X
Перад тым як ісці на сядзібу касіць, Залога дачакаўся пошту. Адразу разгарнуў раёнку. На другой старонцы вялікімі літарамі было напісана: «Пісьмы чытачоў». Пад імі ён і адшукаў сваю заметку. Яе скарацілі, перапісалі, але «соль» засталася яго — трывога за помнік. Ніжэй маленькімі чорнымі літаркамі быў набраны каментарый ад рэдакцыі. Залога прабег яго вачыма. Іці твае пяты! Тое ж самае, што яму гаварыў Лашкоў. І атрымліваецца, што помнік у Залівонаўцы сапраўды непатрэбны. Дык што ж рабіць і куды кінуцца?
Залога сеў пад хатаю на ўслончык, закурыў. Ён разгубіўся ўшчэнт. Але ніякай макулінкі сумнення, што памыляецца, нечага не разумее, у яго ўжо і блізка не было. Апошнім часам ён толькі і думаў, што свайго дабіўся, помнік выратаваў. Няўжо ён так закарэў душою, выпетрылі яго мазгі, што не разумее простых рэчаў?
Яму ўспомнілася, як мураваў гэты помнік. Недзе напрыканцы вясны і летам 65-га. Пра задуму ўстанавіць помнік першы яму сказаў Вілюхін, дырэктар школы. У Залогі нават думкі не ўзнікла, патрэбен помнік у іх Залівонаўцы ці не,— тады неяк шмат пачалі ставіць паўсюдна комплексаў, стэл, манументаў. Яму, удзельніку вайны, гэта вельмі падабалася, уяўлялася зусім правільным і неабходным.
Ён, не раздумваючы, згадзіўся змураваць помнік, хоць вопыту і навыкаў у гэтай справе ў яго зусім не было. Ён хадзіў у адмысловых печніках, мог яшчэ заліць падмурак пад хату, зацэментаваць двор, выкласці пограб ці яму пад бульбу.
За праектам ездзіў аж пад Бабруйск; там у адной вёсцы зняў чарцёж з помніка, распытаў, колькі трэба цэглы, цэменту. Сказаў Вілюхіну, той паклапаціўся, каб прывезлі; дырэктар таксама не сядзеў злажыўшы рукі — за саджанцамі (кустамі ружаў і язміну) злётаў на калгаснай машыне ажно ў Мінск, у нейкі там шыкоўны гадавальнік. Са сшыткам у руках удвух абышлі ўсе вёскі калгаса, запісалі, хто ў каго загінуў, зверылі звесткі ў ваенкамаце.
Іх Залівонаўка тады проста расцвітала. Ён мураваў помнік, а электрамантажнікі цягнулі лінію. Весела жылося!
Неяк падпітыя электрамантажнікі падышлі да Залогі.
— Ты, дзядзька, нам ужо помнік за асаблівыя заслугі ставіш? — пажартаваў адзін з іх, высокі, смуглы і тым адметны, што чорныя бровы зрасліся на пераноссі, як у цыгана. Ён ці не заляцаўся да Танькі Клімаўской.
— Вы самі сабе помнікаў наставіце! — Залога намякаў на тое, што хлопцы пазаводзілі ўжо сабе дзевак, адзін ці не прыстаў нават у прымы.
— Ты, дзядзька, я бачу, усё ведаеш,— не пераставаў куражыцца смуглаваты электрамантажнік.— А вось скажы-ка ты мне, дзе цяпер Гітраль?
Ці наўмысна, ці ад таго, што язык заплятаўся, не вымавіў правільна слова электрамантажнік, чым і запомніўся Залогу, і няраз ён успамінаў пасля гэты выпадак з усмешкаю.
Залога не захацеў здацца нязнайкам, цёмным, таму і адказаў на поўным сур’ёзе:
— У зямлі — дзе ж ён... Апазналі ж труп недалёка ад рэйхканцылярыі...
— Ха! Вось ты і не знаеш,— усклікнуў радасна электрамантажнік,— ён — у Амерыцы!
