Врусавец, які запаліў цыгарэту, аж закашляўся дымам:
— Кахаць? Ён ненавідзеў яе!
— Значыць, яна яго кахала. Бачыш...
— І гэтага не было. Чорт яго ведае, як яны сышліся ўвогуле. Можа, спачатку нешта між імі і было, але ўлетку — Вяргейчык вяртаўся ад яе мерцвяком. Я бажуся, што ніколі не бачыў такіх людзей... Так і напісана было на ім, што доўга не пражыве!
«Каб яго не збіла машына, дык нічога б не было на ім цяпер напісана», — ледзь не сказаў я ўслых. І папрасіў:
— Раскажы.
— Я ўжо добра не памятаю, — адразу пачаў Брусавец, — ён увесь апошні месяц жыў як не на гэтым свеце, не дзіва, што яго забіў гэты п'яны прыдурак... Ён быў падрыхтаваны да смерці — чаго я і вінавачу гэтую... Неяк раз збіраемся на заняткі, ён адзін чаравік абуў, сядзіць на ложку, апусціў рукі і глядзіць на гэты чаравік. Я з дзвярэй кажу: хутчэй, а ён страсянуўся і ідзе! У адным чаравіку. У дзвярах толькі ачомаўся і сам засмяяўся. Кажа, «нізка ўпаў, бо высока ляцеў».
Адзін раз, было гэта позна ноччу... Здалі мы ўжо, здаецца, перадапошні экзамен — як ён здаваў іх, ні разу кніжкі не адкрыўшы, не ведаю. І на чатыры, на пяць... Вось гадзіны ў тры ночы прачнуўся я ад святла, а ён стаіць сярод пакоя — ну, мярцвяк мерцвяком! Белы, схуднелы, страшны... Стаіць і глядзіць на мяне. Я ажно падскочыў, сеў. Ты што, пытаю. Тады ён ачомаўся, ужо неяк інакш глянуў на мяне і сеў на тумбачку. Ведаеш, кажа, Коля, што са мною толькі зрабілі? Я даўно ўжо сам сябе не лічу за чалавека, даўно ўжо да ўсяго прывык — але нашто ўжо такое рабіць? Хоць, кажа, што я некага вінавачу? Вось я сяджу, не даю табе спаць і сам не сплю, бо для мяне быццам на дышоў канец свету, і мне трэба, каб пра мае пакуты ведала ўсё чалавецтва. А мае ж пакуты, кажа, ува мне самім, у маім целе. І калі не стане цела, дык не стане і пакутаў, але ўжо ад таго, што я табе вось гэта цяпер кажу — ніколі я гэтага не зраблю! Ніколі я не пазбаўлюся пакутаў такім спосабам; вось так пакажу-пакажу, нацешуся сам і напужаю на першы раз, а на другі насмяшу таго, хто слухае — і буду жыць. Далей.
«Ды што ўжо там такое?» — усклікнуў я.
«Яна пасмяялася з мяне страшэнна, а можа, мне падалося, што яна смяялася... І тады я саўсім страціў розум, нагаварыў ён страшных слоў, ужо забыўся якіх, абазваў яе брыдка... Але нічога, мне ўжо меней страшна. Яна адыходлівая, я ведаю. Трэба толькі трошкі пачакаць, яна даруе. Я не павешуся і не застрэлюся — я пайду прасіцца ў яе. Стану на калені, буду глядзець знізу ўверх і казаць адно толькі слова: «Даруй, даруй...»
