«А ты ўмееш распісваць! Сам не спрабаваў прозу?»
«Я яе цярпець не магу, вашую прозу. Гэта — зямля, у той час як паэзія — неба! Азарэнне, бліск маланкі, міг салодкага трансу… А проза! Штосьці неверагоднае для нармальнага чалавека — з дня ў дзень, з году ў год адно й тое…»
«Нуну, — астудзіў яго Трухан, і разам з тым прыемна яму было, што і яго Ведрыч адносіць да празаічнага цэху. — Бліжэй да тэмы, калі ласка».
«Бліжэй да тэмы, — паўтарыў, каб не губляць думку, Ведрыч. — Помніш, тады, на балконе, я казаў, што чакаю твора, за які аўтар гатовы быў бы пайсці ў турму, нават на смерць? Згодзен — гэта мо і залішне. Але для цяперашняй прозы, увогуле для цяперашняй літаратуры крытэрыі павінны быць зменены, планка павінна быць паднятая на максімум: пісаць, ці хоць бы старацца пісаць так, каб не прыняла ніводная афіцыйная рэдакцыя. Бо гэта не твор, калі яму аўтаматычнае зялёнае святло нават не на скрыжаваннях, а на роўнай вуліцы. Сапраўдны твор павінен парасткам падняць над сабою глыбу бетону, прабіцца, узмужаць… У цябе такі твор? У ім дастаткова жыццёвай сілы?»
«Ну і пытанне… Наўрад ці, канечне…»
«Вось бачыш! Вось усе вашыя прэтэнзіі, усе вашыя вяршыні. Навошта ордэн? — пагаджуся на медаль. Значыць, свядома пішацца прахадны твор? З разлікам на рэдакцыі?»
«Ды якія рэдакцыі?! З мяне цябе аднаго пакуль вось так хапае. Хаця… Ведаеш, ты мне зараз адкрыў вочы на адну рэч цікавую… Што самае цяжкае ў літаратуры — гэта, аказваецца, не застольнае забіванне часу, не пошукі патрэбнага слова, не абкатка стылю, не біццё над гармоніяй формы, не іншыя, у прынцыпе абавязковыя і пасвойму салодкія «пакуты», а момант развітання з рукапісам, калі трэба аддаваць яго ў чужыя рукі і на чужыя вочы; дарагое, любімае дзіця, якое выпесціў, выгадаваў, родная крывінка, сябе частка — і раптам чамусьці трэба вясці яго «ў людзі»! Цягнуць у нейкія рэдакцыі, дзе ніхто і ўяўлення не мае, нават і ведаць не захоча, як гэтае дзіця расло, як хварэла, колькі давялося разам з ім перажыць, — а будуць толькі распранаць яго, ды абмацваць, ды разглядваць, як на медыцынскай камісіі…»
«У сэнсе, галачкі на палях ставіць?» — спытаў Ведрыч.
«… А яно — аглушанае, спалоханае, будзе толькі азірацца ды хныкаць, просячы дапамогі…»
«А ты паэт, аказваецца!»
«А ты — празаік, — не астаўся ў даўгу Трухан. — Дык што, можа, пярэйдзем уласна да…»
«Ужо перайшлі. Дарэчы, як ты ставішся да падобных збегаў?»
«Аніяк. Дзядзька, што пераехаў на кані брод, не стане ж клапаціцца пра збегі зычных і галосных, а крыкне на другі бераг: «Ужо пераехаў!», і павер — і жонка, і кум, і сват і брат выдатна яго зразумеюць і заўваг яму рабіць не будуць…»
«Два плюсы паставіць магу, — сказаў раптам Ведрыч і Трухан не адразу зразумеў, што гэта ўжо пераехалі да ягонага тэксту. — Першы — што шукаеш новых формаў, другі — што выбраў ракурс, які выключае гэтую гадкую стылізацыю, ведаеш, усе гэтыя штукі, калі «Рагвалод насупіўся, а Рагнеда паправіла на лебядзінай шыі каралі, а Міндоўг падпёр у задуменні галаву»… Тое, што ты выправіў у свабоднае плаванне па эпохах менавіта сучаснага героя, і яго вачыма збіраешся…»
«Мінусы, мінусы!» — перабіў, пачырванеўшы, Трухан, якога рэдка калі ў жыцці хвалілі.
