«ІІІкода, што ты не пішаш больш свае лірычныя вершы».
«Але калі ты і ў тым жыцці мяне не пакахаеш... Буду назаляць табе, як і цяпер... Будзеш тады ведаць. А праўда, табе сумна будзе некалі без мяне? Калі ты скончыш інстытут, паедзеш куды-небудзь і ляжаш з кім-небудзь у ложак, успомніш мяне хоць на імгненне, добра? Успомніш якраз у тое імгненне, калі... Ты пайшла? Як мне заўсёды добра з табою!»
«Вывай, Вяргейчык!»
«Давай іначай: прощай! Так страшней».
«Добра: прощай!»
«Прощай!»
10.5.87
То сварыліся, то мірыліся, два дні не бачылі адно аднаго. Мірымся мы так: альбо я не вытрымліваю, іду да яе і стаю моўчкі пры дзвярах — тады яна падыхо дзіць і цалуе мяне; альбо яна робіць тое самае, і ўжо я цалую яе. На гэты раз яна прыйшла першая, быццам для таго, каб толькі даведацца, ці паеду я праз тыдзень з імі ў Кушляны, на сядзібу Багушэвіча. Яна была такая ціхмяная, пакорлівая — няўжо баіцца мяне згубіць? Калі так — дык няхай жыве!
Гаварылі, як заўсёды, пра нашы адносіны. Я панура плёў, што нам патрэбна расстацца, бо нікому з гэтага кахання няма радасці. «Калі ты вось цяпер, днямі, не здагадаешся сказаць мне нешта вельмі важнае, табе пасля можа быць вельмі кепска. Але я ведаю напэўна, што ты скажаш. «Жаніцца, — падумаў я і спытаў: — Ты маеш на ўвазе, што нам не трэба сустракацца?» — «Не, Вяргейчык, усё ідзе якраз да зваротнага...»
Значыць, жаніцьба? Усе мае здагадкі, што яна хоча замуж, пацвердзіліся. Што ж тут рабіць? Яна была з чалавекам, які, яна ведала, яе не кахае. Значыць, галоўнае, каб яна кахала. Тады ўсё вырашылася б яшчэ зімою, усё — гэта значыць была б такая, як у яе з Сяргеем, ноч.
Нягледзячы на ўсю сваю наіўнасць, пісанне лірычных вершаў, я страшны, аказваецца, педант. Я ўвесь жыву па схемах. Калі тая ці іншая з'ява падыходзіць пад маю схему — тады я чалавек, як і ўсе, з гонарам, з сумленнем, здольны раскласці гэтую з'яву на белую і чорную часткі. Варта толькі ж сутыкнуцца з нечым незразумелым, што не ўкладаецца ў мае схемы і не падыходзіць пад вычытаныя мной кніжныя сюжэты, я станаўлюся рабом — невядома, чыя тады кроў дык туе мне паводзіны. Хоць і па бацькавай, і па матчынай лініі мы не мелі ніколі ні гербаў, ні фальваркаў. Як добра было б жыць у дваццатыя гады, як гэта ні парадаксальна і як ні смешна гучыць на сямідзесятым годзе «панавання ўлады рабочага класа і бяднейшага сялянства». Матка ўжо слаба памятае, як зваўся мой прадзед, і я яе разумею — ён, як і матка, быў рабом некага.
Цяпер мне добра, спакойна, ані няма прыступу страху, з якім пісаў ёй ліст у дыялогах. Колькі ў мяне ўжо гэтых лістоў, няўжо я быў такі слабы, што хацеў дзяліцца страхам і з братам, і з Сяргеем? Усё ж вельмі проста кладзецца ў маю схему: вядома, яна хоча быць маёй жонкаю. Якія шляхі яна выбірае для сваіх намераў (стаць маёй жонкаю) — гэта яе клопат, а таму яе таксама можна зразумець і дараваць ёй.
Кахання ў яе няма, але няўжо ўсе і выходзяць замуж толькі па каханні? Хутчэй за ўсё, убачыўшы мае пакуты, яна ідзе не ад сябе, а ад мяне. «Я твайго кахання не хацела і не хачу, мне ад цябе нічога не трэба, — але табе трэба, ты ад гэтага пакутуеш, і я ж так сама не камень. Калі сапраўды ўсё так, як ты даказваеш і паказваеш, скажы ці хоць паабяцай, што мы пажэнімся. І ўсё будзе, як ты хочаш».
Як на маім месцы думаў бы нармальны, незаблытаны чалавек:
1) калі мы пажэнімся, дык што ў нас будзе за жыццё, калі яна ўвесь час націскае: «Я гэтага не хацела і не хачу, але калі ўжо так склалася...»
2) трэба не крыўдзіць яе больш, але і не сустракацца.
Ужо ні ў што не веру — ніколі я не скончу гэта нейкай логікаю! Калі ёй самой гэта надакучыць? Калі ўжо яна, плюнуўшы на ўсё, альбо скажа, каб больш не прыходзіў, альбо... Ні тое, ні тое! Сёння сніўся страшны сон: яна ляжала з Сяргеем на вялізным ложку, прыціскалася да яго, ён цалаваў яе, а яна, сонная, паўжывая ад шчасця, так ужо цалавала яго і абдымала! Было гэта ў нейкім маленькім мястэчку, у вялікай кватэры на шмат пакояў. Прыляцелі мы туды чамусьці самалётам...
