— Ну, гэта гаворыцца так. Не мог паступіць інакш, бо ў мяне сям’я, дзеці… А што, праваліў вам спектакль? — спытаў Трухановіч. У ім жыла яшчэ горыч, прыкрасць ад таго, што некалі, слабы, змучаны пасля аперацый, напаўзвар’яцелы ад сваёй метамарфозы, ён паверыў гэтаму чалавеку, адкрыўся яму. — А вы, нябось, на поўным сур’ёзе чакалі, што я пачну байкі баяць вашым гэбэшнікам? Пра другую сусветную вайну, ды пра тое, што вы Гарэцкага неўзабаве расстраляеце, а за кампанію і яшчэ сотні чатыры пісьменнікаў… А можа, пра мінскае метро? Ці пра тое, як вы ўвапрэце свайго Леніна, як мумію, як чучала, як паганскага ідала — у маўзалей? Ці пра Сталіна з Хрушчовым?
— Цішэй, цішэй, навошта прозвішчы…
— Каб вашыя асістэнты давялі мяне пасля да бліжэйшага падвала і там мне кішкі на локаць пачалі матаць?
— Цішэй, што вы!
Партной аж пасінеў, бедны, і ад холаду і ад страху. Рукі паціраў, параю дыхаў, але ў шпіталь ісці і не збіраўся. Што да дзядзькі, дык той выслухаў маналог кантужанага сына спакойна, уважліва, з разуменнем; хворы на галаву чалавек і павінен гаварыць абышто, як жа іначай.
— Ну, паехалі памалу… Ідзіце на вуліцу, — загадаў ён Трухановічу з нявесткаю. Вароты былі вузкія, акурат падводзе праехаць, і ён баяўся зачапіцца за шула колам, таму і не хацеў, каб сядалі на воз тут.
Ён ужо і за лейцы ўзяўся. А Партной усё чакаў.
— Вось жа галава дзіравая…
Прыгнечаны сынавай кантузіяй, толькі цяпер успомніў «бацька», што звычайна ж адзячваюць людзей у такіх выпадках, тым больш такога харошага доктара, які вунь як яшчэ прыгадзіцца можа… Клунак з воза зняў. Партной інстынктыўна пацягнуўся рукою, каб забраць. Але дзядзька не адразу аддаў, а з прадмоваю:
— Не крыўдуйце, калі мо што не так… Што людзі даюць, тое і мы. Грыбы, уюны, сала трохі, яек…
— Усё добра, дзякую, дзякую! — казаў Партной, чырванеючы і разам з тым ледзь не вырываючы клуначак.
На вуліцы «бацька» памог Трухановічу ўзабрацца на воз, сесці на папярочную дошчачку. Сам сеў побач, Наста размясцілася ззаду на ахапцы сена.
— З Богам! Вось і добра, — упаўголаса сказаў «бацька», калі паехалі; не так да нявесткі з «сынам» звяртаўся, як, мабыць, суцяшаў сам сябе. — Нічога, добра з’ездзілі… І цябе забралі, і з Партным разлічыліся… Усё палюдску…
Распагодзілася. Пахкае вераснёвае паветра, з якім мяшаўся дым з комінаў, п’яніла. Сіняе чыстае неба — хоць і без сонца яшчэ, доўгая вуліца, трухканне коніка, шастанне сена ззаду, калі варушылася, ямчэй уладкоўвалася Наста…Усё было як сон, ці, лепш сказаць, як кіно, як нейкі віртуальны стэрэафільм, у якім Трухановіч з’яўляўся і гледачом, і ўдзельнікам адначасова. Моўчкі, прагна ён углядаўся ў хаты, двары, у людзей, якія хто пехам, хто як яны — канём, то абганялі іх, то цягнуліся насустрач. Якое чужое ўсё! Без аўтобусаў, машын, без вітрын магазінаў, без шматпавярховак, без асфальтавай шашы горад быў не проста чужы — Трухановіч не пазнаваў тут анічога абсалютна, і калі б апынуўся зараз адзін, дык, мусіць, давялося б распытваць дарогу. Ён не адразу пазнаў нават высокі жоўты будынак царквы, а толькі тады, калі бацька на хаду перахрысціўся на яе. Ды яшчэ на самым выездзе з мястэчка сёетое пачало ўсплываць у памяці. Рэчка і мосцік праз яе. Вось гэтую рэчку з крыху нечаканай, балгарскай назвай — Пліска, і ўспомніў Трухановіч, ды яшчэ — дубовы лес, ужо за мястэчкам, па шляху на Мозыр.
