Нядаўна я купіў сабе яшчэ адзін гадзіннік. Але не ў краме, а ў знаёмага Ліпы, таксама рабацягі, якому грошай на гарэлку не хапіла. Цяпер кожны, хто толькі на мяне зірне, адразу бачыць, што важная персона, бо пры двух гадзінніках ходзіць. А як жа! Дужа гэта прыемнае самаадчуванне. Так.
Акрамя таго я маю сапраўдны чамадан, амаль зусім новы, з двума замкамі і медзянымі акоўкамі на рагах. Купіў таксама сабе хромавыя боты англійскага фасону, з раменьчыкамі пад каленам. Нядаўна я апрануўся фасонна і з чамаданам у руцэ з дзве гадзіны перад люстрам стаяў, на сябе глядзеў і наглядзецца не мог. Так, можна сказаць, што на знакамітую асобу выглядаю. Толькі ростам я замалы і нос троху прыплюснуты. Але акрамя гэтага ўсё выдатна! Штаны з французскім галіфэ, з нямецкага сукна пашытыя; боты, англійскага фасону, ільсняцца, як зоркі на савецкім штандары; гадзіннікі швейцарскія: тык-так!… тык-так!… Адзін у кішэні, другі на руцэ. Няма што казаць: гожа прыфранціўся! Вось каб так убраным і з чамаданам у руцэ вараціцца ў Паўлова і пайсці вуліцаю на прагулку! Вось бы людзішкі глядзелі і здзіўляліся! Усё бы мястэчка збеглася, каб мяне пабачыць. Так, высока я зайшоў дзякуючы савецкай уладзе і нашаму ВЯЛІКАМУ Сталіну.
Прыглядаюся я, як жывуць Ліпы, і дужа здзіўляюся. Добра ядуць, чыстыя ходзяць і ўласны дом маюць. Чатыры асобы ў трох пакоях пражываюць. І паўсюль фіранкі, кветкі. А ў адным пакоі я нават сапраўдны патэфон заўважыў. Даю камуністычнае слова гонару, што не хлушу!… Не магу я паверыць таму, што Ліпа чэсным чынам да такіх багаццяў дайшоў! Не, зараз ён рабочы, што праўда, дык праўда. Я пераканаўся. Але каб уся сям’я з ягонай працы магла жыць у такой раскошы, дык у такую байку я ніколі ў глуздым стане не паверу.
Жонка Ліпы мае гадоў каля сарака. Але кабета нічога сабе: тлустая. Спачатку я іхняй старэйшай дачцэ вочкі рабіў. Гожая панна. Юлькай завуць. Высокая, зграбная, цыцкастая і ў азадку мажная як мае быць. А апранаецца як кінаакторка. Нават капялюш часам ускладае і розныя там польты і жакеты мае. А таксама парасон. Нават гадзіннік на ланцужку аднойчы ў яе заўважыў. Вось, думаю сабе, каб мне такую падчапіць! Таму пачаў я ёй какетстваваць. То яе локцем штурхну, то на нагу наступлю праходзячы, то міргну ёй шматзначна… Нашай бы такога адразу хапіла. За гонар бы вялікі палічыла, што чырвоны афіцэр зрабіў ласку яе сваёй увагай удастоіць. А тая ніяк– пысу вароціць. Дык я ёй аднаго разу, пад вечар, дарогу на двор заступіў і кажу вельмі палітычна:
– Можа, пойдзем сёння ў чыгуначны клуб на фільм. Я білет прастаўлю.
– Дзякуй, – кажа яна. – Не цікавяць мяне вашыя клубы і фільмы. Між іншым я бачыла, што сюды вашыя саветкі прыехалі і ў салдацкіх мундзірах ходзяць. Можаце сабе якую з іх запрасіць.
– Не хочаце, – кажу я, – дык і не трэба. Лепшую знайду.
А яна гаворыць:
– Хоць сто адразу.