Ты не палохайся, кажа, я сам ведаю, што вар'яцею, але я з тых ціхіх вар'ятаў, якія могуць сябе яшчэ неяк кантраляваць. Памятаеш, кажа, у Караленкі сляпы гаворыць, што сляпым не трэба дабрыня і ласка: іх трэба выводзіць на дарогу і даваць у рукі кіёк, хай жабруюць. Дык вось яшчэ большая памылка, што такіх, як я, — вясковых, забітых, слабых фізічна, без грошай — людзей трэба вучыць у школе. Хто мне калі растлумачыць, начорта трэба, каб яны чыталі пра Анегіна, Пячорына і пра Раскольнікава? Начорта галаву маю з малых гадоў набілі класічнымі вобразамі, нашто мяне навучылі думаць? Чаму мне выпісалі пахвальны ліст і адправілі вучыцца ў горад, а не навучылі даіць кароў і падбіраць гной? Начорта я навучыўся думаць, аналізаваць свае ўчынкі і адчуваць такія самыя пачуцці, як Анегін, Пячорын і Раскольнікаў, калі я не маю ні грошай Анегіна, ні фізічнага здароўя Раскольнікава? Каму трэба марнаваць мяне ў вялікім сталічным горадзе на сорак рублёў у месяц, дзе я навучыўся курыць «Космас», і з гэтых сарака дваццаць адзін пракурваю. Чым я надзелены, у параўнанні з другімі, каб жыць у вялікім сталічным свеце? Нічым. Толькі хаценнямі, якія развіліся незалежна ад мяне — калі я быў малады, я ж не хацеў нічога, што пяпер хачу. Я хацеў, як і ўсе людзі, якіх ведаў змалку, курыць «Прыму», пасвіць кароў, у газеты закручваць сала з хлебам і з памідорамі, а кнігі чытаць толькі друкаваныя вялікімі літарамі.
А вершы? Людзі, якія друкавалі ў тоўстым часопісе мае выдуманыя вершы, на самай справе капалі мне яму. Яны публічна, аўтарытэтна зацвердзілі, што я не толькі роўны, але і вышэй за многіх іншых людзей. Як я мог ім не верыць? Друкаванне гэтых вершаў зрабіла з мяне маральнага калеку, бо дысананс паміж тым, як я пачаў аб сабе думаць і што я на самай справе з сябе ўяўляў, вырас да вялікіх памераў. Што я практычна магу, чалавек дваццаці чатырох гадоў? Пісаць вершы? Тую ж Таню, якую я мучыў паўгода, цікавяць менш за ўсё мае вершы; яе цікавяць мае грошы, маё адзенне і мой рост у сантыметрах і дзе мы будзем жыць, калі, скажам, пажэнімся...»
Пасля ён зірнуў на гадзіннік і пабег. Я патушыў святло і лёг спаць.
— Ён памірыўся тады? — спытаў я.
— Не ведаю, ён прыйшоў праз хвілін дваццаць, я шчэ не паспеў заснуць. Ён ціха ўключыў начнік над сваёй тумбачкаю і да самай раніцы нешта пісаў.
Мы памаўчалі. У пакоі стала цёмна. Мне было добра і не думалася, што чатыры месяцы таму, на гэтым самым ложку сядзеў чалавек, які нешта думаў, нечага дабіваўся, адчуваў цемру і цяпло.
— Дам ёй гэтыя паперы — хай чытае і пакутуе, — сказаў Брусавец.
І неяк смешна і недарэчна прагучаў гэты грозны сказ; я быў упэўнены, яшчэ не прачытаўшы гэтых папер, што наўрад ці яны будуць некаму такой ужо страшнай помстаю.
— Можа, ён пісаў і не пра Мяцельскую. Калі хочаш, дай я прачытаю, а заўтра табе аддам, — папрасіў я.
— Бяры...
Я не любіў Валодзю Вяргейчыка, хоць і сапраўды нейкі час мы з ім сябравалі.
