— Не напирай! — адказвалі тыя, што стаялі вакол хлопца і ківалі на ваганетку з саракапудовай, кагадзе выцягнутай з печы «штукай» металу.
Цэхавы молат засоплена ўздыхнуў, потым выдыхнуў і суціх, даверху схаваўшыся ў парнай аблачыне. Неўзабаве суціх і ральганг, і толькі ля пудлінгавай печы па-ранейшаму штосьці бухала і сярдзіта клекатала. Полымя ў печы набыло барвовую водцень, барва заліла сцяну, на ёй крумкачыным крылом мільгануў імклівы цень, і прасцяг прарэзаў гаўклівы воклік:
— Варум не работайт?!
Упраўляючы завода Нольд, сухарлявы, сярэдняга веку немец, шыбаваў па цэху, а следам за ім, на ладнай адлегласці, спалоханым трухам сунуліся канторшчыкі. Зекры Нольдавы злавесна пукаціліся, сівыя бакі варушыліся ад проймы, і гэта рабіла яго падобным да старога лемура.
— Что стали?! Пропустите лекаря! — крыкнулі канторшчыкі, ды ніхто не зварухнуўся. Рабочыя стаялі, панурыўшы галовы, і на іх спінах ляжала, наліваючыся чарноццем, злавесная палымніца. Знянацку ўсё аціхла. Нішто не бухала, не клекатала, і ў напятай цішыні нарадзілася суворая і мужная песня.
— Вы же-ертвою пали в борьбе ро-ко-вой…
Голас спевака дрыжэў, зрываўся, але з кожным прыдыханнем набіраў моцы; песню падхапілі, і ўжо не адна, а сотні глотак выдыхнулі гняўлівыя словы:
— Подымем мы тяжкий свой молот, собьём им оковы свои…
Рабочыя ўзвалілі напаўжывога таварыша на плечы, панеслі па цэху, і, калі ўпраўляючы, заступіўшы дарогу, закрычаў, каб людзі аціхлі, паветра скалануў гудок і галубы пад дахам, сарваўшыся з месца, гамузам паляцелі насустрач людской грамадзе.
Нікандар Іванавіч Лапахін, фабрыкант з саракатысячным гадавым даходам, прачнуўся раніцой у сваім кабінеце і доўга не мог уцяміць — дзе ён, што з ім і што гэта за жанчына стаяла на тле асветленага акна. Фабрыкант працёр вочы, лыпнуў павекамі і ўбачыў, што поруч, на прыканапным століку, грувасцілася пляшка Pommard’a, якую ён прызнаў быў за жанчыну. Дрыжачая рука намацала пляшку, шурпатыя вусны прыпалі да рыльца, і віно прыемнай цеплынёй напоўніла страўнік.
Фабрыкант задаволена адрыгнуў, расчасаў пяцярнёй злямчаную бараду і толькі тады заўважыў, што спаў не распранены — у новым, прывезеным з Парыжа сурдуце і ў перапэцканых у гліну ботах. Гліна была мандрыкаўская — густая, з чырванаватым адценнем, — а гэта сведчыла за тое, што ўчора ён сустракаўся не толькі з Мацільдай, але і з Кацькай. Нікандар Іванавіч мацюкнуўся, ляпнуў далонню па кішэні, шукаючы партманет, і, нічога не знайшоўшы, стаў сцягваць з нагі юхтовы бот. Бот, аднак, не здымаўся. Ды і важкае чэрава не дазваляла сагнуцца. Фабрыкант счырванеў ад натугі, і ў гэты момант у калідоры нарадзіўся звонкі дзявочы голас:
— Что, папенька, намедни снова накушались? Уж, поди, и черти мерещатся?
— Молчи, дура, — буркнуў пахмельны пакутнік і, успёршы на столік нагу з напаўсцягнутым ботам, загадаў: — Ташшы!
— Кокоток своих попросите. Пусть они вам сапоги стаскивают. Тратите же вы на них по сотне за вечер…
Нікандар Іванавіч рашуча сцягнуў бот, збіраючыся шпурнуць ім у дачку, але Марфа хуценька прычыніла дзверы, пабегла па рыпучых сходах на другі паверх.
— Прости мя, Господи, грешнаго! — пралепятаў Нікандар Іванавіч, перахрысціўшыся на партрэт памерлай жонкі.
Нага ў боце добра-такі ўпрэла, а батыставыя анучы струменілі цяжкі дух. Нікандар Іванавіч калупнуў бруд паміж пальцаў правай нагі, і лоб ягоны прабаразнілі глыбокія маршчакі.
«А сапраўды, колькі ж я ўчора збаёдаў?» — панурая думка пачала блукаць па мазгавых звілінах, не знаходзячы выйсця.
Дзвесце рублёў прайграў у карты Міхельсону, гэта ён добра памятаў. Столькі ж пакінуў у «Канстанцінопалі». А дзе пакінуў яшчэ паўтысячы — пра тое сонная памяць маўчала. Лапахін уздыхнуў, са скрухай падумаў, што дзве ўтрыманкі — відочны перабор, і вырашыў больш з імі не сустракацца.
У верхнім пакоі зайграў раяль. Выдаў пару акордаў, аціх, сходы зноўку рыпнулі, і ў дзвярах паўстала цыбатая постаць князя Звездзіча — дваццацігадовага Марфінага кавалера.
— Может, Никандр Иваныч, за сельтерской послать аль огуречного рассолу принести? — кавалер іранічна ўсміхнуўся і, лізнуўшы палец, стаў гартаць кнігу, якую трымаў у руках.
Увесну маладога князя выгналі пасля студэнцкіх хваляванняў з універсітэта, і цяпер ён дзень пры дні тырчаў у Марфы. Спяваў рамансы, чытаў вершы, маляваў Марфіны партрэты, але ў кабінет гаспадара завітваў толькі тады, калі трэба было прымірыць дачку з бацькам.
Лапахін сцягнуў бот з левай нагі, збіраючыся годна адказаць абібоку, ды нечакана страсянуў віслай чупрынай і ўзняў угору ўказальны палец. За акном, напалову захінутым лапушыстай манстэрай, нарадзіліся няўцямныя зыкі, якія праз хвілю ператварыліся ў раскацісты пошчак.
— У Михельсона, похоже, вновь шалят, — з задавальненнем у голасе прамовіў Лапахін, ідучы да акна.
За звонкай шыбай, у сутонні шэрага дня, мільгалі сінія казацкія фуражкі і ўвішныя конскія капыты гучна білі па бруку.
Міхельсонаўскі завод быў самым бунтоўным у губерні, і казакі гойсалі туды ледзь не штодня. І хаця ўчора, калі гулялі ў карты, Міхельсон выхваляўся, што перасадзіў усіх бунтароў, гэта, як бачна, не дапамагло.
Пазіраючы на казакоў, Лапахін пацёр далоні, ды, перахапіўшы гуллівы позірк Марфінага кавалера, сумеўся, зварухнуў барадой:
— Что у вас за книга?
— «Социальный переворот». Сочинение господина Каутского, — адказаў князь, перагарнуўшы старонку.
Сказана гэта было з лёгкай іроніяй, маўляў, літаратура не для простых глуздоў, і Лапахін, не прызвычаены да такіх абыходзінаў, каўтнуў прыпраўленую жоўцю асцу.