20.5.87
Да якога ачмурэння і ідыятызму можа давесці ўсё гэта! Як смешна, горка і сорамна перачытваць ранейшыя запісы! Чатыры з паловай месяцы жыць пад нейкім гіпнозам, пакутаваць — ад чаго? Я памыліўся — ёй зусім не трэба нічыйго шкадавання, гэта кончаны чалавек. Нічога жаночага ў ёй няма і блізка. Як не хочацца ўспамінаць усяго, а ўспамінаць трэба, бо тое, што адбылося, будзе мне добрым урокам. Вось лагічная нітка тыповых яе паводзін: перад тым, як ехаць у Кушляны, прапанаваў ёй выйсці замуж. Яна згадзілася. У Кушлянах сыходзяць разам з Міцурам — гадзіны ў дзве з'явіліся, невядома адкуль.
Яна зусім свядома рабіла гэта. Яна не магла не ведаць, што так не робіць ні адна жанчына ці дзяўчына.
Накірунак з гэтых часоў адзін: ні ў галаве, ні ў жыцці яе быць не павінна.
Ліст чацвёрты
Добры дзень, Сяргей! Збіраўся напісаць табе шчэ ўчора. Мне казаў Брусавец, што ты быў у Мінску і заходзіў, калі мы ездзілі ў Кушляны. Так і не пабачыліся, а шкада.
Гэты ліст пішу табе ў звязку са сваім папярэднім лістом, які цябе, мабыць, трохі здзівіў, заблытаў і прымусіў ставіцца да мяне насцярожана. Пісаў я той ліст у перыяд вялікай разгубленасці перад жыццём, у хвіліны слабасці. Цяпер гэтага няма. Неяк раптоўна, устаўшы раніцою, я ўсвядоміў, колькі свінства пасеяў за апошнія паўгода; аказалася, усе мае пакуты — толькі вынік сябелюбства і прагі быць вышэй за іншых. Але мяне гэта не спалохала, як раней, калі такая прага ачышчэнняў узнікала, я адганяў яе, палохаючыся, што выпраўляцца позна ўжо, дый непатрэбна, бо ўсе знаёмыя так жывуць — цяпер я не спалохаўся, а, на адварот, радаваўся, як дзіця. Я зразумеў, што ў мяне ёсць шанц вырвацца з гэтага жыцця, у якое я сам сябе загнаў. Усё ў маіх руках. Што тычыцца нашай справы, вершаскладання, металу і року і г. д. — заняткі імі ішлі не ад нейкіх духоўных парыванняў, а скіраваны былі толькі на тое, каб вылучыцца сярод астатніх людзей, узняцца над імі і карыстацца пасля іхняю павагаю. Сам сябе паступова я ўжо ў такой ступені пачаў любіць, што апошнім часам дзівіўся і раздражняўся, калі блізкія мне людзі рабілі не так, як мне хацелася. Спачатку раздражняла, а потым пачало палохаць. Пачаліся нейкія прыступы страху, што мяне любяць менш, чым я таго заслугоўваю: я стаў патрабаваць, каб мною цікавіліся. А патрабаваць нечага духоўнага — гэта, ведаеш, апошняя прыступка гонару... Вядома, што я не з усімі знаёмымі запар такое рабіў, я знай шоў чалавека, на якім у найбольшай ступені сканцэнтраваў словы і дзеянні свае дэградацыі.
Гэта агульшчына. Я памятаю, што абяцаў расказаць табе ці напісаць сапраўдную прычыну свае «хваробы», і якую значную ролю ў ёй адыграў і адыгрываеш ты. Але пачакаю, пакуль у галаве стане ясней і ўсё ўтрамбуецца. Адчуванне такое, як пасля цёмнага выходзіш на зыркае святло: бачна, што светла, але разгледзець нешта цяжка, вочы не прывыклі і скачуць паўсюль чорныя плямы.
Калі раней я лічыў сябе ніжэйшым за цябе, дык цяпер пішу як да роўнага. Упершыню за апошнія месяцы адчуў сябе чалавекам, як усе. Цяпер я ведаю выйсце, ведаю збольшага, як жыць, і ўсе адступленні ад гэтых ведаў будуць толькі весці да новых пакутаў. Мяне цягне ў гэтыя два дні да чысціні чорт ведае чаму: я мыўся з гадзіну сам, перамыў пакой, усё на свеце... (Ліст абрываецца).
23.5.87
Хапіла роўна на тры дні. І апусціліся рукі. Тры дні не ходзім ні я да яе, ні яна да мяне. Гэта мая нявеста, дзяўчына, якая «жыць без мяне не можа» і «гатова падпісацца пад кожным пунктам». Пункты... Быццам прайшло тры месяцы. Помню, за дзень перад Кушлянамі яна сама не вытрымала гэтай няпэўнасці і сказала: «Скажы без сваіх філасофіяў, коратка і ясна — як мне сябе паводзіць? Дай мне якую інструкцыю, ці што, бо я бачу, што раблю табе кепска — а чым, сама не ведаю... Я, праўда, не іграю і нічога не хачу, а ты ва ўсіх маіх паводзінах шукаеш нейкае сістэмы. Што б ты хацеў пачуць ад мяне? »
«Я хацеў бы пачуць, што ты без мяне не можаш жыць, а калі мяне не пабачыш дзень, гадзіну нават — табе кепска і нечага не стае; што ты размаўляеш са мною ў думках; што ты згодна быць разам са мною цэлае лета, а ўвосень... я да цябе прыеду і мы пажэнімся».
«Я падпісваюся пад кожным пунктам».