— Добра, — яна ўсё думала, як вясці сябе.
— Я ніколі ў жыцці не быў такі п'яны, да ўчора я піў толькі каньяк або простую «чыстую». Учора я спіўся дашчэнту, я не мог заснуць, я спіўся ад вашага цудоўнага каньяку, ад вашага цудоўнага хараства ў першую чаргу... — гаварыў мастак.
Яму захацелася падурэць; ведаў, што за такія словы жанчына не падумае аб ім дрэнна. Спадабаюцца яны.
Яна пачырванела ад прыемнасці. Калісьці таксама гэтак пачырванела, было гэта пры першым пацалунку з Юркам. Юрка таксама гаварыў, што яна прыгожая. Яна ўцякла. Потым баялася, што ён абразіўся.
— Вы дадому? — спытаў мастак.
— Так.
— Дазвольце прайсціся з вамі кавалак. Мне шуміць у галаве.
Нічога не сказала яму, але згадзілася.
— У вас ёсць крыху часу?
Пытаў ён. Хацела сказаць і не сказала.
— Зойдзем на хвіліну ў гандлёвы дом.
У гандлёвым доме ля драгерыйнага прылаўка пуста, прадаўшчыца непрыстойна пазяхае.
— Пакажыце французскія адэкалоны, — папрасіў мастак.
Купіў цэлы камплект.
— Гэта для пані.
— Што вы!? — жонка малавеле не ўпусціла камплект на падлогу.
— Дробязь, — яго вочы прасіліся. — Я ўдзячны вам за ўчарашнюю раскошную бяседу. Я многае вінаваты пані. Дазвольце адплаціцца хоць гэтым скромным падарункам.
Бачыла, як дарагую цану заплаціў за іх і падумала, што ён нежанаты.
— Не трэба, — паўтарыла яна. Прадаўшчыца ўсміхалася да яе ўсмешкаю, быццам гаворачы: «Дурненькая ты, ой, дурненькая ты, бяры і маўчы». Выйшлі на вуліцу.
— Вельмі дзякую пану.
I падала руку на развітанне.
Ён, не сціхаючы, гаварыў мілыя словы.
Пашоў у кірунку кавярні МШК, сустрэў высокага чыноўніка, прывітаўся з ім без шанавання. Стаялі і смяяліся. Высокі чыноўнік пашоў у кірунку ратушы, мастак да кавярні.
Жонка не адразу рушыла дадому, пачала ісці толькі тады, калі мастак ужо пэўне шукаў вольнага месца ў кавярні, а высокі чыноўнік якраз даходзіў да каваных падваротняў ратушы. Высокага чыноўніка бачыла раз, ён жыў дзесьці недалёка, спяшаў на працу, непаголены і пасля восьмай гадзіны.
Калі жонка нарадзіла сына Юрка хадзіў штодзень у бальніцу пры вуліцы Варшаўскай, дзе яна знаходзілася, заносіў ёй кампоты, шакалад, фруктовыя сокі, некалькі разоў удалося яму раздабыць апельсінаў, якія рэдка калі прадаюць у Беластоку. Пісаў пісьмы. Усё гэта адносіла да жонкі стараватая медсястра і прыносіла пісьмы ад яе, з бальнічнай палаты.
Аднаго разу медсястра сказала:
— Чаму пан не купіць кветак?
Юрку стала вельмі брыдка.
На другі дзень ён прынёс кош жывых кветак.
— Трэба іх зрэзаць, — сказала медсястра. — З зямлёю нельга іх нясці ў палату.