Кожны жыве са сваёю праўдаю, кожны мае свой свет. Чалавек вельмі многа можа зразумець, але застанецца пры сваёй праўдзе. Будзе саромецца сваёй праўды і адначасова верыць ёй дарэшты.
Як добра гаварыць, спрачацца, выясняць, злаваць і гадзіцца, любіць і не любіць.
Жонцы балелі зубы. Не ведала: усе, ці адзін?
—Папільнуеш дзіцяці, усмажыш яек.
— Усмажу.
— Малако для дзіцяці ў збане.
— Добра.
Адагнаў сон, устаў. Жонка выйшла.
У пачакальні дэнтыста заплаканая дзяўчына з апухлаю шчакою. Больш нікога. Потым прыйшла панюся, сказала, «дзень добры», цяжка каўкнула сліну. Праз пачакальню прайшоў дэнтыст, яго зрок слізгануў па блішчастай чырвонай шчацэ дзяўчыны.
У дзвярах медсястра.
— Хто першы, проша, — аб'явіла сястра. Дзяўчына паднялася на не свае ногі. Потым некалькі разоў чуваць было, як дзяўчына застаг-нала, ёй вырывалі зуб.
— Рукі пры сабе! — крыкнуў дэнтыст.
— Ах, — не паўстрымалася панюся. — Страшэнна баюся.
Дзяўчына віснула.
— Нікога так не баюся, як дэнтыстаў, — сказала панюся. — Я гатова зрабіць найгоршае глупства, каб толькі не ісці да дэнтыста.
Мяркуючы па яе фігуры, яна ўжо не магла б зрабіць найгоршага глупства. Жонцы перасталі балець зубы. У дзвярах зноў голас сястры:
— Хто наступны, проша.
У пачакальгао прыйшло яшчэ трое.
— Пані, — сказала панюся, гледзячы на жонку.
— Я магу пачакаць, — сказала жонка.
— О, пані якая добрая.
Панюся хутка паднялася.
Правяла вачыма панюсю і выйшла на вуліцу. Зубы зусім не балелі, насупраць ішла чорна-зграбная жанчына ў сінім паліто, надзвычай трапнай кройкі. Хіба не ў Беластоку шыла, падумала жонка. На рагу Малгажаты і Сянкевіча ішоў мужчына проста на яе.
— Дзень добры пані, — сказаў ён і падаў руку на прывітанне.
Жонка пазнала ў ім мастака.
— Дзень добры.
Ён шчыры, яго губы расхіленыя.
— Я яшчэ п'яны.
— Вы? — не ведала, як вясці сябе.
— Я піў многа, пані не заўважыла, як я многа піў, — мастак гаварыў да яе.