Адштурхнула мяне і пайшла. Я здолеў бы інакш з ёю паразмаўляць. Хлопцы шмат апавядалі, як з такімі буржуйкамі трэба дзейнічаць. Але я меў паблажку да Ліпы і да ягонага пралетарскага паходжання. Акрамя таго бачна, што ён чалавек такі, што і па пысе ўваліць здолее. А я неяк не дужа люблю, калі мяне па пысе б’юць. Далікатную натуру маю.
1 студзеня - лістапада 1940 года
ВЯЛІКАМУ Сталіну ура! ура! ура!
Пачаўся Новы год. Задумаўся я над тым, чаго б я пажадаў для сябе ў Новым годзе. Дык вось, найвялікае маё прагненне: памерці ў славу нашай святой Расіі, у асобе яе геніяльнага правадыра Сталіна. Уяўляю гэта сабе такім чынам: з’яўляюся смяротна параненым у бойцы з англійскімі крыважэрнымі паслугачамі капіталістаў і ляжу ў шпіталі… Ведаю, што памру, але ведаю і тое, што ўласнаручна забіў некалькі дзесяткаў англійскіх імперыялістаў і здабыў штандар іхняга палка. Так. Дык вось, ляжу і паміраю… Шкода мне развітвацца з жыццём, бо – вядома – ужо і два гадзіннікі маю, і чамадан, і боты хромавыя. Але ведаю, што і пасля смерці, калі наша магутная Расія апануе ўвесь свет і будзе ім кіраваць, сістэматычна ліквідуючы рэакцыйныя элементы – маё імя будзе высечанае залатымі літарамі на мармуровай шыльдзе як імя героя Сусветнага Савецкага Саюзу. Так.
Вось ляжу я і канкрэтна паміраю. Мне прапануюць катлеты ды іншыя такія ўсялякія каўбасы, але я – не… нават увагі на ўсё тое не звяртаю. У гэты момант адчыняюцца дзверы і ў палату ўваходзіць магутна ўзброены атрад НКВД. Атачылі ўсе вокны і дзверы і трымаюць зброю напагатове. Потым з’яўляюцца самі маршалы і генералы, і робяць шарэнгу ад дзвярэй да майго ложка. А я нічога: ляжу і паміраю… Потым… потым… паказваецца ЁН!… Мой правадыр!… Сонца Расіі і свету… Ён… таварыш Сталін… Я зрываюся з ложка, станаўлюся смірна і крычу: “Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!” А ЁН набліжаецца да мяне і кажа:
– Кладзіся, Міхаіл Мікалаевіч. Досыць напрацаваўся ты ў славу нашай святой Расіі.
Сціскае мне далонь і сядае на ложак. Потым дастае з кішэні бутэльку “спецыяльнай маскоўскай” і налівае мне шклянку гарэлкі (сабе таксама) і кажа:
– Вып’ем, таварыш, за згубу подлай Англіі і за здароўе нашага адданага сябра Адольфа Гітлера.
Ну, выпілі, закусілі, а потым ЁН пытаецца:
– Як пачуваешся?
– Паміраю, – паведамляю я, – баценька любы.
– Гэта нічога, глупства, – кажа, – затое імя тваё будзе несмяротнае. Можаш сабе паміраць спакойна.
– Слухаюся, – адказваю я, – правадыр мой любы.
І чую, што паміраю, паміраю і паміраю… у абдымках Сталіна.
Так… прыгожая мроя, аднак паколькі трэба жыць і ўзмацняць нашу вялікую савецкую культуру ў той няшчаснай, заэксплуатаванай польскімі крывавымі панамі Беларусі.
Учора спаткаў я лейтэнанта Дубіна. Ён кажа:
– Прыходзь да мяне ўвечары. Вып’ем. Спаткаем Новы год. Будзе капітан Ягораў і яшчэ некалькі хлапцоў.
– Добра, – кажу.
І пайшоў. Ну, натуральна, прыбраўся адпаведна і парфумы не пашкадаваў. Прыходжу, а там ужо ўсе на месцы і капітан Ягораў таксама.
– З чаго пачнем? – спытаўся ў нас Дубін.
– Вядома з чаго, – адказаў лейтэнант Сініцын.– З гарэлкі пачнем, гарэлкай і скончым.