— Можа, у хату зайдзеш? — няўпэўнена запрасіла Маруся, хоць і ведала, што Пятро Клімаўскі ад пачосткі адмаўляецца. Але ж і пакрыўдзіцца можа, што мала заплацілі: неяк дужа спакойна, як курэц папяросу, узяў ён грошы.
— А не трэба! — адрэзаў Пятро, быццам яму абрыдлі ўсякія такія запросіны. Шырокімі крокамі падышоў да трактара, лёгка скочыў у кабіну, быццам яго спружына падкінула, і, развярнуўшыся, пакаціў у напрамку фермы.
— Чорт ім уладзіць,— прабурчаў сабе пад нос Залога.— Абрыдзелі гэтыя трактарысты-матарысты... Гаспадары!
Ён акуратна скруціў вяроўку, зачапіў яе пятлёю за частаколіну.
— Куды будзем складаць? — спытаў у жонкі.
— У сянніцу. Я старое з дна адабрала... з ношкі дзве было, ускінула на вышкі.
— Ці ёсць што папіць? — Адчуў, у горле перасохла, ажно балюча глытаць.
— Бярозавіку слоік дастала з пограба... ледзь не забілася, абшаснулася з лёсак.
— Трэба табе.. Сам бы злазіў.
Залога любіў бярозавік, і Маруся хацела яму ўладзіць. Яны кожную вясну ставілі бярозавік, у Шарыпчынай Грыве. Далекавата. Але пі шмат ім трэба таго бярозавіку? Вёдраў дзесяць якіх. Памаленьку наносяць у бочку. Усыплюць туды падсмажанага на патэльні аўса, скарынак хлеба накідаюць. А як закісне бярозавік, пераліваюць яго ў трохлітровыя слоікі — даўжэй стаіць, лічы, цэлае лета. Рэзкі, халодненькі. Вып’еш — і амалодзішся гадоў на пяць. Што застаецца ў старасці — адно суцяшаць сябе?
Залога цяжкаю хадою пасунуўся ў сенцы. Там на лаўцы стаяў вільготны слоік з бярозавікам. Ён узяў слоік і, баючыся, каб не выкаўзнуўся з рук, стаў піць набгом, аддзімаючы белыя крупінкі бросні. Цурочак праліўся яму на грудзі. Аддыхаўшыся, Залога павесялеў: «От, брат, напугаўся!»
Маруся на вуліцы з некім гаманіла. Прыйшла Чачорка. У руках яна трымала вілкі з крывым доўгім вілачнікам.
— Ці прымеш, Данілавіч, у падзёншчыкі? — заўсміхалася Чачорка яму. Яна невысокая, паўнаватая, але твар маршчыністы, сухі, як спечаны. Між парэпаных вуснаў жаўцізною свецяць шчарбатыя зубы, і такі рот больш за ўсё старыць Чачорку. Сапраўднае яе прозвішча Чачора, але за пранырлівасць атрымала мянушку — Чачорка.
— Падсоб, падсоб,— лагодна сказаў Залога, не першы раз прымаючы дапамогу ад суседкі.
— Ну ў Марусі ж, жаліцца, ногі баляць...
— Я палезу таптаць,— сказала Маруся: не магла ўявіць, што сена ўпарадкуюць без яе.
Гледзячы, як Чачорка ёмка падчэплівала вілкамі сена, брала на плячо і несла амаль не згінаючыся, Залога дзівіўся: «Якая яна працавітая, гэта выпетраная маленькая жанчынка!.. Глянеш — здаецца, вецер садзьме, а па сіле не кожны мужчына справіцца з ёй».
У сянніцы, мабыць, было душна і пыльна, бо Маруся раз за разам гучна чхала: «Аа-а... эсь! А-а... эсь!»
Чачорка пасмейвалася сама сабе.
Набегла курэй, грэбліся каля сена, шукалі абцярушанае насенне, жучкоў і кузурак. Чорны з агністым хвастом певень плахтаў, знайшоўшы спажыву,— падбягала кура, і ён чарціў вакол яе пруткім рыфленым крылом. Курэй на гарод не пускалі, і тут, на пахучай сянной трасянцы, ім была вольніца. Яны таўкліся пад нагамі, і Залога замахваўся на іх вілачнікам. Яны адскоквалі, узмахам крылаў паднімаючы пацяруху.
— Глядзі, каб хмара вунь не зашчучыла,— сказала Чачорка і кіўнула на неба — за гароды.
— Цяпер няхай...— усміхнуўся, але без радасці ў голасе сказаў Залога.— Сена ўкрылі. Табе дзякуй, што падсобіла...
— Неблагая я суседка, Данілавіч, праўда? — прыкрыла далонню шчарбаты рот Чачорка, радая, што Залога ацаніў яе старанне.
— Лепшай і не знойдзеш! — падахвоціў яшчэ больш Чачорку Залога. Умеў ён гэта рабіць і ведаў, што трэба чалавеку за яго ласку гаварыць добрае слова.— У мяне захавалася калінавая настоечка... Такой суседцы не грэх і наліць.
— Не трэба мне, Данілавіч.— Чачорка засяроджана падграбала граблямі рэшткі сена — на зямлі аставаліся роўныя палоскі, якія куры тут жа забэрсвалі.
— Я думаю пасля абеду ў раён пад’ехаць, дык...
— Ну мы ж тут блізка, суседзі, нідзе не дзенемся,— сказаў Залога, намякаючы Чачорцы, што на адплату ён не забудзе, калі-небудзь і ёй падсобіць.— А што ты ў горад? — Лезці з роспытамі да людзей Залога звычайна не любіў, але ён тонка адчуваў, калі чалавеку якраз прыемна будзе выспавядацца, нечым пахваліцца.
— Ціплят паеду купляць, інкубатарных...
— І ты гаспадарку заводзіш?
— Ай, Данілавіч, жыць жа трэба... Во Люся мая кажа, хлопца знайшла, можа, замуж пойдзе... А так бы...