Не перавёўшы дыху, сталі цягаць майно ў недабудаваны гараж, потым, страшэнна стомленыя, пілі прывезенае прапарам «Амарэці», і скончылі піць апоўначы, калі Манькін, голасна ікнуўшы, панурыўся галавою ў кучу габлюшак.
— …А зараз віншаванні васьмідзесяцігадовым юбілярам…
У калідоры скрыгатнуў ключ, рыпнулі завесы, гучна бразнулі малочныя бутэлькі. Гэта маці вярнулася з крамы.
Кожную нядзелю было адно і тое ж: пахмельная замарач, васьмідзесяцігадовыя юбіляры, бразгат малочных бутэлек уперамешку з матчыным бурчаннем і зыркім святлом, што лезла, працінаючы жоўтыя шторы, не толькі ў вочы, але і ў душу. Атрутная жоўць выцягвала духі, а між тым вочы прасілі васільковага неба, азёрнага блакіту; душа прагнула спачыну і Макар, падумаўшы, ці не з’ездзіць яму да дзядзькі, з вохканнем падняўся на ногі.
Увесь час, пакуль піў ваду з чайніка, маці стаяла пасярод кухні, з маўклівым дакорам хітаючы галавой. Чакала, відаць, што сын скажа нешта ў сваё апраўданне, а калі сын выцер вусны, плаксіва прашаптала:
— Ужо і рукі трасуцца…
У прыбіральні Макара хіснула, ён абапёрся рукой на трубу і доўга глядзеў пад ногі, дзівуючыся аб’ёму вадкасці, што назапасілася ў мачавым пухіры.
— Дома будзеш ці пойдзеш куды? — запыталася маці.
Макар зайшоў у спальню, зірнуў пад ложак, шукаючы штаны. Не ўздымаючы вачэй, прамармытаў:
— Да дзядзькі паеду.
Як на здаровую галаву, дык ён бы падумаў, перш чым сказаць такое, а тут ляпнуў, прыкусіў язык, ды было позна. Маці схамянулася, паправіла на галаве хусцінку, усё тым жа плаксівым голасам праспявала:
— Мака-арка… Ты ж гэнага вазьмі-і…
«Гэным» маці называла свайго зяця.
— Ат! — адмахнуўся Макар, падымаючыся на ногі, — хай з ім Тамарка разбіраецца. У мяне сваіх турбот…
— Вазьмі, — перабіла маці, — год прашу… хоць бы раз матку ўважыў.
Слухаць такое, ды яшчэ з бадуна, было смерці падобна. Таму Макар спехам насунуў спартовыя шаравары, — джынсы, у якіх быў учора, некуды зніклі, — прыхапіў пару тысячаў і, перакрывіўшыся ад бразгату вядра ў прыбіральні і матчынай звягі: «Ізноў засцаў падлогу!», выбег з кватэры.
Ліпеньскім ранкам, калі сонца пячэ як мае быць, калі ўваччу пырхаюць чорныя мятлікі, а сэрца працуе на халастых абаротах — самы раз памерці. Трэба толькі сысці з ходніка, паваліцца на колкую траву пад таполяй і-і… — бывай, душа, ляці ў іншасвет! Душа адляціць, а ты будзеш ляжаць — нерухомы, з задзёртай калашыной, — і калі цень ад таполі перапаўзе з сіняй лыткі да загарэлага плеху, на ходніку спыніцца сухарлявая бабуля. Яна стане на дыбачкі, страсяне пустой сумкай, а каржакаваты, крыху падпіты дзядзька, які будзе ісці міма, сіпла зазначыць: «Зараз мянты абудзяць». Мянты з’явяцца адвячоркам, калі памутнелае сонца схаваецца за дахам суседняга дома. Малады міліцыянт рашуча схопіцца за сінюю лытку і нечакана адхінецца, зачапіўшыся фуражкай за вецце. Вакол дрэва пачнуць збірацца людзі, і чырванатвары сяржант, нядобра зырнуўшы на натоўп, кароткім мацюгом канстатуе: «Канец».
Макар ужо збіраўся паваліцца пад куст, бо свет забрыніў уваччу і слых напоўніўся замарачным шумам, ды, угледзеўшы пасярод вуліцы двух хлопцаў з піўнымі торбамі, з адчаем у голасе крыкнуў:
— Дзе даюць?!
— У «камсе»! — адказалі хлопцы і Макар, змахнуўшы ліпкі пот з лабаціны, зразумеў: ад смерці яго можа ўратаваць глыток халоднага піва.
Вуліца, па якой шыбаваў небарака, з аднаго боку была застаўлена шэрымі пяціпавярховікамі, а з другога боку панаваў прыватны сектар — з курамі, сабакамі, збуцвелымі агароджамі ды водаразборнымі калонкамі. Макар абмыў пад калонкай разамлелы твар, і скіраваў у двор універмага «Камсамольскі». У двары было цёмна ад народу. Рабацягі з навакольных дамоў (усе скрозь у лінялых «спарціўках»); вайсковыя пенсіянеры (у тэпцях на голую нагу і ў пакамечаных капронавых капелюшах); хлопцы-пэтэвушнікі (іхныя стрыжаныя патыліцы прыкметна вылучаліся на тле загарэлых лысін) і, нарэшце, мясцовыя алкашы (з тварамі, такімі ж шэрымі, як хлапечыя патыліцы і такімі ж пакамечанымі, як пенсіянерскія капелюшы) шчыльным колам атачалі піўную бочку. У паветры пахла нейкай брыдой — ці то прэлымі шкарпэткамі, ці то кашэчымі сцакамі, і ад гэткага паху ў прадонні Макаравай душы зварухнулася свярблівае жаданне — шпурнуць у натоўп падораную прапарам асколачную РГД, ці, у крайнім выпадку, заехаць якому алкашу кулаком між вачэй. Жаданне было такім палкім, што Макар скрыгатнуў зубамі і пацёр пераноссе, згадваючы — куды ён падзеў гранату?
Натоўп бязладна гаманіў, варушыўся, і дзесьці ў самых нетрах ягоных чуўся прарэзлівы голас суседкі — алкагалічкі Нінкі Пятлюры.
— Ніна! — крыкнуў Макар, склаўшы рупарам далоні, але тая, да каго звяртаўся, не пачула.
Краем вока Макар згледзеў у канцы двара драцяную скрыню, на якой сядзеў сівы дзядок, і, падышоўшы да старога, падняў таго за плечы.
— Нінка, йо..! — крыкнуў Макар другім разам, глянуўшы на натоўп з вышыні драцяной скрыні, і Нінка, міргнуўшы падбітым вокам, незадаволена адгукнулася:
— Ну шчо тобі?
Макар, дэманструючы недарэчнасць такога пытання, развёў рукамі.
Людская грамада захваляваліся. Хтосьці здушана войкнуў, з нечай лысай галавы зляцеў капялюш, і Нінка, віскнуўшы, як цыркулярка, скаланула абшар уладарным воклічам:
— Шчо ты став, як хер моржовы?! Гроші давай.
Паперка з чырвоным зубрам паплыла над галовамі, Макар праводзіў яе ўстрывожаным позіркам, нервовай хадою прайшоўся ў бок універмага, сцепаючыся ад кожнага мацюга, што вырываўся з натоўпу. Мацюгі тыя з кожнай хвіляй рабіліся ўсё больш рашучымі ды істэрычнымі.