- Ты помніш сваю першую сёмгу на Умбе? - спытаў Шкляр, калі Віктара ў чарговай размове зноў дастаў Посух: "Мы чакаем вершы пра Леаніда Ільіча", - і Віктар, сустрэўшыся са Шклярам у більярднай Дома літаратара, прапанаваў яму выпіць, а калі выпілі, той сам загаварыў пра ягоны выступ на з’ездзе, пачаўшы са згадкі пра рыбалку. - Дык вось там была насамрэч рыба! А зараз не ведаю, што ты зловіш.
- Ты ж казаў, што мне выйгрышная карта прыйшла.
- Казаў, бо Ганна папрасіла: "Вы яго толькі не адгаворвайце". Дык я і падумаў тады: навошта мне?..
- А цяпер адгаворваеш?
- Не. Цяпер думаю. А думаць фосфар дапамагае. Я сёння выйграў, так што можам у рэстаране сёмгай закусіць. Толькі кій забяру, каб які-небудзь лох не збіў прыцэл. Тое, што для цябе дарагое, нельга пакідаць нідзе і нікому.
Шкляр не пакідаў кій нідзе і нікому не толькі таму, што асцерагаўся, каб "які-небудзь лох прыцэл не збіў". Каб шафт не паламалі ці фірменную, якой ён свае ўнікальныя эфы закручваў, набойку не сплюшчылі. Паэт Алег Шкляр калі й любіў нейкія рэчы, дык выключна вертыкальныя: рыбацкую вуду, паляўнічую стрэльбу, більярдны кій… "Імі, - казаў ён, - можна пісаць на вадзе і паветры".
Рэстаран Цэнтральнага дома літаратара далёка не ўсім літаратарам быў па кішэні. Большасць з іх прагульвала свае выпадковыя, найчасцей газетныя ганарары ў верхнім бары ці ў ніжняй кавярні, у якой Віктар са Шклярам і выпілі. У більярднай побач з кавярняй Шкляр не проста шары ганяў, а жыў, адыходзячы дахаты толькі паспаць. За тыя грошы, якія выйграваў, часцяком сканчаючы партыю з кія, б’ючы і трыплеты, і картбаны, а зусім не за ганарары ён і закусваў у рэстаране сёмгай, палавіць якую дзесяць гадоў таму прапанаваў Віктару ў рацэ Умбе на Кольскай паўвыспе.
У рэстаране ніхто не цясніўся, людзей было мала. Можна сказаць: зусім не было. На другім паверсе сядзеў у адзіноце паэт Юры Каваль, а на першым, у дубовай залі - Круча з кампаніяй. Зрэшты, Круча з кампаніяй - гэта не так і мала. "Нас многа, нас, можа, чацвёра", - як напісаў адзін з іх у вершы, прысвечаным Бэле, паэтцы і колішняй жонцы Кручы, якую ўсе яны ці то некуды праводзілі, ці аднекуль сустракалі.
- Бэла ў Лондан едзе, - хуценька сказаў на маўклівае пытанне Шкляра афіцыянт. - У нейкі клуб. Дык Дзіна, - кіўнуў ён у бок Кручы і кампаніі, пятай у якой была жонка скульптара Стругавога, - адносіны высвятляе. Чаму ўсім ім можна за мяжу, а ёй не?..
Яны, сам Круча, Андрэй Вышэнскі, Роберт Ружэвіч, Бэла Ахметава, былі неверагодна знакамітыя. Не менш, чым галівудскія акторы ці алімпійскія чэмпіёны. У Лондане быў нават клуб фанатаў Ахметавай, да якіх яна, пэўна, і ехала. "Фут-ба-ліст-ка", - цадзіў пра яе не прыстроены ні да якіх клубаў паэт Каваль, які зараз пахмурна глядзеў з веранды другога паверха. Ён імгненна ўскіпаў, калі размова заходзіла пра некага з гэтай чацвёркі: "Паэт не можа мець футбольнай славы!" - "А калі ён займеў яе?.." - пытаў Віктар, якому якраз такой славы і не хапала. "А калі займеў, значыць, не паэт". - "А хто?.." - "Блазен!" - адразаў Каваль і гразіў ніколі болей ніводнага верша Віктара не перакласці, "няхай цябе блазны перакладаюць!"
Паэт Юры Каваль меў дар не меншы за дар Шкляра, хоць Шкляр казаў, што Каваль усё - нават свіст ветра - у яго перапісвае. Таму, калі Шкляр, вітаючыся, махнуў Кавалю кіем, той нават брывом не зварухнуў у адказ.