Тут «бацька» спыніўся, з крэктам злез долу і за аброць павёў каня з дарогі, пад дубы. Размясціліся на пагорку. Было суха, пахла прэлым лісцем. Трухановіч заўважыў, як пасля бальніцы абвастрыўся ў ім найперш нюх, наколькі вастрэй пачаў разлічаць ён пахі — проста галава плыла.
— Ну, давайце, каб усё палюдску, — распарадзіўся «бацька». Нельга было не звярнуць увагі, што трошкі больш, чым трэба, казырае чалавек гэтай «людскасцю», нават злоўжывае, як бы ва ўсім яму хочацца быць падобным на іншых — у любой, відаць, драбязе ён найперш правяраўся тым, а як бы на яго месцы паважаныя ім людзі рабілі?
Наста тым часам развязала клунак, падобны на той, які аддалі Партному. На чыстую белую палатняную анучку пачала выкладваць сала, хлеб, цыбулю, яйкі — асобна сырыя і вараныя, соль, бурачковага колеру хрэн у слоіку… Так жыва нагадала ўсё гэта Трухановічу Паску ці Радаўніцу! Восень і вясна ўвогуле часта бываюць падобныя на нейкіх этапах і пахамі сваімі, і пагодаю, і прыродаю, а тут яшчэ і гэты бураком зафарбаваны хрэн, нязменны на Паску ці на Радаўніцу, і гэтыя яечныя шкарлупкі, і бульканне самагонкі па чарачках… Дзядзька напоўніў іх так: сабе і «сыну», як мужчынам, больш, а нявестцы менш за трацінку.
— Ну, каб людзі нічога благога не думалі! — урачыста сказаў дзядзька. Аднак і ён, і Наста ўсё ж марудзілі, нібы чакаючы, ці не захоча яшчэ дадаць чаго Трухановіч.
Варта было б зрабіць гэта, сказаць хоць бы штосьці накшталт «дзякую, што вы, чужыя людзі, падабралі мяне; пастараюся не сядзець у вас сіднем на шыі» і таму падобнае. Але Трухановіч, з уздыхам апусціўшы вочы на скалечаную руку, сказаў інакш:
— Не ведаю, куды вы зараз сабраліся мяне вязці, як і не ведаю, які з мяне будзе вам памагаты. З гэтым трэба альбо змірыцца, альбо…
— Ды хто ж цябе гоніць? — здзівіўся, нават пакрыўдзіўся «бацька». — Не жабракі, дзякаваць Богу, не старцы якія. Не аб’ясі. Ты ж не самахоць скалечыўся, за нас кроў праліў…
Ды не праліваў я ніякай крыві! — хацелася крыкнуць Трухановічу. Але ён толькі заплюшчыўся і пакорліва і адначасова пакутліва выпіў усё да дна.
«Ну што? Прачытаў?»
Трухан з Ведрычам сядзелі па абодва бакі стала. Пасярэдзіне ляжаў рукапіс. Трухану відаць было толькі першую старонку, усю скрэсленую, у заўвагах, пазнаках, надпісах паверх радкоў, з мноствам разлапістых рымскіх «пяцёрак»галачак на палях. І страшна было на яе пазіраць, і разам з тым Трухан не мог адараваць ад яе вачэй.
А Ведрыч, выпрабоўваючы чужое цярпенне, спакойна курыў, марудна зацягваўся, паволі выпускаў дым.
«Нашто ты гэта пішаш?» — прамовіў ён нарэшце.
«Ды ўжо ж не дзеля ідэі, не дзеля пошукаў станоўчага героя, — заспяшаўся, нібы толькі такога пытання і чакаў, Трухан. — Калі шчыра, мне проста трэба пазбавіцца ад гэтага наслання — ад другога свайго жыцця, скінуць з сябе гэты дурман, разгрузіцца хоць такім чынам — проста запісаўшы яго на паперы!»
«І дзе ты сабраўся гэта дзяваць? Нясці ў друк? Ці ўсё ж у стол?»
«Якая розніца?»
«Вялікая. Калі пішацца для сябе, для сяброў, ці, скажам, для ўласных будучых сямейнікаў, што збяруцца доўгім зімовым вечарам каля агменю, павыключаюць тэлевізары, кампутары, запаляць свечкі… Сівы, з захутанымі пледам нагамі, паважаны бацька сямейства — Алесь Трухан —сядзіць у крэслекачалцы, калываецца, як манекен, самы меншы ўнук разгортвае зашмальцаваны аблуплены агульны сшытак і, пракашляўшы горла, звонка заводзіць: «У сваю апошню ноч у гэтым шпіталі і ў гэтай палаце»…