«Дык а бацька з маткаю ведаюць, што ў іх сын такі? Што кажуць?»
«Нічога. Іх няма ў мяне», — неабачліва прызнаўся Трухан. І ў той жа момант пашкадаваў аб гэтым.
«Так я і ведаў! — усклікнуў Ведрыч. — Так і знаў, што не ўсё! Ды што ж мне так шэнціць на гэтых убогіх, абдзеленых, сіратаў — на табе, Ведрыч, што Богу нягожа! Калі я ўжо нармальнага чалавека знайду?!»
«Я не напрашваўся, магу пайсці».
«Ды стой, чакай ты… Ну, прабач. Больш не буду… Яшчэ і гонар паказуе. Дай жа мне абвыкнуцца хоць трохі. Ты ж мяне кожнай навіною як паленам глушыш… Добра. Бацькоў няма — а хто ёсць?»
«Дзядзька з цёткаю, дзед з бабаю…»
«Дык ты як калабок? Усё, маўчу, маўчу. Вось я ўжо і прывык. Сірата, хворы, касцюмчык стары, сарочка каляровая… Ну, нічога. Вылечым. Бацькоў заменім, касцюм новы купім, — Ведрыч раптам спыніўся і палез у кішэню. — На табе грошай!»
«Ды перастань ты… Людзі азіраюцца».
«Не хочаш — не трэба. Ну, нічога… Галоўнае, што не пішаш (Трухан пахаладзеў). Бо каб у дадатак да ўсяго яшчэ і паперу крэмзаў!.. А, чакай — ты ж курыш?»
«Мала».
«Усё адно — навучыўся неяк. А гарэлку п’еш?»
«Якая гарэлка…»
«Навучышся, — паабяцаў Ведрыч, як звычайна ці то жартуючы, ці то ўсур’ёз. — І вылечым, і ўсяму навучым».
Мінулі «Кнігарню», кінатэатр «Мір», перайшлі трамвайныя рэйкі і пакіраваліся некуды ў двары.
Нэлі жыла ў старым «сталінскім» доме. Дзверы пад’езда былі зачынены на замок з кодам. Па шырокай цёмнай лесвіцы падняліся на чацвёрты паверх, і калі ўвайшлі ў пярэднюю, Ведрыч ахнуў — не ад раскошы, а ад памераў.
«Ну, Нэлі! Гэта ж у футбол гуляць можна. Слухай, можа мне ажаніцца з табою? Такая хата! Харошая хата».
Вялізны калідор, высокая столь, люстры паўз усю сцяну кшталту тых, у доме па Фрунзе, 5; на ўсю падлогу — дыван, панад люстрамі — ліхтарыкі з імітацыяй пад свечкі…
«Харошая хата, — усё паўтараў, распранаючыся, Ведрыч. — Па блату, па блату, спалілі немцы хату…»
Ён не дагаварыў, бо раптам прачыніліся бакавыя дзверы і з цёмнага пакою выйшаў прыземісты белы бультэр’ер. Утаропіўся ў гасцей круглымі сваімі свінячымі вочкамі, натапырыўся ў байцовай стойцы і зарычэў. Замест морды ў яго быў, як і належыць гэтай пародзе, адзін доўгі гарбаты нос.
«Фу! — крыкнула Нэлі, падышла і пагладзіла сабаку. — Гэта яна, не бойцеся, яна не кусаецца, проста шчанюк у яе цяпер».
І праўда, следам з пакою выграблася і, чапляючыся лапкамі за варсісты дыван, падпаўзла да бультэр’ера такая ж беленькая, толькі нашмат меншая пачварка, з такім жа доўгім гарбатым носам. Маці асцярожна, беражліва ўзяла сваё дзіця зубамі за шкірку і панесла назад.
Ведрыч, не бачачы нідзе вешалкі, круціўся з кажухам у руцэ.
«Дай сюды…»
Дзверцы гардэроба былі, аказваецца, проста ў сцяне і расчыняліся, як у электрычцы — у бакі. Церашкоў рассунуў іх, павесіў Ведрычаў кажух і сваю і Труханаву курткі акуратна на «плечыкі»; сам скінуў чаравікі і ўсунуў ногі ў пантофлі.
«Ты, я гляджу, някепска тут арыентуешся», — заўважыў Ведрыч.
«А ты дастаў ужо сваімі немцамі, — агрызнуўся Церашкоў. — Колькі можна? А ты чаго стаіш, — напусціўся раптам на Трухана. — Разувайся, праходзь! Бо ўжо не смешна нават, — ізноў Ведрычу. — У нас… не ў нас, праўда, у суседняй вёсцы, немцы ў вайну некалькі хат спалілі: што ў гэтым смешнага?»
«Праўда? То чаму ж ты раней маўчаў? Дзівак! Такая падзея, а ён маўчыць. Тады канечне — прызнаю сваю памылку…»
«Доўга вы там таптацца будзеце? — Нэлі выглянула з кухні. — Правядзі іх, пакажы. Толькі да Соні лепш не падыходзьце».
«Да каго? — здзівіўся Ведрыч. — Ну вы ўжо зусім — балдзееце, як толькі можна. Сучку чалавечым іменем назвалі…»
«Вось прыбіральня, — паказваў на дзверы Церашкоў. — Там ванна…»