- Алег! Віктар!.. - падняўся з-за стала заўсёды гасцінны Круча. - Давайце да нас! Бэлу праводзім, заўтра ў Лондан едзе.
Віктару хацелася дагаварыць са Шклярам сам-насам, але не падысці нельга было, і калі падыходзілі, Віктар убачыў, як у калідоры, які вёў з рэстарана ў бар, прамільгнуў, невядома скуль узяўшыся, дырэктар антыкварнай крамы 300-й секцыі. Гэта не здзівіла, гандляроў у рэстаране Дома літаратара заўсёды было не меней, чым паэтаў, але дырэктар антыкварнай крамы быў не звычайны гандляр, і Віктару падумалася, што ён тут не выпадкова.
- Ты можаш кіем Каваля з веранды дастаць? - спытаў Алега, калі яны падышлі да стала, Круча. - А то запрашаем-запрашаем - дазапрасіцца не можам. - І пацікавіўся ў Віктара: - Ты дзе прападаеш? У більярднай са Шклярам жывеш?
Шкляр нервова павёў носам.
Алег не гразіў, як Каваль, што ніколі болей ніводнага верша Віктара не перакладзе, але да сяброўства ягонага з Ягорам Кручаненкам, Кручам, адносіўся стрымана. І Віктар падазраваў, што праз рэўнасць. Дзіўна, але жанчын сваіх, нават жонку, Шкляр ні да каго і ніяк не раўнаваў, а вось сяброў - яшчэ як! Тым больш да такой знакамістасці, як Круча.
Старэйшы і за Віктара, і за Шкляра, Ягор Кручаненка быў лідарам таго пакалення, якое называлі пакаленнем "шасцідзясятнікаў", і якое вывела паэзію на стадыёны. Гэта быў фантастычны час: уся краіна ад Сахаліна да Масквы і Брэста сцялілася пад ногі паэтаў літаратурнымі падмосткамі. Людзі тысячамі йшлі слухаць вершы - гэтаксама, як прыходзілі глядзець футбол ці хакей. І хоць Каваль казаў, што ідуць яны не на паэзію, бо паэзіі на стадыёнах быць не можа, сам ён таксама стаяў перад трыбунамі стадыёнаў і быў імі любімы. Праўда, не так, як Круча, і ў тым была праблема. Не толькі ў Каваля - у Шкляра таксама. І яшчэ ў многіх і многіх паэтаў, якія, называючы Кручу з ягонай кампаніяй эстраднікамі, штукарамі, блазнамі, як бы баранілі чысціню паэзіі, а насамрэч люта зайздросцілі ім.
Пазней, калі час гэты скончыўся, шасцідзясятнікі зайздросцілі самім сабе. Што ж, калі ты хоць аднойчы адчуў тыя пульсацыі, тую энергетыку тысяч людзей, якая, наскрозь пранізваючы цябе, касмічным ветрам ляцела на сцэну, калі ты пастаяў на тым ветры, удыхнуў наркатычнае паветра стадыёна, які адгукаўся табе то цішынёй, то гулам, то громам, ты ўжо нічога больш пранізлівага не адчуеш, не ўспомніш, не знойдзеш у памяці нічога, што магло б раўняцца з тым ветрам, з тым гулам, з той цішынёй. Усё гэта разам з мільённымі накладамі кніг і літаратурных часопісаў, з дэбатамі ў інтэрнатах і на інстытуцкіх вечарынах, з неверагодным, бо было самым нечаканым з усяго, што не чакалася, адчуваннем свабоды называлася адлігай - і талай вадой сышло разам з ёй.
Віктар быў агаломшаны, упершыню пачуўшы Кручу, Вышэнскага, Ружэвіча, Ахметаву на стадыёне ў Лужніках. І хоць ён спазніўся, бо пазней за іх нарадзіўся, у шасцідзясятнікі, але ўсё ж паспеў, дзякуючы Кручу, адчуць тое, што адчувалі яны.
"Зямляк! - моцна, нібы даючы зразумець, што сёння спаткаўшыся, заўтра яны не развітаюцца, абняў яго пры знаёмстве Круча. - Я таксама беларус, мая бабка з Палесся". І хоць Круча, які называў сваю беларускую бабку Ганну "бабуляй усяго свету", кім толькі ні называў сябе самога, ён сапраўды па-зямляцку падаў руку Віктару, тады яшчэ амаль хлапчуку, усцягнуўшы яго на прыступку апошняга вагона цягніка стадыённай паэзіі, у якім Віктар хоць і не ад Сахаліна да Брэста, бо цягнік ужо сыходзіў са свайго часу, але некалькі станцый паспеў праехаць. З ветрам, як у вершах Каваля.