«І мінусаў два. Праўда, доўгіх, як злітыя пункціры. Папершае, што за манера не ўказваць аўтарства пад эпіграфамі?»
«Таму што кожны адукаваны чалавек ведае іх са школьнай праграмы, павінен ведаць, прынамсі; а той, хто не ведае — дык навошта такі чытач?»
«Другое — як ты справішся з факталогіяй? Як будзеш апісваць побыт, характары… маўчы! Ведаю, што скажаш, што табе сніцца ўся гэтая лухта, а ты толькі механічна яе занатоўваеш... Дык вось, можаш не старацца, у мяне такія нумары не праходзяць. Адно табе напаследак параю — не збіся на творы іншых пісьменнікаў на гэткія ж тэмы, бо, сам таго не хочучы, пачнеш паразітаваць на іх, у лепшым выпадку парадыраваць... І яшчэ пытанне: пад каго ты ўвогуле пішаш?»
«Як гэта?»
«Я да якога пісьменніка цябе ні прымяраю, усё ты вылузваешся, наравішся, не ўкладваешся…»
«Аа, дык у цябе такія крытэрыі? Самыя прымітыўныя — параўнання? Каб абавязкова было пад кагосьці? А ты не дапускаеш, што я — новы? Я — прыйшоў!» — гарачыўся Трухан.
«Чужое... Так з цябе гэтыя цытаты і пруць, так і сыплюцца… Ты ж начытаны, праўда?»
«Паляжаў бы ты з маё па бальніцах, яшчэ б не так начытаўся…»
«…Трухан, устаньце! Трэці раз да вас звяртаюся! Чым вы там займаецеся?!»
Трухан устаў зза парты, лыпаючы шырока расплюшчанымі і адсутнымі, як у лунатыка, вачыма. Ніякага Ведрыча не было ў паміне. А была аўдыторыя — вялікі, напалавіну запоўнены студэнтамі і студэнткамі дзвюх груп клас, з будкай кафедры каля дзвярэй, з шэрай школьнай дошкаю на сцяне. З першага раду, павярнуўшыся, глядзела сюды, на «камчатку», Нэлі — пазірала на Трухана акурат такімі ж вачыма, як і яго гераіня Наста на свайго кантужанага дзевера.
А перад Труханам — па іроніі ці па заканамернасці лёсу стаяла выкладчыца беларускай літаратуры, таго самага прадмета, якім ён усю амаль лекцыю сам з сабою забаўляўся і які на іспытах ледзь выцягваў на дохлую «троечку»; зрэшты, выдатнікам яго цяжка было назваць і па ўсіх іншых дысцыплінах.
Вольга Сяргееўна ведала гэта. Яна стаяла цяпер перад Труханам і паляпвала па далоні ўказваю, спецыяльнай такой шарыкавай ручкай, што выцягваецца на манер антэны.
«Дазвольце пацікавіцца: што ў вас ў сшытку? Што вы так старанна запісвалі? Вы ж галавы не адрывалі ад яго цэлую лекцыю!»
Трухан загарнуў сшытак. Потым на вачах выкладчыцы паклаў яго ў сумку. І ўсё гэта моўчкі. А і праўда, — падумаў ён, — чым я тут займаюся, на што час марную, калі мне, можа, жыць два панядзелкі засталося…
Ні слова не кажучы, ён устаў. Узяў сумку, выбраўся на праход і як ні ў чым не бывала, як так і трэба, пайшоў сабе да дзвярэй.