А ён гаворыць:
– Ніводная з іх не возьме ані жартам, ані насамрэч. Такіх звычак у нас няма. Але я заўважыў, што сёння зранку з дому, з твайго пакоя, выйшла нейкая саветка і пакунак несла пад пахай. Нават спытаў у яе, што шукала ў кватэры. Дык яна мне адказала:
– Начавала ў нарачонага.
Вельмі прыкра мне зрабілася і рэчаў дарагіх моцна шкада. Таму вырашыў я, канешне, Настку знайсці. Пачаў кожны вечар паблізу кіна хадзіць. Але яна не прыйшла ні разу. Урэшчэ злапаў я яе ўдзень на кірмашы. Была яна там з трыма каляжанкамі.
– Дзень добры, Настка! – гавару.
А яна спачатку зрабіла выгляд, што мяне зусім не пазнае. А потым кажа:
– Дзень добры! Так шмат знаёмых мужчынаў маю, што і не пазнала адразу.
Тады я ёй гавару:
– Хадзем са мной на мінутку. У мяне да цябе вельмі важная справа.
А яна на эта:
– Нікуды не пайду. Мянці тут. Гэта мае найлепшыя сяброўкі, і я ніякіх сакрэтаў ад іх не маю.
Тады я кажу:
– Калі ты ў мяне была, дык пакунак з каштоўнымі рэчамі забрала. Прашу мне яго аддаць.
– Які пакунак? – пытаецца яна. – Нічога пра нейкі там пакунак я не ведаю.
Тады я гавару:
– Добра ведаеш, які пакунак. Гаспадар бачыў, як ты зранку з пакункам з дому выходзіла.
А яна як вызверыцца на мяне:
– Мела я дзесьці там цябе і гаспадара твайго разам! Тожа мне, кавалер знайшоўся! Ні вячэры нават, ні сняданку з’есці не даў! Пакунак у яго знік! Ідзі і шукай!
– Настка! – кажу. – Лепей аддай усё па-добраму, бо буду вымушаны на цябе дакласці.
А яна ўжо проста крычыць:
– Ідзі і дакладай! Я першая закладу, што ты спекуляцыяй займаешся! Тожа мне, чэсны знайшоўся! Пэўна, сам у нейкай кабеты рэчы скраў!
– Рэчы былі мае ўласныя.
– Так, уласныя! – крычыць яна. – Хіба ў бабскіх кашулях і трусах ходзіш!… Калі ўласныя, дык чаму іх пад ложкам хаваў?!
А яе каляжанкі як пачалі сакатаць, як пачалі крычаць і смяяцца з мяне, дык я не ведаў, што і рабіць. Сказаў тады Настцы спакойна:
– Настка, не буду я пра тыя рэчы нікому закладаць, але ты толькі гэтым скажы, што подла са мною абышлася. Не чакаў я ад цябе такога. Ты ж нават таго сабатажніка, якога мы ў кіне на экране бачылі, пашкадавала. А мяне як пакрыўдзіла!
– Яго пашкадавала, – гаворыць, – бо быў ён прыстойны хлапец. А ты што?… Нос як сліва. Вушы тырчком. Малы… пад паху іншаму схаваешся. Да таго ж яшчэ подлы. Нават чаем мяне не напаіў. Марна маё каханне выкарыстаў!
Як пачала яна здзекавацца і смяяцца з мяне, дык вакол нас людзі сабраліся. Некаторыя смяюцца і прызнаюць рацыю саветак. Зразумеў я, што нічога з гэтага не атрымаецца і што зніклі мае рэчы назаўсёды. Пэўна, Настка адразу іх прадала, альбо памянялася з каляжанкамі. Сплюнуў я і пайшоў з кірмаша. На развітанне сказаў:
– Каб табе тыя мае рэчы бокам павылазілі! Каб захварэла цяжка!
А яна крычыць:
– Суку да сябе запрасі, а не парадашную дзяўчыну! Тожа мне, кавалер знайшоўся! Ані кілішка гарэлкі не даў, ані шклянкі чаю нават!