Залога разгубіўся. Астатнія хлопцы зарагаталі, і Залога не зразумеў, яго падкузьмілі ці, можа, і праўда новыя звесткі ёсць пра смерць Гітлера. Заняўся ён гэтым помнікам, ні газет не чытаў, ні радыё не слухаў.
Помнік ён адштукаваў хутка. Яму дапамагалі сыны — капалі пясок, насілі ваду, мяшалі раствор. Ён толькі гаварыў, у якіх прапорцыях сыпаць пясок і цэмент. Сыны, Коля і Юрка, стараліся, і яму было радасна; яны нават і не падазравалі, што праз нейкія пару гадоў лавачка каля помніка стане ўлюбёным месцам іх зборні — гулялі, спявалі, расказвалі, марылі...
Тады і думкі не магло паявіцца, што помнік гэты ў яго, Залогі, на вачах будуць рушыць, што ён стане непатрэбны. Ну, добра, колісь крышылі, ламалі цэрквы, каплічкі, старыя мануфактуры і заводзікі. Недалёчка, каля Сажа, была цагельня нейкага Шая-Яхніна, ці то немца, ці то чэха,— як бы яна прыдалася і цяпер, калі разгарнулі будоўлю і на кожным кроку патрэбна цэгла, але зруйнавалі перад вайною, расцягнулі па кафельцы. Застаўся адно падмурак ды некалькі здзічэлых ігрушын.
І цяпер, пракручваючы ў памяці ўсю гэтую даўніну, Залога чуў у грудзях боль — прыемны і востры адначасна.
Ён не знаходзіў сабе месца.
Рукі не хацелі трымаць касы, пакосчык пройдзе, і — замлелі. Такога з ім яшчэ ніколі не было. Ён спалохаўся гэтай сваёй слабасці. Садзіўся на траву, адпачываў. У грудзях торгалася сэрца, ад поту прамокла кашуля, ліпла да спіны. Даўгахвостая пустальга завісла ў сінім небе, трапятала, як жаваранак, на адным месцы, час ад часу падаючы прарэзлівае «кі-лііі», і ён уздрыгваў.
Маруся разбівала граблямі пакосы, з трывогаю паглядваючы на мужа: ці не захварэў, ці не «радзіяцыя» падкасіла. Ён не прызнаваўся, што ў яго ў галаве: не хацеў лішняга гвалту.
Ледзь скасіў тыя васемнаццаць сотак. Скасіў без радасці і смаку, якія заўсёды спадарожнічалі яму на касьбе.
І не толькі ў яго, ва ўсіх людзей не было на душы радасці. Збіралі на адпраўку дзяцей. Прыязджала з раёна «хуткая дапамога» — правяралі ў дзяцей скуру, валасы. Наўрад ці быў хто з залівонаўскіх дзяцей у піянерскім лагеры, дык во гора прымусіла паехаць. Каторыя сем’і, праўда, не далі згоды — маўляў, паедуць да сваякоў у бяспечныя мясціны. На гэта забароны не было.
Складзеную ў некалькі столак (як колісь на цыгаркі), Залога насіў раёнку ў сподняй кішэні пінжака. Тады-сяды вымаў яе, перачытваў заметку: можа, не ўчытаўся, нешта прапусціў, не зразумеў. І калі ён, седзячы на пакосе (сушыў сена), можа, пяты раз чытаў раёнку, да яго прыбег задыханы, белы Вілюхін. Ён не мог вымавіць слова, толькі кырхаў і каўтаў.
— Д-данілавіч... Кхы-кхы... Клімаўскі-кы п-помнік... Кхы! — р-рушыць...
Залога падхапіўся, быццам пад ім у пакосе заварушылася гадзюка.
— Ж-жонка ў гы-горад ез-здзіла, ішы-шла ад шашы...
— Ды бляха ж муха!..— мацюкнуўся Залога і, згамтаўшы газету, кінуў на зямлю.— Пайшлі! — сказаў ён рашуча.— Я за сябе не ручаюся...
— Я-я, Д-данілавіч, не мы-магу... Пр-рабач, ледзь д-дабег...