч працягваў усчуваць цяперашніх маладых:
«Сала, яйкі, суп для іх ужо не ежа… А ікры не хацелі?»
«Ікры якраз і няма», — вінавата сказала наіўная Нэлі.
«Кабачковай, дзяўчынка, кабачковай! Якой з дня ў дзень душышся… Вунь, Трухан ведае, праўда? Намажаш пальцам скібку…»
«Гатова», — сказаў Церашкоў, здымаючы з пліты каструлю. Сабраўся выключыць газ, але Ведрыч прыкрыкнуў:
«Куды? А смажыць на чым? І што вас усяму вучыць трэба, адкуль у вас толькі рукі растуць! Нэлі, давай талеркі, разлівай суп».
«Я не буду яго есці!»
«Я тым больш, — сказаў Церашкоў. — Атруціцца яшчэ не хапала».