- Маргер! Ты ім вершы прачытай, якія да партыйнага з’езда напісаў, - раптам цяжка, як валун уніз кінуў, прамовіў Каваль. - Ім спадабаецца. Яны пра гэта якраз, пакуль цябе не было, гаварылі. У якое ты лайно ўліпнуць можаш.
У голасе ягоным не было зайздрасці - ды Каваль і не мог гэтаму зайздросціць. Калі Вышэнскі напісаў: "Нас многа. Нас, можа, чацвёра", - Каваль напісаў: "Я адзін!" І ўвесь ён быў у гэтым.
Зрэшты, як і Шкляр.
- Што вы такое прыдумалі, Юры? - плаўна ўскінула галаву на вытанчанай шыі Ахметава, якая, пабойваючыся Каваля з ягоным характарам, заўсёды звярталася да яго на вы. - Мы размаўлялі зусім пра іншае. Андрэй, праўда, сказаў, калі Віктар увайшоў: "Вось і з’ездаўскі паэт", - але нічога болей. Тым больш пра…
Пра лайно яна, пачырванеўшы, не вымавіла.
Віктар не бачыў, ці пачырванеў ён, але кроў, якая прыліла да твару, адчуў.
- Няхай прачытае! - не сунімаўся Каваль. - Я паслухаю. Ад часоў Сталіна з’ездаўскіх вершаў не чуў.
Што яго сёння - ды яшчэ аднаго - сюды прывяло? Ці хто прывёў? - чамусьці ўспомніўся дырэктар антыкварнай крамы, які сышоў, убачыўшы Віктара са Шклярам, у бар.
Каваль не быў хадаком па рэстаранах. Ён калі ўжо запіваў, дык не меней як на трое сутак, і што яму тры гадзіны ў рэстаране? Да таго ж ён меў жонку татарку, праз якую ўсе яму зайздросцілі, бо яна трывала любыя ягоныя капрызы, выконвала, як тая рыбка залатая, любыя жаданні: басанож па снезе магла ў краму пабегчы, калі ён прачынаўся сярод ночы, што з ім здаралася, і кідаў: "Выпіць!"
Ён і цяпер быў нападпітку, Каваль, але раней нават п’яны нічога такога ў адносінах з Віктарам сабе не дазваляў, наадварот, бараніў яго ад нападак, і Віктар падумаў, слухаючы, як голас Каваля пульсуе разам з крывёй у скронях, што калі зараз дараваць яму, дык ніколі ўжо іх адносіны не выраўняюцца, так і будзе Каваль глядзець на яго з другога паверха, а Круча, Вышэнскі, Ружэвіч, Ахметава, Шкляр будуць ведаць, чаму ён зверху глядзіць, значыць, гэтага нельга дапускаць, нельга зараз яму прайграць, і Віктар не прыдумаў нічога лепшага - ускінуў, пастараўшыся зрабіць гэта плаўна, як толькі што зрабіла Ахметава, галаву і стаў чытаць напісаны да з’езда верш, чуючы шорхат лёду, у якім патанае ягоны голас, і Каваль не даслухаў яго: "Хто пераклаў? Шкляр ці Круча?.." - паспрабаваў дастаць ён яшчэ і Шкляра з Кручам, але перш чым тыя паспелі што-небудзь адказаць, Ружэвіч прагаварыў ціха: "Мутня якая…" - на што Каваль ускочыў, ледзь парэнчы веранды не абламаўшы: "А што ў вас не мутня?.." І працытаваў Ружэвіча: "Па нацыянальнасці я савецкі" - не мутня? - І тут жа, ён дзеля гэтага, мусіць, і справакаваў Віктара на з’ездаўскі верш, каб "залатую чацвёрку" дастаць, успомніў радкі Кручы: "Считайте меня коммунистом - вся жизнь моя скажет вам!" - не мутня?.. А "На все вопросы отвечает Ленин" - перакінуўся ён на Вышэнскага, - не мутня?.. - Дык чаго вы тады да Маргера прычапіліся? - гаркнуў ён зверху ўніз, хоць ніхто, апроч яго, да Віктара не чапляўся.