Можна не любіць чалавека за тое, што ў яго не такія, як у цябе, погляды на рэчы, што ён ні з чым з табою не згаджаецца, і на словах альбо ў душы грэбуе табой, але можна з аднолькавай сілай не любіць чалавека, які вельмі на цябе падобны. Гэта тое ж самае, як чалавеку з фізічным калецтвам на твары часта падсоўваюць люстэрка. Я не любіў Вяргейчыка якраз з-за гэтай, другой, прычыны. Я таксама быў з беднай вясковай сям’і, таксама не мог пахваліцца нейкімі фізічнымі вартасцямі — але калі мне сорамна было ўсяго гэтага і рэдкі чалавек ведаў, чаго каштавала мне жыццё ў Мінску на сорак рублёў у месяц, а калі — і без іх, Вяргейчык не толькі не саромеўся, ён лічыў за норму, каб пра ягоныя беды ведаў кожны стрэчны-папярэчны. Ён плакаўся і сваёй беднасцю, і тым, што не пішуцца вершы, і тым, што на экзаменах яму задаюць больш пытанняў, бо адказвае па-беларуску... Ёсць людзі, якія да таго звыкаюцца з выдуманым імі ж крыжам, які яны быццам бы цягнуць на сваю Галгофу, што адчуваюць у гэтым нават асалоду. І прапануй толькі — так, дзеля смеху, скажы: «Табе памагчы?» — з якім гонарам твая «помач» будзе адрынутая!
Нябожчык, мне здавалася, быў з такіх людзей.
Сышліся мы з ім яшчэ на першым курсе, калі ён даведаўся, што я скончыў беларускую школу і калі-нікалі гавару па-беларуску, з-за гэтага і пачалося наша сяброўства. Мы гадзінамі сядзелі ў накураным пакоі і разважалі пра нацыянальныя праблемы. Недзе праз месяц такога лікбезу пайшлі першыя рознагалоссі: Вяргейчык вырашыў, што «гаварыльні» досыць і трэба пераходзіць да справы. Мы пайшлі да рэктара і сказалі, што трэба зала на трыста чалавек, дзе будуць праходзіць сустрэчы з пісьменнікамі і гісторыкамі, і нам адвялі гэтую залу. На першае пасяджэнне прыйшлі два пісьменнікі і два студэнты — я і Вяргейчык.
Я тыдзень не мог спаць ад сораму, пайшоўшы на так званы «збор заяваў у беларускія клясы». У адной кватэры старая бабулька смяялася з нашых агітаванняў і казала: «Каб гэтага хацела правіцельства, дык хто ў нас пытаўся б?» Мяне ўразілі яе словы, я адчуваў, што яна мае рацыю, і ўрэшце адкрыта заявіў Вяргейчыку, што хадзіць па кватэрах — гэта авантура.
— Ты прапаноўваеш скласці рукі і сядзець?
— Я прапаноўваю толькі рэальнае размежаванне. Мы — будучыя настаўнікі, хіба гэта наша справа самім сабе шукаць вучняў? Ці быць беларускім класам можа і павінен вырашаць толькі ўрад, як правільна сказала бабуля. А калі ўрад гэтага не хоча, дык недзе тут і трэба шукаць прычыну, а не цягацца па кватэрах. Няўжо ты не бачыш, што, калі хадзіць па кватэрах, беларускіх школ мы дачакаемся праз пяцьсот гадоў?
— З такімі, як ты, мы іх ніколі не дачакаемся!
За два гады нашага знаёмства я не помню ні аднаго выпадку, каб удалося ў нечым пераканаць Вяргейчыка. Спачатку я бачыў у ім толькі зафанацелага «адраджэнца», для якога не існавала ніякіх чалавечых пачуццяў, калі яны выказваліся не па-беларуску; пасля выпадкаў з залаю і з заявамі актыўнасць Вяргейчыка пачала здавацца мне проста неразумнаю. Я шмат у чым расчараваўся, адышоў ад «справы» і толькі збоку наглядаў за Вяргейчыкам. Тады і разладзілася нашае сяброўства.
А ён не сунімаўся. Ужо на другім курсе, зімою, ён сабраў чалавек сем беларускамоўных і стварыў у інстытуце суполку «Раніца». Гэтая суполка то рассыпалася, то зноў утваралася, і невядома было, чым яны канкрэтна займаліся, акрамя бясконцых размоў. Недзе пад той час узнікла і пайшла гуляць па курсе плётка, што ў Вяргейчыка закахалася дзяўчына з ягонае суполкі, пяцікурсніца Мяцельская, якая памяняла за пяць курсаў пяць хлопцаў, і цяпер хоча закружыць Вяргейчыку галаву і выйсці за яго замуж.